
«Кашлаты Вох»: «Мы перараджаемся зь лічынкі ў муху»
Альбом менскага панк-гурта «Кашлаты Вох» пад назвай «Пазаўчора» стаў найлепшым беларускім альбомам месяца па вэрсіі наведнікаў парталу Tuzin.fm.
Праца гурта апынулася пераможцам у 1-м туры галасаваньня ў чарце альбомаў. Самі музыкі пільна сачылі за разьвіцьцём падзеяў на партале. Заклікалі галасаваць сваіх прыхільнікаў і галасавалі самі. «Вельмі часта музыкі знаходзяцца ў такім становішчы, што калі сам сябе не пагладзіш, дык ніхто не пагладзіць», — кажа лідэр «Кашлатага Воху» Вячка Красулін. Сам ён лічыць альбом «Пазаўчора» безумоўна найлепшым. Гэта ж як дзіця. «Мо ў яго яго і ручак няма, і ножкі не стае, да і вока толькі адно, і тое на дупе, але кравінушка родненькая. Самае лепшае, самае ўлюбёнае».
З альбомаў, якія супернічалі за перамогу ў альбомным чарце на Tuzin.fm самому Вячку да сэрца больш прыйшліся рэлізы гуртоў Litvintroll, Pawa і Martin S. А вось наконт навічка туру — гурта N.R.M. музыкант сантымэнтаў ня мае: «Што да трыё, што да квартэта, стаўлюся індыфэрэнтна. Kriwi туды ж».
Цяпер «Кашлаты Вох» перажывае стадыю, якую музыкі называюць «перараджэньне зь лічынкі ў муху», паралельна з гэтым вядзецца запіс альбома кавэраў на саміх сябе, у тым ліку і з новымі песьнямі. Матэрыял для новага альбому таксама гатовы. «Цяпер думаем, як бы яго так запісаць у нашым лічыначнам стане, яшчэ да амушэньня, каб потым ужо расправіць крылы і пранесьціся са сваім сьвежым лайном на лапках і хабатку. Спадзяюся, калі ня будзем ленавацца і зоры будуць падсілкоўваць нашую аўру, то хутка можна будзе ўсё пачуць», — абяцае Вячка Красулін.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ