Алег Хаменка: «Сьвятыя людзі — жыве Беларусь» (аўдыё)
4807 / 0
24.05.2016

Алег Хаменка: «Сьвятыя людзі — жыве Беларусь» (аўдыё)

Сябра журы «Засьпявай 3.0», лідэр гурту «Палац» з надзвычайнай увагай і павагай паставіўся да тых, хто даслаў сваю заяву на конкурс. Выбар найлепшых для яго быў складаны, бо вартых увагі песень апынулася куды больш.

Эмоцыя, вынесеная ў загаловак была першай пасьля праслухоўваньня песень да «Засьпявай 3.0». І «Жыве Беларусь!» тут ня як дэвіз, а як сьцьверджаньне. Я вырашыў праслухаць кожны твор без скарачэньня — ад пачатку да канца і праз паўзу асэнсаваньня. Скажу шчыра: некалькі разоў пашкадаваў пра гэтае рашэньне і прынцыповасьць. Але, на мой погляд, так варта было зрабіць, ну хоць бы з прычыны шчырай павагі да тых, хто спрабуе сьвядома думаць творча і па-беларуску. Уважліва чытаў адказы канкурсантаў на пытаньне «як плянуеце скарыстаць узнагароду ў выпадку перамогі?», таму што гэта было наша «правакацыйна-тэставае» пытаньне. Сутнасьць якога ў тым, ці без узнагароды гэта сапраўды немагчыма? Бо насамрэч, як вы будзеце карыстацца вашымі грашыма нас цікавіць не павінна.

Некалькі словаў па намінацыях.

Адметна калі настрой, атмасфэру і вобразы, якія прапануе верш, музыка не зьмяняе, а афарбоўвае. Глыбокі верш і простая музыка, або просты верш і складаная мэлёдыка рэдка гарманічна спалучаюцца. На гэта зьвяртаў увагу ў намінацыі «Сьпяваная паэзія». Выдатна спалучыліся словы і музыка ў творах Pauline на верш Ірыны Багдановіч, Яна Жанчака на верш Барыса Жанчака, «Голай манашкі» на верш Зьмітра Вішнёва.

Найбольш складана было абіраць не найлепшы, а апошні ў шасьцёрцы твор, бо адрознасьць (на мой суб’ектыўны погляд) паміж, умоўна кажучы, сёмым-восьмым і пятым-шостым месцамі, была даволі спрэчнай. Дазволю сабе публічна прадставіць вынікі без адзначэньня канкрэтнага месца на якое я ставіў твор. Заўвагі і крытыку недахопаў, калі гэта трэба, магу зрабіць пры асабістай сустрэчы.

Шасьцёрка найлепшых у намінацыі «Сьпяваная паэзія» выглядае наступным чынам.

Апоўначы — Стварэньне сусьвету (на словы Касі Глухоўскай)

Пятро Клюеў — Твае песьні (на словы Дашы Бялькевіч)

Pauline — Смутак гораду (на словы Ірыны Багдановіч)

Тутэйшыя — Дзяцінства (на словы Тацяны Казановіч)

Ян Жанчак — Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Голая манашка — Танец-фрык (на словы Зьмітра Вішнёва)

Для мяне кавэр — гэта ня проста новае адзеньне, а новае асэнсаваньне. Асэнсаваньне, якое аднаўляе актуальнасьць думкі твору. Шмат разоў я бачыў як артыст чытае верш ці сьпявае песьню надзвычайна лепш за аўтара. Менавіта такія моманты я шукаў у намінацыі «Беларускі кавэр». Знайшоў у творах гурта «Тутэйшыя», Ганны Крамэр. І асобна хацеў падзякаваць Ketri за кавэр «На граной нядзелі» — мне спадабалася, шчыра. Шасьцёрка ў гэтай намінацыі выглядае наступным чынам:

Ketri — На граной нядзелі (кавэр на «Палац»)

Ганна Крамэр — На станцыі Койданава (кавэр на «Бонду»)

SnopSnoǔ — Я да жалю ня пан (кавэр на «Народны альбом»)

Тутэйшыя — Чырвоны дыск Сонца (кавэр на «Без білета»)

U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)

Yellow Power — Котка (кавэр на «Новае Неба»)

Такая зьява як выкарыстаньне іншых моваў, акром італьянскай, у опэрных пастаноўках у розных краінах сьвету некалі бурна абмяркоўвалася. Можна колькі заўгодна гаварыць пра тое, што «Чароўную флейту» Моцарта трэба слухаць на арыгінальнай нямецкай мове. Публіка даўно абвергла гэтыя ўпартыя сьцьверджаньні крытыкаў-эстэтаў. Таму намінацыя (на мой погляд самая складаная) «Замежны пераклад» вельмі адказная з пункту гледжаньня трансьляцыі арыгінальнага музычнага матэрыялу. У гэтай намінацыі адзначу творы ў выкананьні Нікановіч, Сацюк, Найдзёнава, Mk-band і асобна Тацяну Пілюцік. На жаль, твор Тацяны быў прадстаўлены толькі вакальнай партыяй, а далёка ня кожны можа ўзгадаць як гучыць арыгінальная вэрсія. Шэсьць найлепшых песень у намінацыі «Замежны пераклад»:

DrЫмоn — Позна для выбачай (One Republic feat. Timbaland cover)

DW — So Far (HaBanot Nechama cover)

Віктар Лупасін — Багэмская рапсодыя (Queen cover)

Mk-band — Я зьмяняю сьвет (Eric Clapton cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)

Тацяна Пілюцік — Можа я, можа ты (Scorpions cover)

Алег Хаменка

Даведка ТГ: Алег Хаменка — музыка, фальклярыст, культуроляг. Нарадзіўся ў красавіку 1967 году ў Менску. У школьныя часы вучыўся па клясе трамбону. Скончыў Менскі інстытут культуры, эстрадна-духавую катэдру (1990). У 2007 годзе скончыў асьпірантуру ва ўнівэрсытэце мастацтваў і культуры (культуралёгія). Саліст, аўтар музыкі, кіраўнік гурта «Палац». Лічыцца пачынальнікам стылю фольк-мадэрн. Вёў шэраг праграмаў на тэлебачаньні і радыё, супрацоўнічае з шэрагам беларускіх музычных фэстаў. Вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў» на Радыё «Рацыя», сэрыі канцэртаў «Тузін.Unplugged/Жывы Тузін» і летняй сэрыі канцэртаў «Засьпявай 2.0». Чытае курс лекцыяў «Тэхналёгіі прадусаваньня ў музычнай індустрыі» ва Ўнівэрсытэце культуры.