Belsat Music Live №7: Re1ikt (відэа+новы анонс)
3041 / 0
18.02.2017

Belsat Music Live №7: Re1ikt (відэа+новы анонс)

Госьці аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live — гонар беларускай рок-сцэны, гурт Re1ikt, які атрымаў усе магчымыя ўзнагароды ў Беларусі і заслужыў пахвалу музычных экспэртаў за мяжою.

Re1ikt — гэта гурт сусьветнага ўзроўню. Пад «сусьветнасьцю» маецца на ўвазе, тое, што музыкі мысьляць вольна і шырока. І будуць годна выглядаць хоць на якой сцэне ў якой заўгодна краіне сьвету. Узнагароды і статусы, якія атрымлівае Re1ikt толькі пацьвярджаюць, што кірунак узяты музыкамі слушна. Яны атрымалі прызнаньне ад музычных экспэртаў ды калегаў, як тут, так і за мяжою. Білі Гулд з амэрыканскага гурту Faith No More уразіўся іх альбомам «Лекавыя травы» і пахваліў за добрыя аранжыроўкі і запіс. Вядоўца культавай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў кажа, што музыка такога кшталту як у Re1ikt у сьвеце робіцца культавай і за такія творы мэляманы плоцяць жывыя грошы, таму што гэта вібрацыі высокіх узроўняў. Намесьнік галоўнага рэдактара Zvuki.ru Дзьмітры Куркін лічыць музыку беларусаў надзвычай дзіўнай для нашых часоў, але пры гэтым адзначае, што такі вельмі арганічны і жывы запіс сустракаецца ня кожны дзень. А вядоўца амэрыканскага тэлеканалу «6 ABC» Мэт О’Донэл дык наогул стаў іх фанам, назваўшы Re1ikt галоўным адкрыцьцём у сусьветнай музыцы. Зьвярнулі ўвагу на ўнікальнасьць вакаліста каманды Ўладзімера Казлова ўкраінскія прадусары Канстанцін Меладзэ і Андрэй Данілка.

Музыкі распавядуць у размове зь вядоўцай Мірай Шульц пра тое, як дасягнуць прызнаньня і як магчыма канвэртаваць пахвалу ў грошы. У другой частцы гутаркі ўвага будзе скіраваная на Ўладзімера Казлова: ці сапраўды ён вырашыў рабіць сольную кар’еру, навошта ён сьпявае поп-кавэры і як ставяцца да гэтага ягоныя паплечнікі. У жывым сэце музыкі сыграюць песьні са сваіх апошніх двух альбомаў — «Лекавыя травы» і «Kufar» — у адмысловых вэрсіях, падрыхтаваных для гэтай праграмы.

У праграме гучаць песьні:

«Хадзіла галота»

 (музыка Алеся Дземідзенкі, Віталя Макшуна, Зьмітра Наркевіча, словы народныя);

«Люцэрна»

 (музыка і словы Алеся Дземідзенкі);

«Сваточкі»

(музыка Алеся Дземідзенкі, Віталя Макшуна, Зьмітра Наркевіча, Уладзімера Казлова, словы народныя).

Восьмае выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 25 лютага ў 20:30 на тэлеканале «Белсат». Госьцем будзе гурт Intelligency.

TuzinFM