«Грамыка наш мастацкі апякун». У Менск едзе надзея расейскага року
1940 / 0
21.06.2017

«Грамыка наш мастацкі апякун». У Менск едзе надзея расейскага року

Лідэр гурту зь Петразаводску «Грамыка» Максім Кашалёў у інтэрвію TuzinFM распавёў, чаму яны славяць вобраз савецкага міністра родам з Гомельшчыны, якія ў яго эмоцыі выклікае Беларусь і што яму сказаў сваяк Аляксандра Грамыкі пры сустрэчы.

Каманда з далёкай Карэліі, якую называюць у ліку галоўных надзеяў расейскай музыцы была ўжо аднойчы ў Менску — на прэзэнтацыі двайнога міні-альбому «ВДНК», выдадзенага ў супрацы з «братамі па розуму», гуртом «Кассиопея» пры канцы мінулага году.

Максім той візыт прыгадвае зь цеплынёю: часу было вобмаль, нават пафатаграфавацца на шырокіх менскіх праспэктах не пасьпелі, затое прыём быў зладжаны неверагодны. «Мне той канцэрт запомніўся надзвычайнай ветлівасьцю публікі, якая ведала шмат якія нашы песьні. Гэта ня можа ўсяляць упэўненасьці ў заўтрашнім дні, які ў Беларусі наступіць 6 ліпеня».

Вакаліст гурту «Громыка» сапраўды размаўляе і паводзіць сябе як член Палітбюро. Ён з калегамі пачынаў у гурце «Револьвер», які быў заснаваны пры канцы 80-х мінулага стагодзьдзя (вось іх тэледэбют, а вось галоўны гіт), але ў пэўны момант адмовіўся ад ранейшага рэпэртуару і цалкам зьмяніў вобраз, стыль, падыход, падачу і стаў тым самым «Грамыкам», які пацешна-патасным голасам пяе нібы вяшчае з высокае трыбуны: «Гаварыў я вам, не прыслухаліся». Галоўны гіт петразаводцаў вельмі проста развучыць напамяць.

«Громыка» на ўсе канцэрты бяруць з сабою банэр-плякат з выявай чалавека, якому абавязаны назваю сваёй каманды. Гэта Андрэй Грамыка, які нарадзіўся ў адселенай ужо вёсцы на Гомельшчыне. Палітык зь неверагоднай біяграфіяй: ён пачаў кар’ернае ўзыходжаньне яшчэ за Сталіным да вайны, а скончыў на пасадзе старшыні прэзыдыюму ВС СССР ужо за Гарбачовым у часы перабудовы. «На адным з нашых канцэртаў у Маскве да нас падыйшоў чалавек, прад’явіў пашпарт і прызнаўся, што даводзіцца А. А. Грамыку сваяком сярэдняй дальнасьці. У хадзе размовы, якія між намі адбылася, ён выказаў удзячнасьць гурту ад сямейства Грамыкаў за папулярызацыю вобразу А. А. Грамыкі сярод моладзі», — распавядае не варухнуўшы брывом лідэр «Грамыкі».

На самой справе, у назьве гурту спалучаюцца два словы-вобразы, тлумачыць Максім. «Назваць групу ў гонар кагосьці — гэта занадта вялікая адказнасьць. Таму мы абралі слова, якое было сугучнае двум іншым — „базука“ і „грамазека“, што і спалучылася ў „грамыку“. Што да А. А. Грамыкі, то мы ставімся да яго зь нязьменнай павагай і лічым сваім мастацкім апякуном».

У Менск «Громыка» вязе свой трэці альбом «НашаТырь». Кажучы пра нашу краіну, Максім Кашалёў урэшце ўсьміхаецца: «У нас Беларусь выклікае выключна станоўчыя эмоцыі. Цяжка пераацаніць яе значэньне ў нашым жыцьці. Гэта ж і аднайменны трактар — нястомны працаўнік на дарогах ды палях, гэта і прадукцыя лёгкай і харчовай прамысловасьці, якая нязьменна карыстаецца заслужанай папулярнасьцю ў жыхароў нашых гарадоў і сёл. У Карэліі дык дагэтуль можна харчавацца выключна беларускімі прадуктамі».

Канцэрт гурту «Громыка» пройдзе 6 ліпеня ў клюбе «ILI». Папярэдне квіткі можна набыць за 10 рублёў.

Яшчэ пра расейскіх музыкаў на TuzinFM

Беларускі сьлед DDT (фота/аўдыё/відэа)

Андрэй Макарэвіч адчуў мэлёдыку беларускай мовы (прэм’ера!)

Беларускі cьпеў Марыны Капуры (аўдыёрарытэт!)

 Беларуская «Бібігонія» Вячаслава Бутусава (відэа)

«Мумий Тролль», Сьвірыдава, «Смысловые галлюцинации» па-беларуску: «Перазагрузка» афіцыйна выкладзеная ў Soundcloud (аўдыё)

TuzinFM, фота Максіма Курапава