!OUT: Port Mone — зь лесам на «Ты» (аўдыё/відэа)
6042 / 0
18.10.2014

!OUT: Port Mone — зь лесам на «Ты» (аўдыё/відэа)

Лідэр Port Mone Аляксей Варсоба распавёў у інтэрвію для Tuzin.fm пра рэлігію, праект зь Сяргеем Жаданам і размовы з сэпаратыстамі ва Ўкраіне, а таксама пра асаблівасьці запісу ў лясных умовах.

Два гады таму трыё Port Mone запісала альбом у лесе. І вось зусім нядаўна кружэлка «Thou» пабачыла сьвет — яе выдаў славацкі лэйбл Hevhetia. Там жа ў горадзе Кошыцэ адбылася прэзэнтацыя. У Менску новы дыск Port Mone наўрад ці будзе прадавацца (невядома, як гэта зрабіць легальна), ды й дзе зладзіць прэзэнтацыю — пытаньне. Бо музыкам патрэбнае вартае месца, ні ў якім разе не канцэртовая дзяржаўная заля. Пра гэта ды шматлікае іншае ў інтэрвію Tuzin.fm распавёў лідэр трыё Аляксей Варсоба.

ТГ: Чаму вы вырашылі зафіксаваць новы матэрял ня ў студыі, а менавіта ў лесе?

Насамрэч мы фактычна студыю туды прывезьлі. Разьмесьціліся за дзьвесьце-трыста мэтраў ад нашага лецішча. Папросту не хацелася студыйнай «хіміі». А ў лесе фізыка гуку зусім іншая — усё гучыць натуральна, як і павінна гучаць. Прытым, мы не намагаліся, каб абавязкова было чуваць лес, вогнішча, птушак… Гэтае месца менавіта ўяўлялася, як студыя. Запісвалі ўсё адным трэкам, нон-стопам, адну кампазыцыю за другой. Праўда, пару рэчаў пасьля перапісалі. Мікс і апрацоўка занялі няшмат часу. Усё гучыць практычна так, як адразу й запісалася. Ідэя была такая: сабраліся нейкія людзі, можа быць, выпадкова, і ты гаворыш ім нешта цікавае й тое, што можна абмеркаваць толькі ў такім коле. Менавіта адсюль і лес, і «ты» ўзяліся.

ТГ: А як вы тлумачыце для сябе гэты ангельскі займеньнік «thou»? У жывой гаворцы ён ужо, здаецца, не ўжываецца.

Ангельскае «you» — гэта «Вы», трошкі так афіцыйна, з дыстанцыяй. А «thou» — гэта «ты», нешта такое асабістае, якое не заўсёды можаш вымавіць. Гэта не панібрацкае «ты», а такое эмпатычнае. То бок, гэта й «ты», як нейкі чалавек побач, і «ты» як «я».

ТГ: «Thou» можна сустрэць і ў рэлігійных тэкстах, як зварот да Бога. Наколькі рэлігійным, так бы мовіць, стаў гэты альбом?

Займаючыся музыкай, немагчыма не займацца рэлігіяй. Я, канечне, кажу вельмі саманадзейна. Напрыклад, літаральна ўчора мяне адзін чалавек папрасіў паўдзельнічаць у галасаваньні — нейкі конкурс музыкаў. Я ў адказ кажу: «Ведаеш, конкурс і музыка — гэта ніяк не сумяшчальна, гэта тое самае, што конкурс манахаў. Ну, як гэта можа быць?!»

ТГ: Дарэчы, на вашай кружэлцы  цэнтральнае месца заняла кампазыцыя «Літургія» з працяглай паўзай унутры.

Гэтая песьня пісалася для аднаго нямецкага праекту, і яе прызначэньне было ў тым, каб паказаць «машыну» літургіі. Нешта такое, зьмяшчаючыся ў якое, ты аўтаматычна атрымліваеш прабачэньне й ласку. І ўвесь шлях адбываецца дзеля паўзы. Гэтая частка п’есы называецца «Амінь». Яна можа доўжыцца нават хвіліну. Аднак ня ўсякая публіка яе разумее й чуе, 50 на 50. Вельмі здорава атрымліваецца, калі яе чуюць, — тады ажно да мурашак. Хацелася б нават наступны альбом запісаць у касьцёле. На Браслаўшчыне ў Відзах ёсьць файны касьцёл, і ў самім Браславе… Некаторыя п’есы, які мы раней сыгралі ў касьцёле ў Івана-Франкоўску, мы толькі тады й зразумелі да канца. Новыя кампазыцыі зьдзіўляюць нас саміх. Высьвятляецца, што ўсё так проста, а мы й ня ведалі.

ТГ: Такое ўражаньне, што Port Mone за амаль 10 гадоў існаваньня амаль стала ўкраінскім гуртом.

Не. Але калі гэта так — то толькі добра. Украінцы — гэта ж нашыя суседзі, вельмі блізкія па духу людзі. Я нават калісьці казаў, што ўкраінцы большыя беларусы, чым самі беларусы. Іх сьвядомасьць на нас распаўсюджваецца, і мы ёй сілкуемся. А ўвогуле, мы паўсюль выступаем часьцей, чым у Беларусі. Нават у Швэцыі часьцей.

ТГ: А ці можна, на тваю думку, параўноўваць шэраговых жыхароў Беларусі з насельніцтвам украінскага Ўсходу — у пляне татальнае русіфікацыі, узроўню культуры…

У нас усё ж такі іншыя людзі, у нас ня так жорстка, як там, і няма ілюзыяў наконт дабрабыту пад уладай Масквы. Сёлета мы прэзэнтавалі сумесны праект зь Сяргеем Жаданам у Алчэўску пад Луганскам. Там ужо ўсё пачалося, зьмянілі сьцяг… На канцэрт прыехала шмат людзей з розных канцоў Украіны й ня толькі з Украіны. І стала зразумела, што гэта патрэбна. І было патрэбна раней! Вельмі мала ўвагі адводзілі гэтаму рэгіёну менавіта ў пляне культуры. Калі мы размаўлялі з сэпаратыстамі, яны казалі: «Мы ня ведаем, хто мае рацыю. Мы хочам разабрацца».

ТГ: Як ты лічыш, драматычныя падзеі ва Ўкраіне гарантуюць ёй моцны культурніцкі ўсплёск у выніку? У гісторыі такое часам здаралася.

Яшчэ вельмі рана гаварыць, бо падзеі яшчэ ня скончыліся. Але потым мы ўбачым гэты ўсплёск, і я мяркую, што й у нас ён будзе. Па-першае, узьнікнуць больш ясныя фармулёўкі, больш канкрэтныя й скіраваныя на сапраўды важныя рэчы ды праблемы. І цікавасьць да іх будзе вышэй, бо актуальнасьць, пацьверджаная крывёй, — гэта ўдвая, утрая актуальнасьць. І гэта будзе. Так, усё з крывёю, усё праз навоз… Нічога тут не паробіш. І дзякуй Богу, калі гэта ўсё застанецца ў мінулым.

Дадамо, што некаторыя кампазыцыі з альбома Port Mone «Thou» можна пачуць таксама на сьвежым выданьні фільму «Хліб». Сама нямая стужка датуецца 1929 годам. Да таго ж, апублікаваны запіс са славацкае прэзэнтацыі кружэлкі «Thou», які Аляксей Варсоба лічыць найлепшым відэа свайго трыё. Акром таго, Port Mone працягвае супрацу з этна-авангарднай «ДахайБрахай» — магчыма зьявіцца новая праграма. А ўласна Аляксей, акром праекту з Жаданам, мае намер яшчэ папрацаваць над беларускімі народнымі сьпевамі ў дуэце з Ірэнай Катвіцкай.

Аўдыё. Прома да альбома «Thou».

Відэа. Прэзэнтацыя альбома «Thou» ў славацкім Кошыцэ, ліпень 2014 г.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фотаздымкі прадастаўленыя Аляксеем Варсобам