Ягор Сурскі. Закаханы ў рэтра (прэм’ера)
4598 / 0
11.06.2015

Ягор Сурскі. Закаханы ў рэтра (прэм’ера)

Арт-мэнэджар, рэжысэр і выкладчык Ягор Сурскі прадэманстраваў Tuzin.fm сваю здольнасьць сьпяваць, як 100 гадоў таму, ды прэзэнтаваў першы самотнік з музычнага рэтра-праекту — песьню «Нёман».

ТГ: Ягор, чаму ты вырашыў сьпяваць. І што цябе падмацоўвае ў думцы, што гэта можа быць камусьці цікава?

Я і не задумваўся, чаму вырашыў сьпяваць. Тым больш што ў мяне няма аніякай музычнай адукацыі. Нават нотнай граматы ня ведаю. Мне падаецца гэта цалкам натуральным, калі чалавек сьпявае. Сёньня ўсё ж людзі менш сьпяваюць, чым раней. Раней гэта было больш адметным у народнай культуры. Цікавым мае сьпевы падаліся шмат каму з прафэсійных музыкаў, якія былі ўзрушаны гэтым і ўражаны. Таму я і вырашыў, што варта гэтым займацца. Дапамагае мне выканаўца і сьпявак Пятро Клюеў. Зь ім мы і задумалі агульны праект, які заснаваны на міжнародным рэтра-рэпэртуары. Але перадусім хацелася б узнавіць старыя беларускія песьні.

ТГ: Што канкрэтна па-твойму падлягае ўзнаўленьню? Якія песьні і якіх аўтараў ужо абраныя?

Рэпэртуар абіраю даволі спарадычна. Хутчэй арыентуюся на вядомых выканаўцаў, ці проста на вядомыя творы. Хацелася б увесьці некалькі песень у беларускі рэпэртуар. Так, апошняй была запісаная на студыі на матыў сусьветна вядомай шатляндзкай «Auld Lang Syne» на словы Робэрта Бэрнза. Адмыслова быў зроблены беларускі пераклад. Дзіўна, што яна не гучала аніяк у Беларусі, нягледзячы на тое што ў «Песьняроў» была цэлая праграма паводле твораў Робэрта Бэрнза. Хаця гэты канкрэтны верш і перакладаў Ян Скрыган, але атрымаўся свой пераклад, які зрабіў вучань 11 клясы Сьцяпан Пуціла і я трошкі яго адрэдагаваў.

ТГ: У якасьці першага сынглу на Tuzin.fm ты вырашыў прадставіць песьню «Нёман» Cакалоўскага і Астрэйкі. У чым унікальнасьць гэтага сьпеву? І што ты дадаў у яе ад сябе?

Адна мая знаёмая з кансэрваторскай адукацыяй сказала, што сьпевы нагадваюць старую кружэлку. Так сьпявялі гадоў 100 назад. Па манеры выкананьня ёй гэта нагадала Шаляпіна, Собінава. Гэта ня ёсьць добра з пункту гледжаньня сучаснай манеры выкананьня клясыкі, але сёньня… Гэта мае права на існаваньне, я лічу, можа стаць адпаведнай фішкай, калі захоўваць менавіта такую манеру, стварыць адпаведны вобраз.

ТГ: Што з гэтага праекту можа атрымацца? На што разьлік?

Ня ведаю, але я займаюся абсалютна рознымі творчымі праектамі: ад арганізацыі выставак да здымак дакумэнтальных фільмаў. Можа, што і атрымаецца са сьпевамі. Рэтра-рэпэртуар сёньня ў традыцыйнай манеры выкананьня можа быць запатрабаваным. Традыцыйныя папулярныя песьні 50—60-х ці ранейшага пэрыяду павінны стаць клясыкай. Дзеля гэтага іх трэба выконваць, узнаўляць і папулярызоўваць такім чынам. 

Цалкам натуральная зьява, калі людзі сьпяваюць дзеля свайго задавальненьня. Іх не хвалюе рэакцыя, ці папулярнасьць, ці розгалас, ці посьпех. А само выкананьне можа быць рэпрэзэнтавана ў адкрытых рэсурсах. Сёньня для гэтага ёсьць усе магчымасьці. Гэта можа быць неблагім арыенцірам, асабліва ў беларускіх музычных абставінах. Мяркую, што для творчасьці, посьпех ці кар’ера — гэта няправільная матывацыя.

Рэтра-альбом Ягора Сурскага і Пятра Клюева мае выйсьці ў 2015 годзе.

Tuzin.fm