Беларускія музыкі далучаюцца да абароны Курапатаў (відэа/аўдыё, абнаўляецца!)
4109 / 1
26.02.2017

Беларускія музыкі далучаюцца да абароны Курапатаў (відэа/аўдыё, абнаўляецца!)

Цягам тыдня ў месцы, дзе вырашылі пабудаваць бізнэс-цэнтар і дзе ў сталінскія часы адбываліся масавыя расстрэлы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, даюць канцэрты беларускія музыкі.

Гісторыя сьцісла — на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, пачалося будаўніцтва бізнэс-цэнтру. Забудоўшчык ТАА «Белрэканструкцыя» нейкім дзіўным чынам здолеў дакумэнтальна вывесьці частку тэрыторыі з ахоўнай зоны і пачаць працу. Грамадзкасьць карэнным чынам ня згодная і ўсяляк намагаецца будоўлю спыніць. Зладжана кругласуткавая варта, не абыходзіцца без правакацыяў і мужных учынкаў. Сярод іншых, абаронцаў Курапатаў падтрымліваюць у тым ліку беларускія музыкі, якія даюць жывыя канцэрты ў акустыку проста ў намётавым мястэчку ля будоўлі. Ужо выступілі цягам гэтых дзён Андрэй Мельнікаў, Зьміцер Захарэвіч, Сяргей Скурат, Андрусь Такінданг.

«У такой краіне, як Беларусь, дзе грамадзянская супольнасьць і нацыя знаходзіцца на стадыі фармаваньня, музыкант — гэта ня проста паэт ці сьпявак — гэта чалавек, які нясе адказнасьць за лёс дзяржавы. Канечне, кожны сам выбірае, дзе яму быць і што рабіць, але мне здаецца, што Курапаты сёньня — гэта тое месца, дзе фармуецца наша грамадзянская супольнасьць, дзе сталее наша нацыя», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, адзін зь першых, хто стаў на абарону Курапатаў.

Кожны музыка, гурт, выканаўца можа далучыцца да акцыі падтрымкі Курапатаў. Калі ёсьць жаданьне даць жывы выступ, можна зьвяртацца на рэдакцыйную скрыню 12tuzin@gmail.com або непасрэдна да Зьмітра Дашкевіча — тэл. 8 (044) 755-69-90, zm.dashkevich@gmail.com

Сёлета 80 гадоў, як у ноч з 29 на 30 кастрычніка ў турме КДБ былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод іх — беларускія літатаратары. Tuzin.fm рыхтуе адмысловы музычны праект, у межах якога беларускія музыкі выканаюць песьні паводе (не) расстралянай паэзіі. Сачыце за нашымі навінамі!

(дададзена 28.02). У намётавы лягер абаронцаў Курапатаў прыехаў Лявон Вольскі, які сыграў сэт найлепшых песень на знак падтрымкі. Відэазапіс выступу можна паглядзець у FB Зьмітра Дашкевіча.

Каля 21-й гадзіны выступіла сьпявачка Патрыцыя Сьвіціна. Відэа выступу

(дададзена 3.03). Супрацьстаяньне скончылася. Пакуль на карысьць абаронцаў Курапатаў. Варту вырашана прыбраць у панядзелак, 5 сакавіка

(дададзена 4.03). Падтрымаць абаронцаў Курапатаў прыехаў гурт Dzieciuki з Гародні. Удзельнік каманды Алесь Дзянісаў сыграў невялікі сэт. Відэа Антона Матолькі.

Tuzin.fm, фота svaboda.org

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    28.02.2017 / 17:51

    Cёньня, у 17.00 акустычны сэт для абаронцаў Курапатаў сыграў Лявон Вольскі!

  • КАМЕНТАВАЦЬ