Vuraj i Re1ikt запісалі рок-варыянт фольк-гіту «Вэлытай, пэрэпылко» (прэм’ера)
Аўтары найлепшага рок-альбому 2015-га гурт Re1ikt і найлепшага фольк-альбому 2014-га гурт Vuraj прэзэнтуюць на Tuzin.fm сумесны самотнік «Вэлытай».
Гэтая песьня набыла вядомасьць у выкананьні Сержука Доўгушава і стала неафіцыйным гімнам «Сьпеўнага Сходу». «Цяпер яна зрабілася яшчэ больш гітовай, і па-рэліктаўскі рокавай, — мяркуе Сяржук. — У песьні зьявілася мужчынскае шматгалосьсе, менавіта мне так і хацелася, каб перадаць дух і ідэю песьні. Гэта летняя, жніўная песьня, яна заўсёды сьпявалася на некалькі галасоў. Адное што яна зрабілася мужчынскай. І прыпеў загучаў сапраўды па-стадыённаму».
«Упершыню мы пачулі гэтую песьню ў выкананьні Сержука і Vuraj яшчэ некалькі гадоў таму ў выглядзе дэма-запісу. Мы адразу закахаліся ў яе і, напэўна, адразу адчулі нейкі моцны, рокавы патэнцыял. Таму натуральна, што нам захацелася паспрабаваць зрабіць свой варыянт», — распавядае ўдзельнік гурту Re1ikt Віталь Макшун. «Нам сапраўды захацелася дадаць новыя фарбы да беларускай музыкі і мы спалучылі нашыя рок-гітары, моцныя сьпевы і рытм-сэкцыю зь пяшчотнай скрыпкай, магічнай дудкай і этна-напевамі», — дадае лідэр каманды Алесь Дземідзенка.
Сваім самотнікам Vuraj i Re1ikt анансуюць вялікі канцэрт, дзе будзе прадстаўлена сумесная праграма, сымбалічна названая па назьве сустрэчы дзьвюх рэк — «Сутокі». Канцэрт адбудзецца 29 траўня ў менскім клюбе «Брюгге». На ім песьні Vuraj упершыню можна пачуць разам з колавай лірай, якая ў многіх момантах нават заменіць гітару, а Re1ikt будзе зьдзіўляць слухачоў iгрой на электрамандоле.
Tuzin.fm, фота Андрэй Дубінін
КАМЕНТАВАЦЬ