Беларусы на «X-Фактор». Хочам і можам, калі папрасіць
3725 / 0
19.10.2016

Беларусы на «X-Фактор». Хочам і можам, калі папрасіць

Васьмёра выканаўцаў зь Беларусі прайшлі праз адбор на ўкраінскім тэлешоў «X-фактор». Сямёра зь іх чакае трэніровачны лягер і новыя этэры. Артысты, якія скарылі журы і публіку ў Кіеве, падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад паездкі.

«Чалавек тут нічога ня значыць»

«Я дык ніколі не цікавіўся тэмай тэлешоў і кастынгамі, таму першае паведамленьне нават прапусьціў», — кажа Павал Аракелян. Ён быў адным з тых беларусаў, каго рэдактары ўкраінскага шоў запрасілі паўдзельнічаць у здымках у Кіеве. На другі раз Павал адгукнуўся: чаму б і ня зьезьдзіць,  паглядзець як усё зладжана. Ніякіх мэтаў перад сабою ня ставіў.

Прадставілі аднаго з найлепшых саксафаністаў Беларусі, удзельніка гурта «Крамбамбуля», як «фітнэс-інструктура зь Менску». Паша сыграў «Bensonhurst Blues» Оскара Бэнтана. Прадусар Канстанцін Мэладзэ, экс-вакаліст Quest Pistols Антон Саўлепаў і лідэрка гурта The Hardkiss Юлія Саніна сказалі беларускаму выканаўцу «Так!». Чацьверты сябра журы Андрэй Данілка (вядомы ў вобразе Веркі Сярдзючкі) на гэтым праслухоўваньні ня быў.

«Мне, канечне, было прыемна, але я ведаю свой узровень, таму дадатковых камэнтароў мне ня трэба, каб злавіць зорную хваробу ці наадварот упасьці ў дэпрэсон. Але мяне прыемна зьдзівіў камэнтар Канстанціна Меладзэ, які не ўвайшоў цалкам у тэлевэрсію, але быў вельмі дакладны і прафэсійны», — кажа Павел. Больш за ўсё яго ўразіла тое, што ўдзельнікаў адразу кідаюць працаваць па самых суворых правілах шоўбізу, «дзе чалавек нічога ня значыць і ня мае ніякай каштоўнасьці». Але досьвед безумоўна карысны, прызнаецца артыст.

Вырасьлі са штонікаў кавэр-бэнду

А вось іншая ўдзельніца «X-фактор», сьпявачка Інга Кісялёва наадварот — была ўражаная індывідуальным падыходам да кожнага ўдзельніка. Яе гурт «Detroit» мае статус найлепшага кавэр-бэнду Беларусі (2014). Удзел ва ўкраінскім тэлешоў і ацэнка судзьдзяў сталі стымулам для таго, каб музыкі заняліся сваім аўтарскім праектам. На самім жа адборы Інга пяяла «Hello» Adele і папуры з поп-клясыкі 90-х, якое і паказалі ў этэры.

«Журы да нас паставілася прыязна зь першых хвілінаў. Самае прыемнае і важнае сказаў Канстанцін Меладзэ. Ён зазначыў, што мы вырасьлі з кароткіх штонікаў кавэр-бэнду і ў нас ёсьць усё неабходнае для таго, каб ствараць уласны аўтарскі праект. Гэта стала неверагодным стымулам для таго, каб ужо неўзабаве запусьціць праект IN`ЯNGA, гэта будзе самастойны гурт з аўтарскім матэрыялам з элемэнтамі беларускай этнікі».

У такім праекце важна ўсё тое, што можа ўзьняць да яго цікавасьць, адпаведна і падвысіць рэйтынг — зразумела падчас паездкі ў Кіеў Інга. Таму ў шоў віталі як фрыкаў, так і пасьпяховых ужо артыстаў, зьвярталі ўвагу на трагічныя гісторыі і скандалы, надзялялі вялікую ўвагу нацыянальнай самасьвядомасьці.

З Панам не прападзеш

Нацыянальную тэму скарыстаў Пётар Клюеў, які апрануўся ў майку з «Пагоняю» і размаўляў з журы падкрэсьлена па-беларуску. Музыка выканаў аўтарскі твор «Асьцярожна, лістапад» на словы Генадзя Бураўкіна, якая вельмі спадабалася Канстанціну Меладзэ, а таксама песьню Queen «Crazy Little Thing Called Love». У этэр пайшоў кавэр, прычым прыпісаны на youtube-канале шоў ён быў Элвісу Прэсьлі. Акампанавалі Пятру былыя ўдзельнікі гурта «Ляпіс Трубяцкі» Руслан «Пан» Уладыка і Аляксандар Старажук, што безумоўна зрабіла ўражаньне на журы. «Яны так гайдаюць, маюць настолькі высокі ўзровень і настолькі высокапрафэсійныя! Вам трошкі трэба дацягнуць да іх», — заўважыла Юлія Саніна.

«Умовы, у якіх давялося быць на праслухоўваньні, былі няпростымі. Найбольшая цяжкасьць у атмасфэры страху і ў думцы, што будуць абмяркоўваць твой выступ, — распавядае Пётар. — Але я задаволены рэакцыяй журы. Я заўсёды граў з музыкамі, якія былі больш дасьведчанымі за мяне. І гэта дае мне вялікі досьвед». Па выніку галасаваньня журы, Пётар з гуртом «Амплітуда сьмеласьці» прайшлі ў наступны тур. Яны атрымалі чатыры «так» — 100% рэспэкт.

Грузін зь Менску, які ўразіў усіх

Яшчэ адзін гіт Queen на «Х-фактары» таксама прагучаў у выкананьні ўдзельніка зь Беларусі. «I Want It All» бліскуча сьпяяў «эканаміст зь Менску» Габрыель Купатадзэ, вакаліст менскага кавэр-бэнду «Gabriel K, які спэцыялізуецца на выкананьні песень Джо Кокера ды іншых клясычных рок-гітоў. «Now Than the Magic Has Gone» Кокера ён таксама выканаў, але ў тэлеверсію яна не ўвайшла. Пахвалілі за вонкавую прыгажосьць, тэмпэрамэнтнасьць і, вядома ж, за голас.

Габрыель кажа, што было пару нюансаў з пункту гледжання вакалу, але ў цэлым сваім выступам ён задаволены. «Прыемна было пачуць столькі камплімэнтаў наконт іміджу, аўтэнтычнасці, упэўненасці ў сабе. З таго, што не спадабалася ў шоў, дык тое, што музычны складнік у ім усё ж другасны. Акцэнт робіцца на сьлязлівую гісторыю пра ўдзельніка, б’ецца на спачуваньне».

«Ляпіс» у джазе

Сьпявачка Берта зь Менску кавэр «Капітал» не рыхтавала адмыслова для шоў. Неяк на ўласны дзень народзінаў яна перасьпявала песьні Міхалка, Пугача, Саладухі ды іншых беларускіх артыстаў у межах праграмы «Пірацкія кавэры для сваіх». Гэтае відэа ў сеціве пабачылі рэдактары «Х-Фактор» і прапанавалі выканаць гіт «Ляпісаў» на праслухоўваньні ў Кіеве. «Мы з музыкамі хутка запісалі аўтарскі мінус. Выбар песьні вырашыў і вобраз, і манеру», — кажа сьпявачка. Голас беларускі Канстанцін Меладзэ назваў «мясістым», а Антону Саўлепаву Берта нагадала лісу. Ён зазначыў, што гэта несур’ёзна ды сказаў «не». Юлія Саніна ўратавала Берту, сказаўшы «так».

Гісторыя з джазавым «Капіталам» пасьля праслухоўваньня займела працяг. З дазволу Сяргея Міхалка, сьпявачка запісала сваю вэрсію ў студыі. Далей Берта думае зрабіць цэлую праграму беларускіх гітоў у джазавых апрацоўках ужо для шырокай публікі.

Занадта выхаваны беларус

Вакаліста вядучай рок-каманды Беларусі Re1ikt прадставілі, канечне ж, як «электрыка». Ён вырашыў засьпяваць спачатку песьню Мікалая Наскова «Дышу тишиной» і… прамахнуўся. Уладзімера спынілі на першым куплеце. Меладзэ назваў яго выбар няўдалым. «Са словаў Канстанціна, кампазыцыі Наскова ды яшчэ Beyonse наогул на конкурсах нельга сьпяваць, бо ў іх складаны, асабісты стыль выкананьня. Хто ж ведаў?» — кажа сьпявак. Пачуваўся зусім няёмка, прызнаецца Уладзімер — як празь нефарматны для сябе рэпэртуар, так яшчэ і праз гэтую заўвагу. Але сабраўся і засьпяваў Робі Ўільямза. І атрымаў тры «так» — прайшоў далей, нягледзячы на заўвагі, якія тычыліся ня голасу, а манеры трымацца. «Чаму беларусы такія выхаваныя, ажно занадта?» — пыталася Юлія Савіна. І паабяцала Вову падпсаваць, калі ён трапіць у яе каманду.

Яшчэ болей беларусаў

У тэлешоў узяла ўдзел болей беларусаў. У наступны этап таксама прайшоў Іван Вабішчэвіч у кілце, які выканаў песьню ўласнага сачыненьня. А вось 17-гадовай Дыяне Хоме не пашанцавала. Дзяўчына мае праблему зь дзяцінства — заіканьне. Але яна перамагла сябе, выйшла на сцэну і выканала свой кавэр на «Небо Лондона» Зэмфіры. «Так» ёй сказалі Саўлепаў і Меладзэ, але гэтага было недастаткова.

Але, мусіць, найбольш крыўдна Аляксандры Сьцяпанавай, якая вядомая з супрацы з Apple Tea. Яна прасьпявала «Старый клён» у джазе і гэта вэрсія прыйшлася даспадобы ўсім чальцам журы. Меладзэ адзначыў нізкі аксамітны голас, Савіна вылучыла вакальную гнуткасьць і плястычнасьць, Саўлепаў панаракаў на перабор з эмоцыямі, але ўпадабаў вобраз, Данілка нешта бурчэў, хоць таксама станоўча прыняў сьпеў беларускі. У выніку — чатыры «так», але выступ так у этэры паказаны ня быў. «Рэакцыя журы мяне ўразіла і натхніла на далейшую працу. Я ня ведаю чаму далей мяне не прапусьцілі, мне не патлумачылі. Адказалі толькі: „на жаль, ваш выступ не ўвайшоў“. Думаю, я не адна такая, таму нават не расстроілася з гэтай нагоды», — сказала Аляксандра.

 

Аляксандра Сьцяпанава

Як пазьбегнуць расчараваньня

Вядома ж, кожны выканаўца мусіць вырашаць сам, ці ўдзельнічаць у тэлешоў, якое можа як зматываваць і раскрыць, так і расчараваць, а то і зламаць. Павал Аракелян з гэтай нагоды раіць: «Перш за ўсё, каб пазьбегнуць расчараваньня, трэба рацыянальна глядзець на сытуацыю: ведаць, што табе асабіста трэба, якія профіты ты зьбіраесься атрымаць з удзелу, ці зь перамогі, ну й вельмі ўважліва чытаць усе паперы, якія падпісваеш». Пётар Клюеў называе тэлешоў такога фармату «амэрыканскімі горкамі» для музыкаў. «Тут атрымаеш эмоцыі, якіх не перажывеш на ўласных канцэртах. Важна разумець, што гэта ня конкурс! Таму галоўнае ў ім зьявіцца і паўдзельнічаць, паехаць і праверыць сябе. І адкінуць думкі пра перамогу».

Габрыель Купатадзэ зьвяртае ўвагу на тое, каб удзельнік падобнага праслухоўваньня меў нешта сваё, арыгінальнае: «Неабавязкова ў музыцы, можа экспэрымэнтаваць зь іміджам, прыдумаць прыгожую легенду пра сябе і гэтак далей. А для маладых выканаўцаў — гэта добрая стартавая пляцоўка, безумоўна». Інга Кісялёва дадае: «Сапраўды, трэба вызначыцца да чаго сам артыст імкнецца і што хоча атрымаць ад свайго ўдзелу, бо некаторыя становяцца пастаяннымі ўдзельнікам кастынгаў, і ў гэтым выяўляецца іх „сіла“, папулярнасьць ды посьпех».

Далей беларусы, якія прайшлі адбор на першым этапе, трапляюць у трэніровачны лягер, дзе жывуць разам і выконваюць пэўныя заданьні. Так, Павал Аракелян і Пётар Клюеў мусілі падрыхтаваць разам з хатняй гаспадыняй Ірынай з Кіеву супольную песьню. І вось што з гэтага атрымалася.

У трэніровачны лягер трапіла блізу 140 артыстаў. У фінал зь іх мае прайсьці толькі 10. Так што далей сеча абяцае быць бязьлітаснай.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm, для Budzma.by