Zatoczka: «Мы прадстаўнікі чацьвертай сцэны» (прэзэнтацыя сынглу)
6224 / 1
21.05.2014

Zatoczka: «Мы прадстаўнікі чацьвертай сцэны» (прэзэнтацыя сынглу)

Лідэр гурту Zatoczka Макс Астравухаў у інтэрвію Tuzin.fm распавёў пра канцэпцыю «чацьвертай сцэны», патлумачыў сваю непрыязнасьць да «Ляпісаў» і прадставіў новы беларускамоўны сынгл «Мы ідзем» у новым панк/гардкор гучаньні.

ТГ: Дзе быў гурт апошнія пару гадоў?

Больш чым пару. З 2010-га мы маўчалі, практычна разваліліся, я сыйшоў з гурту, з мэдыя, ад сяброў і тусовак, а ў хлопцаў не складалася. Яны гралі ў іншых праектах і агулам усё было дрэнна. У 2012 годзе мы абвесьцілі пра вяртаньне. І вельмі ўдала. Атрымалі запрашэньні выступіць на адкрыцьці Euro-2012 у Гданьску, празь месяц узялі прыз глядацкіх сымпатыяў на Seven Festival у той жа Польшчы, давалі канцэрты на фан-паці ў Беларусі, Украіне, Расеі. Першая палова 2013 году прайшла гэтак жа, увосень мы завісьлі на запісе ў студыі, упершыню выступілі ў родным Магілёве і… расьпусьцілі склад. Каб ізноў сабрацца разам.

ТГ: Што зь сябе ўяўляе Zatoczka сёньня. Ці адбыліся зьмены ў складзе, канцэпцыі, музыцы?

Вядома. Цяпер, напрыклад, мы пішам трэкі толькі так, як яны ўрэшце рэшт гучаць на канцэртах. Калі ты памятаеш, у свой час Zatoczka брала сваёй харызмай і нахабнасьцю, а ў альбоме мы выглядалі на школьнікаў з 80-х. Што таксама шмат каго зьдзіўляла. Па складзе мы адмовіліся ад духавых. Наша новая праграма — гэта напалову панк-гардкор гучаньне з харавымі прыпевамі, хуткаснымі пройгрышамі, духам брытанскай OI-школы і таму падобнага. Нязьменныя толькі тэксты.

Што тычыць тэкстаў, то рок-музыка ў Беларусі дзеліцца на папсу (як Akute i Clover Club), на левых і правых. Мы чужыя ва ўсіх тусоўках, недзе нас лічаць левымі, недзе правымі, таму і зьявілася ідэя чацьвертай сцэны. Новай, радыкальнай, бо на дадзены момант беларуская музыка — пффф… Некаторыя дагэтуль граюць на гранты і ў той жа час выступаюць на прадзяржаўных мерапрыемствах, «Эўрарадыё» лабіруе расейскія поп-групы тыпу Nizkiz, а Дзядзя Ваня і «Ванхэльсынг» наогул у залі славы рок-н-ролу. Але ёсьць і новыя музыкі. Гарадзеншчына вельмі цікавая, напрыклад Dzieciuki… Я хачу аб’яднаць усіх вакол гэтай ідэі чацьвертай сцэны ды рабіць фэсты, спорт-турніры, разьвіваць мову, падтрымліваць здаровы лад жыцьця ды іншае. Зацікаўленыя ўжо ёсьць.

На фота: Zatoczka падчас выступу на адкрыцьці чэмпіянату Эўропы-2012 па футболе ў Гданьску

ТГ: Ты заяўляў, што адмова ад духавых зьвязаная яшчэ з частымі параўнаньнямі вас зь «лявацкай групай, што па прыколе грае ў змагароў». Патлумач падрабязьней, як прынялі такое рашэньне?

Былі агучаныя далейшыя крокі разьвіцьця творчасьці. Камэрцыйнага выхлапу ў ім ня бачна, вось духавой сэкцыі гэта і нецікава. Да ўсяго непазьбежныя былі канфлікты зь міліцыяй ды ўладамі. Духавікі ж навучаліся ў ВНУ ня дзеля таго, каб у рок-гурце граць. Плюс параўнаньне зь легендарнымі. « — Хто да нас прыязджае? — „Заточка“. — WTF? — Беларусы. Як „Ляпіс“, толькі таньней».

ТГ: А Міхалок? Чаму ты яму ня верыш?

Міхалок таленавіты і выдатны камэрс. Я з павагаю стаўлюся да яго і яго творчасьці. Сапраўды прыемна, што гэта нашае, беларускае. Але зайгрываньні ў «змагароў» гэта ўжо занадта. Пры чым ён акуратна грае ў гэта, пры выпадку адразу ж скажа, што ўсё сатыра ды гумар, а не ніякае не змагарства. Досьвед з гадамі не прап’еш. Нейкія забароны, адмены канцэртаў, бел-чырвона-белыя сьцягі, анархізм і гучныя заявы. І ў той жа час правыя фаны ва Ўкраіне пяюць яго песьні, а кошты на некаторыя канцэрты зусім завоблачныя.

ТГ: Сам ты не каньюктуршчык?

Не. І я не разумею, што можа натхняць на думку пра маю каньюнктурнасьць? Адмова ад духавых? Дык цяпер мы робiм тое з чаго пачыналi i што заўсёды хацелi рабiць. Тое, што я падтрымлiваю стрытэйдж? Дык гэта мой выбар, так я жыву апошнiя тры гады.

ТГ: Вы заяўляеце, што цяпер больш пільна будзеце ставіцца да запрашэньняў на выступы. З чым гэта зьвязана?

Так. Ня хочацца, каб нехта выкарыстоўваў нас у карысьлівых мэтах. Бруду і так хапае.

На фота: на Seven Festival-2012 у Вэнгажэва (Польшча), дзе беларускі гурт узяў прыз глядацкіх сымпатыяў.

ТГ: З блізкіх табе ідэйна беларускіх камандаў пачуў толькі назву Dzieciuki. А хто яшчэ з нашых ды замежных табе да душы?

Магу назваць тых, хто сапраўды цікавіць. Гэта Вольскі і Памідораў. Маладыя, але ўжо зьніклыя Down the Tyrant і «Глюкi». Гарадзенцы Contra La Contra. З сусьветных Stick to Your Guns, Sex Pistols, Payback.

ТГ: Каб зразумець, мэтавая аўдыторыя «Заточкі» — гэта футбольныя фанаты?

Наша аўдыторыя — цьвярозая, сьвядомая і свабодная моладзь. Фанаты ёсьць і сярод яе.

ТГ: А да хакею як вы ставіцеся? На матчы чэмпіянату сьвету ходзіце гуртом?

Ніяк. Мяне зусім не цікавіць хакей.

На фота: новы склад гурта ўзору 2014 году

ТГ: Новую песьню «Мы ідзем» вы распаўсюджвайце на дзьвюх мовах. Чаму б не сьпяваць толькі па-расейску, усім жа і так зразумела.

Сынгл запісваўся для саўндтрэку да расейскага фільму «Околофутбола-2». Пасьля мы вырашылі яго запісаць на мове і выдаць як афіцыйны. Не забывай, што ў нашай краіне афіцыйна прызнаныя за дзяржаўную дзьве мовы. І бацькі шмат каго з нас размаўляць па-расейску. Але пры гэтым забываць родную мову аніяк нельга. Інакш забудуць па хуткім часе і пра краіну ў цэлым.

ТГ: Дык чаму тады не сьпяваць выключна па-беларуску?

Для гэтага трэба пісаць толькі па-беларуску. А змушаць сябе зрабіць нешта я ніколі ня буду. Інакш дзе ж мая свабода.

ТГ: Пасьля сынглу чаго чакаць ад гурта?

Зьбіраемся прадставіць яшчэ і кліп на «Мы ідзем», а таксама яшчэ адзін сынгл, які мы запісалі яшчэ з духавымі. Каб паставіць тлусткую кропку на мінулай творчасьці. І ўжо пры канцы году паказаць паўнавартасны другі альбом. З канцэртаў пакуль пацьверджаны наш удзел у калямагілёўскім фэстывалі «Прыход», выступы ўвосень у Маскве і Кішынёве. Чакам прапановаў ад ўлюбёнага і культавага фэсту «Басовішча-2014» ды іншых летнікаў.

Прэм’ера! Песьня «Мы ідзем». Беларускі тэкст – Віталь Рыжкоў

Размаўляў SB, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: