!OUT: Прыгоды гітарыста з-пад Менску ў Амэрыцы (+прэм’ера песень)
Лідэр суполкі «Сінія горы», гітарыст Дзяніс Кудраўцаў у інтэрвію Tuzin.fm распавёў пра ўдзел у амэрыканскім праекце OneBeat і прэзэнтаваў песьні, запісаныя разам з панк-сьпявачкай зь Індыі ды блюзавай сьпявачкай зь Сіетлу.
Гэтай восеньню адразу тры прадстаўнікі Беларусі штурмавалі Амэрыку. Адначасова па розных гарадох Злучаных Штатаў гастралявалі гурты «Стары Ольса», Brutto й у складзе міжнароднага праекту OneBeat Дзяніс Кудраўцаў.
OneBeat ладзіцца штовосень пры падтрымцы Бюро па справах адукацыі і культуры Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Упершыню за пяцігадовую гісторыю ў праекце паўдзельнічаў беларус. Яго адабралі з трох тысячаў маладых музыкаў з усяго сьвету. Прычым, у Дзяніса ў Амэрыцы адбыўся ўвогуле першы выхад на сцэну з уласным рэпэртуарам. Перад тым музыка-мультыінструмэнталіст некалькі гадоў запісваўся ў хатцы ў вёсцы Сінія Горы пад Менскам і зусім не імкнуўся да публічнасьці. Па вяртаньні на Радзіму распавёў Tuzin.fm пра свае амэрыканскія прыгоды.
Удзельнікі OneBeat-2016. Дзяніс Кудраўцаў — трэці зьлева ў першым шэрагу
Tuzin: Апынуўшыся непасрэдна ў тусоўцы OneBeat, ты хутка адчуў сябе ў сваёй талерцы?
Дзяніс: Вельмі хутка. Хутчэй, чым бывае ў якой-небудзь кампаніі тут. Ты можаш займацца, чым хочаш. Там нават не прасілі нічога рабіць! Я мог прыехаць і ня граць музыку, а хадзіць да акіяну, глядзець на заход сонца…
Tuzin: Што за музыкі сабраліся ў праекце?
Дзяніс: Абсалютна з усяго сьвету — шмат з Паўднёвае Амэрыкі, з Паўднёвае Афрыкі, трохі з Эўропы. Самае цікавае, што музыкі зусім розныя. Хтосьці намінаваўся на «Грэмі», кагосьці запрашала да супрацы Біёнсэй. Была панк-сьпявачка зь Індыі Трыта. То бок, праграма адмыслова запіленая на тое, каб ты сустрэўся зь нейкім новым жанрам, стыхіяй і актыўна камунікаваў. Нават сам прадукт для арганізатараў быў не такі важны, колькі камунікацыя й тое, што я буду рабіць далей, калі вярнуся дахаты. Пастаянна ладзілі анкетаваньне наконт маіх плянаў на будучыню. Яны прымусілі мяне пра гэта задумацца!
Песьня «L’amour», запісаная з Трытай
Tuzin: Ты знаходзіўся ў Амэрыцы месяц, і гэты месяц падзяляўся на дзьве паловы: першая — падрыхтоўчая. Як будаваўся твой дзень?
Дзяніс: Зранку мы ладзілі сход усёй групы — 25 музыкаў і 5—7 арганізатараў, якія таксама зьяўляліся музыкамі самі па сабе. Там увогуле ўсе, каго я сустракаў былі музыкамі. Нават падсобны рабочы, які фарбаваў шалёўкі дзьвярэй, я ўпэўнены, займаецца музыкай. Бо месьціліся мы ў Цэнтры мастацтваў у горадзе Нью-Сьмірна-Біч (New Smyrna Beach) у Фларыдзе. Там ёсьць майстэрні для жывапісу, для скульптуры, бясконцыя бібліятэкі, аранжарэі й адна музычная студыя. Але паколькі ўвесь Цэнтар арандавалі толькі для музыкаў OneBeat, усе гэтыя памяшканьні былі пераабсталяваныя пад студыі. Дарэчы, тамтэйшы пляж — першы па колькасьці ўкусаў акулаў у сьвеце.
Tuzin: Мяркуючы па фотаздымках, на ранішніх сходах вы садзіліся колам і нешта абмяркоўвалі. Гэта мела нейкі плён?
Дзяніс: Мы знаёміліся. Нешта накшталт ёгі, тым-білдынгу — стварэньня каманды. Мы рабілі масаж адзін аднаму, ладзілі гульні, пытаньні-адказы, канструявалі пляны на сёньня. Але толькі, калі я месяц зь імі пайграў, я зразумеў, на кім мне варта было сфакусавацца ад пачатку. Акром таго, такі вольны графік… Мы, людзі з Усходняе Эўропы, звыклыя да кантролю, які перарастае ў самакантроль, не прызвычаіліся плаваць у гэткім акіяне няпэўнасьці. Я й арганізатарам пра гэта казаў: «Калі б вы далі канкрэтнае заданьне, мы б яго лёгка зрабілі!».
Дзяніс Кудраўцаў і Грэйс Лаў
Tuzin: Ты казаў, што меў даўнюю мару запісацца з чорнаскурай сьпявачкай. І на OneBeat мара рэалізавалася?
Дзяніс: Уся мая манера граньня на гітары арыентаваная на «чорную» музыку па вялікім рахунку. І мне не было, дзе гэта ўжыць у Беларусі, бо гэта неяк не па-нашаму. А там я атрымаў поўны карт-блянш на тое, што магу граць усё, што хачу. І гэта не гучэла, як нешта вырванае з кантэксту, наадварот — вельмі арганічна. Такая акалічнасьць папросту зрывала дах пасьля першых рэпэтыцыяў.
Tuzin: Хто склаў табе пару ў блюзава-джазавым дуэце?
Дзяніс: Ейны творчы псэўданім Грэйс Лаў (Grace Love). Яна зі Сіетлу. Такі клясычны афраамэрыканскі вакал, ніякага гранджу. Хаця аднойчы яна ў мяне спыталася, ці ведаю я Курта Кабэйна. Грэйс знаёмая з гітарыстам Pearl Jam. Казала, што адашле яму нашыя запісы, бо ён даўно раіў, каб яна знайшла сабе рок-гітарыста. А песьні нашыя нараджаліся такім чынам: яна кладзе перад намі свой айпад, націскае на ім кнопачку record, і мы пачынаем граць песьню, у сэнсе ў першы раз. І калі яна спыняе запіс, у нас ужо гатовая песьня, якую мы можам выконваць на канцэртах.
Tuzin: У выніку ва ўсёй вашае групы зьявілася пэўная праграма, зь якой вы выступалі, як пазначана ў афішы, у Нью-Арлеане, Чатанузе, Чыкага? Ці таксама рабілі стаўку на спантаннасьць?
Дзяніс: Праграму мы ўдакладнялі падчас туру. Увесь час давалі новыя песьні, якія рэпэтавалі ў аўтобусе ці ў лобі гатэляў, дзе мы спыняліся. Як, напрыклад, у Нью-Арлеане, дзе джаз часта грае нават у супэрмаркеце ды нярэдка жыўцом. І ўвогуле ў мастацтве амэрыканцы вельмі шануюць індывідуальнасьць. То бок, ты максымальна мусіш быць сабой. Мясцовая прэса пісала пра мяне нешта ў духу «непрымірымы вакал зь Беларусі».
Tuzin: Але на Радзіме ты ніколі не выступаў як аўтар-выканаўца ўласных песень. Значыць, твой публічны аўтарскі дэбют адбыўся ў Амэрыцы?
Дзяніс: Насамрэч, я выступаць асабліва ніколі не любіў. Мне падабалася проста запісвацца, ствараць. Гэта выдатны занятак, калі ты адчуваеш сябе творцам, і табе вельмі гарманічна ў гэты момант. У Нью-Арлеане мяне пачуў прадусар містэр Куінтрон, даволі дзікі хлопец. Ён насіў каралі з флэшак, на якіх былі запісаныя ўсе часткі фільму «Сківіцы». Яго зачапіла мая песьня. Мы выступілі ў ягонай канцэртнай залі, якая ўяўляе сабой вялізны ангар, дзе куча самаробных інструмэнтаў, усё гразнае, пыльнае, сабакі бегаюць, бамжы сядзяць. Куінтрон збудаваў там кола з маленькіх домікаў, якія адначасова зьяўляюцца музычнымі інструмэнтамі. Адзін домік цалкам ударны, там шмат пэркусіі вісіць, патэльні, бляшанкі, барабаны, умантаваныя ў сьцены, а сьцены можна рухаць ды грукаць па іх. Другі домік — суцэльны модульны сынтэзатар. У трэцім стаіць ваданапорная вежа, зь якой капае вада, і гук, які ўтвараецца ад кропель, неяк трансфармуецца, і яго можна рэгуляваць напорам вады.
Адна з новых песень Дзяніса Кудраўцава
Tuzin: Апошні выступ у межах туру OneBeat стаў кульмінацыйным для цябе асабіста?
Дзяніс: Заля знаходзілася ў Школе фольк-музыкі ў Чыкага. І гэта была найлепшая акустыка, у якой я граў. Высьветлілася, што ня важна, як ты граеш, які ў цябе ўзровень валоданьня інструмэнтам, якія ў цябе ўзмацняльнікі, які жанр, якая праграма… Галоўнае — акустыка памяшканьня, у якім ты сабраўся даваць канцэрт. Там я чуў усё, ажно да дыханьня іншых музыкаў. Я гляджу са сцэны на гледачоў і разумею, што яны таксама гэта чуюць! Напрыканцы арганізатары адзначалі, што сёлетні OneBeat атрымаўся найбольш насычаным любоўю, сяброўствам у калектыве. Мы жылі разам, але ня сталі ненавідзець адзін аднаго.
Tuzin: Пасьля ўсяго, што ты распавёў, не было спакусы застацца ў Штатах?
Дзяніс: Мне было куды вяртацца, было да каго, было дзеля чаго. Я люблю сваіх сяброў, і расстаньне выдалася даволі пакутлівым. Калі б меў магчымасьць узяць з сабой усіх сваіх… Хаця нават тады я б Амэрыку ня выбраў.
Праз пару месяцаў Дзяніс Кудраўцаў разьлічвае дапрацаваць міньён з Грэйс Лаў. Маецца ідэя й больш шырокага праекту з удзельнікамі OneBeat — калектыўная канструяваньне кампазыцыяў празь віртуальны абмен аўдыёфайламі. Між іншым, амэрыканскія арганізатары пыталіся ў нашага героя, наколькі мажліва зладзіць аналягічны праект у Беларусі. Адначасова Дзяніс працягвае супрацу зь менскімі гуртамі Yellow Power, The Bangalors, Masque Noir ды іншымі. Часьцяком грае фанк па адрасе плошча Свабоды, 4 у складзе групы Meet Today Band, куды ўліўся адразу па вяртаньні з-за акіяну.
Больш запісаў Дзяніса Кудраўцава можна знайсьці на старонках выканаўцы на Bandcamp і Soundcloud.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота са старонкі Дзяніса Кудраўцава
КАМЕНТАВАЦЬ