Кліп месяца. «Галота» дайшла!
Відэа на песьню гурту Re1ikt «Хадзіла галота» стала пераможцам 3-га туру на Tuzin.fm.
Праца рэжысэркі Алесі Лацінскай набрала ў галасаваньні ў відэачарце 267 галасоў і фінішавала першай. Цікава, што кліп — аматарскі, яго зьнялі прыхільнікі каманды. Але музыкі з Re1ikt упадабалі працу і ды ўключылі ў сваю афіцыйную відэаграфію. Таму яна і трапіла ў галасаваньне.
Як кажа лідэр Re1ikt Алесь Дземідзенка, аніякіх заклікаў галасаваць яны публічна не рабілі. Таму перамога стала тым больш прыемным зьдзіўленьнем. Сам музыка не бярэцца сказаць, ці сапраўды гэтая праца заслугоўвае перамогі: «Гледзячы па якіх крытэрыях ацэньваць, бо можна зважаць у першую чаргу на апэратарскую працу, або на акторскую. Для мяне галоўнае, каб кліп выклікаў эмоцыі, перадаваў людзям пэўную інфармацыю, а таксама рабіў унёсак у культуру. Мы бачым відэінтэрпрэтацыю сюжэту песьні, кліп насычаны аб’ектамі, пэрсанажамі, падзеямі, якія нясуць пэўны сымбалізм, які не заўважны зь першага прагляду. Рады, што яго высока ацанілі і тыя, хто галасаваў у чарце».
Наогул жа Аляксандар Дземідзенка кажа, што ў відэачарце кожны з удзельнікаў варты ўвагі і па-свойму клясныя. Лідэр Re1ikt, дарэчы, мае дачыненьне яшчэ да адной працы, якая бярэ ўдзел у галасаваньні — кліпу гурту «Мерада». Ён дапамагаў у вытворчасьці гэтага відэа.
У студзені-лютым Re1ikt сканчае сэрыю выступаў на курсах «Мова нанова» канцэртамі ў Гомелі, Магілёве і Горадні. Пры канцы сакавіка гурт зьбіраецца даць канцэрт «Куфар на біс» у Менску, а таксама рыхтуе апдэйт ды яшчэ некалькі сюрпрызаў у новым годзе.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ