Ганна Вольская (1975—2016). Якою ты была (фота)
8028 / 1
24.03.2016

Ганна Вольская (1975—2016). Якою ты была (фота)

23 сакавіка на 41-м годзе жыцьця пайшла ў іншы сьвет Ганна Вольская, беларуская прадусарка і сьветлай душы чалавек.

Яна дазналася пра сваю хваробу з год таму, але вырашыла жыць як жывецца, ляжаць у лякарнях не было яе выбарам. Да апошняга моманту Ганна не казала пра праблему нават сваім блізкім сябрам і заставалася такой жа жыцьцярадаснай, як і заўжды. Яе сяброўка, журналістка Вольга Бабак кажа, што Вольская нават не зрабіла курсу хіміятэрапіі, а як трапіла ў лякарню 17 сакавіка, дык тое было ўжо бессэнсоўна. Дактары канставалі апошнюю стадыю і паведамілі, што ўратаваць жыцьцё яе яны ўжо ня ў змозе. Лік пайшоў на гадзіны… Ганна пайшла ў іншы сьвет у бацькоўскай хаце, на вуліцы Гвардзейскай у Менску, адмучылася яшчэ колькі дзён. Пайшла ў дзень, калі яе дачцэ Адэлі якраз споўнілася 18 гадоў. Усіх, хто ведаў гэтую сьветлую і жыцьцярадасную жанчыну, напаткала непапраўная страта. Больш яе ўсьмешкі ў гэтым сьвеце мы не пабачым. Tuzin.fm смуткуе з гэтай нагоды. Мы зрабілі фотападборку, у якой Ганна паўстае такой, якой мы яе ведаем і памятаем. Сьветлая памяць!

Ганна ў Бэрліне: «Каля 70 гадзiнаў у мэтро, дзе кожны чалавек галоўны герой фiльму пра самога ж сябе. Карацей, наглядзелася… ) час вяртацца».

Ганна на школьным выпускным

                Разам з Паўлам Аракелянам і Лявонам Вольскім, 2014 год

Ганна ў Парыжы

Ганна ў Амэрыцы: «Калі вы зьбіраецеся ў Штаты, у вас белая скура, і вы прагнеце ўвагі да сваёй асобы, можаце зрабіць перад паездкай кшталту такіх косачак. Я гэтага ня ведала, але папулярнасьць адпрацоўвала))»

Ганна і Лявон, 18 гадоў шлюбу

На Радыё 101,2, 1996 год

У вобразе Маргарыты Сьцяпанаўны. Менавіта ў гэтай ролі Ганна і Лявон правялі канцэрт з нагоды 1-годзьдзя «Тузіна Гітоў» у Палацы рэспублікі ў сьнежні 2004 году

Ганна — дырэктар N.R.M., «Крамбамбулі» і сольнага праекту Вольскага

З акторам Алегам Гарбузам, праца над праектам «Аднойчы ў Барахляндыі», 2009 год

У журы «Адборышча» на «Басовішча», Менск, 2006

Пасьля канцэрту «Крамбамбулі» ў Данецку (Украіна), 2005 год

Адно з апошніх фота, на канцэрце «Крамбамбулі» ў Вільні, сьнежань 2015

Разьвітаньне з Ганнай адбудзецца 24 сакавіка з 11 да 13 гадзіны ў Сьвята-Елісавецінскім манастыры (вул. Выгоцкага, 6, мікрараён Навінкі ў Менску). Пахаваньне адбудзецца ў Заслаўі.

Tuzin.fm, фота Юры Сідуна (generation.by), з архіву Ганны Вольскай, з сацсеткак і з архіву tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: