
Як бяжыць рака. Трансфармацыя беларускага фольку (фільм + аўдыё)
У сваім новым фільме рэжысэр Арцём Лобач спалучыў відэаарт, дакумэнталістыку ды кліпмэйкерства дзеля таго, каб паказаць адыход традыцыйнай песеннай культуры і нараджэньне новага беларускага фольку.
Фільм «Беларускія песьні: Традыцыя адлегласьці» рэжысэр Арцём Лобач задумаў яшчэ восем гадоў таму. Спачатку меркавалася зьняць поўнамэтражную стужку пра беларускую музыку, але зь цягам часу ідэя выкрышталізавалася і распаўсюдзілася канкрэтна на фольк. Арцём узяўся прасачыць сувязь між пакаленьнямі, паразважаць пра пераемнасьць песеннай традыцыі ды пашукаць мастацкі вобраз беларускіх сьпеваў.
Кадар зь фільму
«Раней абрадавыя песьні перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне, але ў наш час я лічу, што народная песенная культура адыходзіць. Губляюцца зыходныя тэксты і інтанацыі, а галоўнае — страчваецца абрадавы сэнс. Гэта культура пераходзіць са звычайнага жыцьця ў музэй. Людзям ужо ніколі не спатрэбяцца традыцыйныя абрады, а разам зь імі і песьні зь іх сакральным зьместам. Але вінаватых тут шукаць ня варта. Проста зьмяніўся час. Зь іншага боку песьні працягваюць жыць у новым фармаце, хоць ня ўсе этнографы і музыкі прымаюць такое становішча рэчаў. Абрадавыя песьні сталі прытокам ракі нашай новай сучаснай беларускай культуры. І я хачу, каб людзі глядзелі на гэты фільм, як мы часам назіраем за тым, як бяжыць рака», — зазначыў Арцём з нагоды прэм’еры фільму на TuzinFM.
Героямі стужкі сталі тры гурты — Re1ikt, Shuma і Vuraj. Іхныя сьпевы натхнялі рэжысэра да здымак, падчас здымак і працягваюць натхняць надалей. З дапамогай іх музыкі, а таксама архаічных сьпеваў ад бубуляў з палескіх вёсак аўтар фільму намагаецца знайсьці мастацкі вобраз беларускага сьпеву. Фільм збудаваны на памежжы відэаарту, дакумэнталістыкі і кліпмэйкерства. Агулам жа стваральнікі трымаюцца вызначэньня «музычна-дакумэнтальны фільм».
Вакаліст гурту Re1ikt Уладзімер Казлоў. Кадар зь фільму
У аснове фільму «Беларускія песьні: Традыцыя адлегласьці» экспэдыцыі па Палесьсі, размовы з музыкамі і жыхарамі палескіх вёсак. Здымкі праходзілі на працягу апошніх двух гадоў. Фільм здымаўся выключна на асабістыя сродкі аўтара (ён жа рэжысэр, апэратар і мантажор) Арцёма Лобача. Дапамагалі яму ў гэтай справе Сяргей Доўгушаў, які зладзіў тры экспэдыцыі на Палесьсе, Віталь Чымбар, Аксана Багданава, якая дала магчымасьць паздымаць у музэі Азгура. Відэаматэрыял з канцэрту Shuma быў прадастаўлены студыяй DVAcine, відэа з квадракоптара зрабіў Віталь Ухванаў. Апэратары фільму — Ільля Бажко, Яўген Шапчыц і Ягор Яфімаў. Гукарэжысэр — Арцём Бусел.
Афіцыйная прэзэнтацыя фільму «Беларускія песьні: Традыцыя адлегласьці» адбылася на 23-м Менскім міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» у пазаконкурсным паказе «Беларуская панарама».
Аўтар карціны Арцём Лобач — беларускі кінарэжысэр, кліпмэйкер, дакумэнталіст. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Менску па спэцыяльнасьці «Рэжысура кіно і ТБ» (2013). Цяпер сканчае ў Варшаве Школу кінарэжысуры Анджэя Вайды. Сярод ягоных працаў: дакумэнтальныя фільмы «Простыя рэчы», «Шлях у Дамаск. Частка першая», гульнявыя кароткамэтражныя фільмы «Дом», «Змрок», «Бліжэй чым ты думаеш», музычныя кліпы для The Toobes, J: Mors, Akute, Vuraj. Арцём быў рэжысэрам музычнага праекту парталу TuzinFM і тэлеканалу «Белсат» — «Новае пакаленьне на Новы год», цяпер ён рэжысуе праграму Belsat Music Live.
Яшчэ: Арцём Лобач: «Большасьць музыкаў пра візуальны складнік не задумваецца»
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ