«Беларускі альбом» расейскай сьпявачкі Мілы Ражковай — найлепшы альбом восені (+прэм’ера)
3139 / 0
20.11.2018

«Беларускі альбом» расейскай сьпявачкі Мілы Ражковай — найлепшы альбом восені (+прэм’ера)

У сваім камэнтары пераможца распавяла анэкдот пра нефармат, назвала беларускіх выканаўцаў, якія яе натхняюць ды адмыслова для наведнікаў TuzinFM прэзэнтавала новы трэк — песьню Сьвятаслава Вакарчука ў перакладзе на беларускую мову.

На рахунку ў «Беларускага альбому» 1021 голас, які быў атрыманы цягам галасаваньня ў восеньскім чарце. Гэтага было цалкам дастаткова для перамогі — адрыў ад другога месца склаў 169 галасоў. Сама сьпявачка з Масквы прызнаецца, што з увагаю сачыла за галасаваньнем. «Перамагчы важна заўжды, але тут істотны іншы момант. У Расеі мяне доўга нідзе не прымалі. Як у тым анэкдоце: на адборачным туры фэстывалю нефарматнай музыкі адсеялі з фармулёўкай „нефармат“. Не рэагаваў на нашы заяўкі і ніводны фэстываль у Беларусі нават пасьля зьяўленьня „Беларускага альбому“. Пры гэтым, на выступах у Расеі, Беларусі ды іншых краінах Эўропы заўжды прымаюць», — кажа Міла.

Падчас галасаваньня, дарэчы, яна стала ляўрэаткаю міжнароднага фэстывалю вакальнага майстэрства «Тембр» у Маскве. Акром таго, Міла мае статус чэмпіёнкі сьвету ў катэгорыі індывідуальных выканаўцаў на фэсьце «World Folk — 2016» і шэраг іншых узнагародаў на эўрапейскіх фэстах. Кажа, што ўсе гэтыя перамогі і адзнакі, у тым ліку на «Тузіне» дадаюць ёй упэўненасьці ў творчым пошуку.

Мілу Ражкову ўзнагароджваюць на фэсьце «World Folk — 2016» у Баўгарыі

Сама Міла актыўнага ўдзелу ў галасаваньні ў чарце на TuzinFM ня брала, хоць і пазнаёміліся з удзельнікамі цяперашняга туру. Вылучае зь іх альбом «7+» By Cry і «Мэтро» гурта «Мутнаевока». Наогул жа зь беларускай музыкі сьпявачка вылучае найперш «Песьняроў», якіх любіць зь дзяцінства. Вельмі ёй падабаюцца сьпевы Данчыка і ягоны прыгожы голас, а таксама творчасьць Тацяны Грыневіч, зь якой яны неяк разам выступалі ў адным канцэрце ў Горадні. Вылучае сьпеў «Разьвітаньне з Радзімай» у выкананьні Веранікі Кругловай і Зьмітра Вайцюшкевіча. Нядаўна, дарэчы, Міла зрабіла сваю вэрсію гэтай песьні на музыку Міхала Клеафаса Агінскага.

Міла Ражкова працягне надалей запісваць песьні ў тым ліку на беларускай мове, якую вельмі палюбіла. Яна рыхтуе яшчэ адзін альбом, а таксама асобны беларускі праект, падрабязнасьці пра які пакуль хоча захаваць у таямніцы. Нядаўна Міла пазнаёмілася зь Сержуком Сокалавым-Воюшам, калі пытала дазвол на выкананьне ягонага тэксту на палянэз Агінскага. Такім чынам між імі завязалася творчае сяброўства. Апошні плён — новая песьня Мілы: «Сяржук неяк даслаў мне відэа Валянціны Шаўчэнкі з Канады, якая выконвала ягоны пераклад песьні Сьвятаслава Вакарчука „Міть“. Мне яна так спадабалася, што захацелася зрабіць да яе сваю аранжыроўку».

Аўтар беларускай вэрсіі песьні Сяржук Сокалаў-Воюш у камэнтары для TuzinFM зазначыў, што яму падабаюцца абодва варыянты гэтага сьпеву — як Валянціны Шаўчэнкі, так і Мілы Ражковай. Але па-рознаму: «У Мілы запіс іншы. Гучаньне іншае, аздобленае цудоўнымі аўтарскімі аранжыроўкамі сьпявачкі. Новы зьмест. Новыя разуменьні й адчуваньні. Новыя асацыяцыі. Добры прыклад таго, як той самы тэкст па-рознаму раскрывае дзьве розныя творчыя натуры. Калі такое здараецца, часам мне падаецца, што й словы ў кожным выпадку перакладалі два розныя Сержукі…»

Сачыць на навінамі сьпявачкі можна праз афіцыйныя суполкі ў сеціве — УКантакце і Facebook.

TuzinFM, загалоўнае фота Юліі Зайкінай