Беларускія музыкі: «Паэзію не расстраляеш» (відэа)
5145 / 0
17.05.2017

Беларускія музыкі: «Паэзію не расстраляеш» (відэа)

29 кастрычніка адбудзецца канцэртная прэм’ера новага музычнага праекту «(Не) расстраляная паэзія», створанага на вершы рэпрэсаваных беларускіх паэтаў. Запрашэньне на прэзэнтацыю атрымаюць тыя, хто падтрымае праект на Talaka.by.

Кожны з удзельнікаў праекту парталу TuzunFM.by «(Не) расстраляная паэзія» запісаў відэазварот, у якім распавёў чаму бярэ ўдзел у ім і на верш якога паэта створыць музыку. Лявон Вольскі, які ўзяў верш Юлія Таўбіна «Ты помніш», кажа, што гісторыя расстраляных паэтаў замоўчваецца і ён супраць гэтага.

Рэпэр Vinsent у сваім відэазвароце зазначыў, што вельмі сымбалічна будзе тое, што праз 80 гадоў фактычнага забыцьця, вершы расстраляных у 1937 годзе паэтаў стануць песьнямі. «Спадчына не павінна пыліцца ў архівах», — упэўнены гурт Re1ikt, які рыхтуе песьню паводле апавяданьня Міхася Зарэцкага «Паэма пра чорныя вочы». «Можна перарваць жыцьцё, але нельга перарваць сувязь пакаленьняў. Для нас гэтыя паэты жывыя, і яны будуць жывыя да таго часу, пакуль мы іх памятаем», — заяўляе гурт Dzieciuki. Музыкі запісваюць песьню на верш Міхася Чарота «Бунтар».

Канцэртная прэзэнтацыя праекту «(Не) расстраляная паэзія» пройдзе ў менскім клюбе «Бруге» 29 кастрычніка, роўна праз 80 гадоў пасьля жахлівай ночы, калі за некалькі гадзінаў былі расстраляныя 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Запрашэньне на прэзэнтацыю атрымаюць тыя, хто падтрымае праект на Talaka.by.

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ

Акрамя таго, увосень у межах праекту «(Не) расстраляная паэзія» пройдуць адкрытыя лекцыі з удзелам літаратуразнаўцаў ды музыкаў ды будзе выдадзеная сэрыя з «маўклівых кнігаў» — дызайнэрскіх нататнікаў з партрэтамі і цытатамі паэтаў.

TuzinFM, відэа Арцёма Лобача і Яўгена Шапчыца