
«Тузін. Немаўля» ў Беластоку, Тэрэспалі і Віцебску (відэа)
Беларускія нямыя кінафільмы «Прастытутка» з жывой музыкай гурта Ilo&friends і «Ў агні народжаная» з жывой музыкай гурта Re1ikt пакажуць у Беластоку і Тэрэспалі.
Дагэтуль у Польшчы ў межах праекту «Тузін. Немаўля» прэзэнтавалі толькі фільмы «Кастусь Каліноўскі» ды «Ў агні народжаная». Так што паказ «Прастытуткі» ў Беластоку будзе прэм’ерным. Разам з паказам фільму, да якога музыку зайграюць аўтары саўндтрэку — беластоцкі гурт Ilo&friends — адбудзецца прэм’ера DVD-выданьня, якое ўключае тры фільмы з адмыслова напісанай і запісанай музыкай. Таксама ў гэты дзень адбудзецца выстава самых цікавых плакатаў да беларускага нямога кіно 20-х і 30-х гадоў з калекцыі Музэю беларускага кіно ў Менску.
Кінаканцэрт адбудзецца 13 сьнежня ў камэрнай залі Падляскай опэры і філярмоніі — Эўрапейскім цэнтры мастацтва ў Беластоку, што па вуліцы Адэскай, 1.
На наступны дзень праект «Тузін. Немаўля» завітае ў Тэрэспаль. Гурт Re1ikt зь фільмам «У агні народжаная» (1929) зайграе ўпершыню ў гэтым польскім горадзе, які знаходзіцца побач зь беларускай мяжой. Прэзэнтацыя фільму ды адначасова DVD-выданьня з трыма нямымі фільмамі ды сучасна напісанай да іх музыкай пройдзе 14 сьнежня ў «Галерэі смакаў». У час мерапрыемства таксама можна паглядзець абраныя плякаты да нямых беларускіх фільмаў 20-х і 30-х гадоў. Партнэрам паказу зьяўляецца Гарадзкі асародак культуры ў Тэрэспалі ды рэстаран «Галерэя смакаў».
Нагадаем, што 14 сьнежня яшчэ адна стужка з праекту «Тузін. Немаўля» — «Кастусь Каліноўскі» будзе паказана ў віцебскім клюбе «Чердачок» у музычным суправаджэньні Сяргея Пукста.
Ня выключана таксама, што праект будзе прадстаўлены ў сьнежні і ў Берасьці.
Сачыце за навінамі!
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ