!OUT: Станіслаў Манюшка на кружэлках 1900—1950-х
3267 / 0
07.09.2019

!OUT: Станіслаў Манюшка на кружэлках 1900—1950-х

2019-ы абвешчаны ЮНЭСКО годам Станіслава Манюшкі. Да 200-гадовага юбілею маэстра прапануем дазнацца, як гучалі ягоныя творы на самых раньніх аўдыёвыданьнях — адным цыліндры й адзінаццаці грамафонных плытках першае паловы мінулага стагодзьдзя.

1. Якаў М. Мядзьведзеў «Думка Ёнтка», 1916 г.

Менавіта ноты гэтае арыі з опэры «Галька» былі выбітыя на першапачатковай шыльдзе, усталяванай у 1966 годзе на месцы фальварку Убель на Меншчыне, дзе нарадзіўся Станіслаў Манюшка. На новым варыянце шыльды ноты замянілі, пакінуўшы нейкія чыста сымбалічныя знакі. Затое замест дэфініцыі «вялікі польскі» пазначана «вялікі беларуска-польскі кампазытар». На кружэлках пачатку XX стагодзьдзя можна знайсьці каля двух дзясяткаў розных выкананьняў «Думкі», кожнае зь якіх выдавалася немалымі накладамі, а асобныя й перавыдаваліся. Што тычыцца, самое опэры, то да канца XIX ст. «Галька» ставілася каля паўтысячы разоў. Яна ўвогуле аб’езьдзіла ўсю плянэту за выняткам хіба Аўстраліі. Адна з пастановак адбылася нават на Гаіці, дзе жывуць нашчадкі легіянэраў, накіраваных туды Напалеонам з Рэчы Паспалітай.

2. Марцэла Сэмбрыч-Каханская «Арыя Галькі», 1907 г.

Другі шлягер з тае ж першае польскае нацыянальнае опэры. Уладзімер Караткевіч праз дыялёг сваіх пэрсанажаў у рамане «Каласы пад сярпом тваім» адзначае, што ў арыі Галькі выкарыстаная беларуская народная песьня «Стала б ты калінай, абняў бы цябе я…». Зрэшты Манюшка сам прызнаваўся: «Я не ствараю нічога новага. З народных песень натхненьне мімаволі пераліваецца ва ўсе мае творы». Адметна, што «Галька» крочыла да Варшаўскае опэры 10 гадоў. Першыя пастаноўкі адбыліся ў Вільні ды Менску. У 1858 годзе поўная рэдакцыя опэры ў чатырох актах выклікала трыюмф у Варшаве. Ёсьць згадкі, што аўтар марыў пачуць яе на клясычнай опэрнай мове — па-італьянску. А яшчэ хацеў, каб сюжэт сканчаўся сялянскім паўстаньнем.

3. Толя Манкевіч «Дай вам Божа…», 1930 г.

Польская фірма Syrena Record у 1930 годзе выдала бокс-сэт з 14 кружэлак з асноўнымі нумарамі «Галькі». У суквецьці галасоў на плытцы можна пачуць сапрана Толі Манкевіч, якая нарадзілася на Падляшшы пад Ломжай, а з пачаткам Другой сусьветнае вайны трапіла ў Беласток і некалькі гадоў працавала ў мясцовым тэатры. За інструмэнтальную частку на прадстаўленым запісе адказвае Сымфанічная аркестра Варшаўскае опэры з дырыгентам Браніславам Шульцам. Колісь тую самую пасаду займаў і Станіслаў Манюшка. Жыць і працаваць у польскую сталіцу ён пераехаў амаль у 40-гадовым узросьце ды зь вялікім творчым бэкграўндам. У тым ліку, як аўтар першае опэры з ужываньнем беларускае мовы «Ідылія».

4. Генрык Джавецкі «Арыя з курантамі», 1908 г.

Дакладная дата народзінаў Станіслава Манюшкі невядомая, бо 5 траўня 1819 году — гэта дата хросту ў сьмілавіцкім касьцёле. Акурат у Сьмілавічах пад Менскам дагэтуль месьціцца палац ягонага дзеда. Кажуць, што той палац стаў прататыпным месцам падзеяў для опэры «Страшны двор», другога па папулярнасьці буйнога твору Манюшкі. Паводле паданьня, у палацы даўно не заводзіўся стары гадзіньнік, аднак куранты раз-пораз пачыналі граць самі. «Страшны двор» зьявіўся па заканчэньні паўстаньня 1863—1864 гадоў, таму трапіў пад забарону царскіх уладаў ужо пасьля трэцяга паказу ў Варшаве. У Менску тую опэру паставілі толькі ў 1952 годзе зь беларускай адаптацыяй тэксту Максіма Танка.

5. Сымфанічная аркестра Польскага радыё «Байка, ч.1», 1934 г.

Увэртуру «Байка» аўтар прысьвяціў свайму аднадумцу — расейскаму кампазытару Аляксандру Даргамскаму. Адмыслоўцы залічаюць «Байку» да найбольш значных сымфанічных працаў Манюшкі, што заклала асновы для фармаваньня ўласна беларускай музычнай стылістыкі. «Музыка — ня толькі мова, што перадае пэўную думку й пачуцьцё, але яшчэ й выява пэўнае мэнтальнасьці, нацыянальнага характару народаў», — казаў Станіслаў.

6. Яўген Жукоўскі, Роза Красноўская «Ведзьма, ч.1», 1926 г.

«Сродкі мастацтва не на ўпрыгожваньне простага сьпеву, а, наадварот, на выяўленьне ягонае прыгажосьці павінныя быць ужытыя», — заўважаў Манюшка. Асновай для опэры «Ведзьма» стала другая частка паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды», яшчэ аднаго выхадца зь беларускіх земляў. Як пазначана на кружэлцы брытанскае грамафоннае кампаніі Columbia, Яўген Жукоўскі й Роза Красноўская паходзяць з Украіны й выступалі камічным дуэтам.

7. Стэфан Вітас «Ці ведаеш той край?», 1935 г.

Песьня зноў жа на словы Міцкевіча. Як аўтары першых манаграфіяў пра Манюшку, гэтак і сучасныя польскія дасьледчыкі ўказваюць на тое, што польскім фальклёрам ён зусім не натхняўся ў адрозьненьне ад народнае музыкі, якую пачуў на тэрыторыі сучаснае Беларусі. Яшчэ пры жыцьці кампазытара крытыкавалі за несупадзеньне моцнай долі ў вершах і музыцы. У беларускіх народных песьнях гэта звычайная зьява, а ў выпадку з польскай мовай даводзілася парушаць правілы.

8. Юлія Чахмецьева «Вечаровая песьня», 1909 г.

У 1840—1858 гадах Станіслаў Манюшка працаваў як арганіст і хормайстар у віленскім касьцёле Сьвятога Яна. Менавіта ў Вільні адбыўся запіс «Вечаровае песьні» на словы ўраджэнца Бабруйшчыны Ўладзіслава Сыракомлі. Сьпявачка Юлія Чахмецьева шмат выступала ў Вільні, а перад тым цягам двух гадоў на опэрных сцэнах Менску ды Віцебску.

9. Уладзіслаў Поляк «Матысек», 1928 г.

Актор зь Львову Ўладзіслаў Поляк, які нейкі час працаваў ва Ўсеагульным тэатры ў Вільні, меў у рэпэртуары песьню «Матысек». Аўтарскі дуэт Манюшкі й Сыракомлі, відавочна, натхніўся нейкім першапачаткова народным варыянтам сьпеву. Таму Поляк нібыта закальцаваў працэс: спрасьціўшы мэлёдыю й скараціўшы тэкставыя рэфрэны, вярнуў апрацоўку ў фальклёрнае рэчышча.

10. Павал Пракапеня «Рыцарская песьня», 1938 г.

Маршавы сьпеў на словы Юзэфа Касьцельскага выконвалі паўстанцы 1863—1864 гадоў. А запісаў яго на кружэлку Павал Пракапеня, больш вядомы ў сьвеце опэры пад прозьвішчам Prokopieni. Бас-барытон паходзіў зь вёскі Запольле, што на Берасьцейшчыне, некаторы час жыў у Наваградку, а скончыў свой шлях у Нью-Ёрку.

11. Жан Франсуа Дэльма «Казак», 1902—1903 г.

 У Вільні Станіслаў Манюшка пазнаёміўся сярод іншых з паэтам-філяматам Янам Чачотам і напісаў на ягоныя тэксты болей за два дзесяткі песень (з усіх сваіх трох соцень). Яны ўключаліся ў адмысловыя нотныя зборнікі — «Хатнія сьпеўнікі». Папулярнасьць гэтых песень дасягнула й Францыі, дзе «Казака» запісаў на васковы цыліндар мясцовы бас-барытон.

12. Вераніка Бэл «Прасьнічка», 1950-я

Яшчэ адна песьня на словы Чачота, што перажыла шмат апрацовак, у тым ліку джазавых. На запісе, зробленым у Мюнхэне на радыёстанцыі «Вольная Эўропа», у вобразе прасьнічкі паўстае Вераніка Бэл. Сапраўднае імя сьпявачкі: Вераніка Ігнатовіч-Махневіч. Да Другой сусьветнае вайны яна жыла ў Беластоку ды Горадні, а пасьля вайны на сталай аснове выступала ў парыскім м’юзык-голе Folies Bergere.

Падрабязьней у падкасьце Віктара Сямашкі

Аўтар матэрыялу дзякуе музыказнаўцы Ганьне Комінч, а таксама рэсурсу staremelodie.pl.

Віктар Сямашка, TuzinFM