Топ-12 самых запатрабаваных песень 2016 году (аўдыё)
Перасьпеў па-ўкраінску гіта «Мроі» — «Я рок-музыкант» у выкананьні гурту «Жадан і Собаки» стаў самай запатрабаванай песьняй году на афіцыйным канале Tuzin.fm на Soundcloud.
Усяго за пэрыяд з 1 студзеня 2016 да 31 сьнежня 2016 году на «тузіноўскім» стрымінг-канале было зафіксавана 302 000 праслухоўваньняў (за той жа пэрыяд у 2014-м было 126 000, а летась — 316 000). Найбольш слухачоў зь Беларусі (197 997), потым ідуць Расея (19 334), Украіна (19 159), ЗША (15 222), Польшча (14 202).
Тузін трэкаў, якія слухалі найбольш у 2016 годзе, выглядае наступным чынам (у дужках колькасьць праслухоўваньняў за 12 месяцаў).
12. Dzieciuki — Случчакі (2292)
11. Dzieciuki — 1937 (2541)
10. Dzieciuki — Вітаўт Вялікі (2719)
9. Адэля Вольская — Адэлька-сардэлька (2719)
8. Dzieciuki — Чорны хлеб і гарбата (3080)
7. Dzieciuki — Паходная (3459)
6. Dzieciuki — Трымайся, браце! (3495)
5. Адэля Вольская — Усё атрымаецца (4184)
4. Dzieciuki — Давыд Гарадзенскі (4553)
У сакавіку 2016-га году на Tuzin.fm адбылася прэм’ера другога альбому гарадзенскай каманды Dzieciuki — «Рэха». Цікавасьць да рэлізу сярод слухачоў каналу настолькі вялікая, што ў вясновы топ-12 трапілі ўсе 11 трэкаў з альбому. Попытам яны карысталіся і надалей — у гадавы топ-12 трапілі 8 песень з гэтага дыску.
«Дзецюкоў» асабліва цікавіць тая гісторыя, якая забытая ці сарамліва замоўчваецца сёньняшнімі беларускімі ўладамі: антырасейскія паўстаньні, антыбальшавіцкія бунты, сталінскія рэпрэсіі… Музыкі пэўныя, што ўсё, што адбывалася ў мінулым, мае непасрэдны ўплыў на сучаснае і будучае. Суаўтар тэкстаў гурту Дзяніс Жыгавец кажа, што гэты альбом сам ёсьць рэхам мінуўшчыны. Рэхам, якое нясецца ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, закранае Рэч Паспалітую, праходзіць празь Беларускую Народную Рэспубліку, спатыкаецца аб савецкі пэрыяд і ўрываецца ў першыя гады незалежнай Беларусі, як бы паказваючы нам той спрадвечны шлях.
Dzieciuki
Сярод песень «Дзецюкоў» сустракаюцца два трэкі Адэлі Вольскай зь яе дэбютнага рэлізу «Усё атрымаецца», які быў прэзэнтаваны на Tuzin.fm у жніўні 2016-га. Загалоўная песьня зь яго ўзначаліла летні топ-12. Тады ў першую пяцёрку трапілі яшчэ два яе творы, а да ўсяго чатыры кампазыцыі ў топ-12 належалі аўтарству яе таты — Лявону Вольскаму.
Адэля кажа, што натхняецца звычайнымі паўсядзённымі сытуацыямі. Песьня «Усё атрымаецца» была напісаная падчас яе прабуджэньня ў сонечны дзень — яна адчула неапісальную радасьць і зразумела, што як бы ні было складана, усё адно ўсё атрымаецца, калі чалавек насамрэч гэтага вельмі хоча.
Адэля Вольская, фота Каміла Мазурэка
3. Голая манашка — Танец-фрык (4904)
«Танец-фрык» — адзіная песьня фіналіста конкурсу «Засьпявай 3.0», якая трапіла ў гадавы топ-12. Яе запісаў Фёдар Жывалеўскі разам з гуртом «Голая манашка» на верш Зьмітра Вішнёва. Фёдар заяўляе, што ня можна ігнараваць такую зьяву, як беларускі авангард і літаратурны пэрформанс, бо ігнор у першую чаргу — гэта татальнае прызнаньне непаўнавартасьці. Таму ён стварыў песьню на верш сучаснага беларускага паэта, прычым такога, які на думку лідэра «Голай манашкі» проста «выпадае з кантэксту інфармацыйнага адстойніку». «Вішнёў — гэта адзін з тых паэтаў, які займаецца паэзіяй не для атаясамленьня сябе зь нейкай прафэсіяй. Ён так жыве як піша, і піша тое чым жыве», — перакананы Фёдар. Яго песьня таксама перамагла ў адмысловым «Засьпявай-туры», але барацьбу ў чарце «Голая манашка» вырашыла не працягваць — Федзя запатрабаваў зьняць песьню з чарту. Тым ня менш, яе працягваюць актыўна слухаць на «тузіноўскім» аўдыёканале, што дазволіла ёй увайсьці ў тройку самых запатрабаваных песень году.
2. Dzieciuki — Тадэвуш Касьцюшка (7300)
Самай запатрабаванай песьняй з альбому «Рэха» стаў твор, прысьвечаны Тадэвушу Касьцюшку. Гарадзенцы прэзэнтавалі яго трохі раней за рэліз — асобным самотнікам, які пабачыў сьвет 4 лютага, акурат на 270-годзьдзе нацыянальнага героя Беларусі, ЗША і Польшчы. Для «Дзецюкоў» Тадэвуш Касьцюшка — увасабленьне гонару і годнасьці народу, які жыве на той самай зямлі, што дала яму жыцьцё. Гэты змагар-рамантык жыве ў кожным з тых, хто шукае праўды і справядлівасьці, пэўныя музыкі. Гэты пасыл падзяляюць тысячы беларусаў, што дазволіла гэтаму трэку заняць другое месца па выніках году. Да колькасьці гэтых праслухоўваньняў (7300) таксама можна дадаць яшчэ 2555 — столькі гэты трэк праслухалі на нашым канале яшчэ, калі выйшаў альбом «Рэха».
1. Жадан і Собаки — Рок-музыкант (11 700)
Твор, прэзэнтаваны ў межах праекту парталу Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі!» у верасьні 2015-га, па-сапраўднаму расслухалі ў 2016-м. Ён увайшоў у сталы рэпэртуар украінскага паэта, а па сумяшчальніцтве лідэра гурту з Харкаву «Собаки в космосі» (ці проста «Жадан і Собаки») Сяргея Жадана і дужа палюбіўся беларускай ды ўкраінскай публіцы. Музыкі зрабілі на яе музычнае відэа і цяпер безь яе выкананьня не абыходзіцца ніводны іх выступ. Вясною трэк узначаліў топ-12 на канале «Тузіна», летам саступіў месца двум трэкам Адэлі Вольскай, а ўвосень вярнуўся на пазыцыю лідэра. Па суме праслухоўваньняў за 2016 год «Рок-музыкант» у выкананьні Жадана зноў жа заняў першае месца.
Яшчэ: Топ-12 самых запатрабаваных беларускіх песень 2015 году (аўдыё)
Увага! У гэтым рэйтынгу ўлічваюцца праслухоўваньні толькі праз плэер Soundcloud, а ёсьць яшчэ праслухоўваньні/запампоўкі на самім сайце Tuzin.fm, а таксама «УКантакце» і Youtube, якія лічацца асобна. Так што рэальныя лічбы праслухоўваньняў кожнай песьні могуць быць значна большыя.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ