Bajsan&Бубен. Сусьветны прарыў беларускага ямб-н-басу (відэа)
Паэт Алесь Плотка ды электроншчык Улад Бубен далі майстар-клясу па прасоўваньні ўласнай творчасьці. Іх новы альбом будзе распаўсюджвацца праз 102 інтэрнэт-крамы ў 240 краінах, у тым ліку Amazon.com, iTunes, Google Play і Deezer.
Альбом «Iamb’n’Bass» — плён працяглай супрацы паэта і электроншчыка. Гэтай працы папярэднічалі два EP, у запісе якіх удзельнічалі яшчэ шэраг беларускіх паэтаў. Канцэпцыя новага дыску такая: Bajsan (Алесь Плотка) чытае свае вершы, а Бубен аздабляе іх электроннай музыкай. Пры такім моцным паэтычным акцэнце, Алесь перакананы, што яго хутчэй прымуць людзі ад музыкі, чым ад літаратуры.
«Я не бухаю са знакавымі фігурамі сучбелліту і далёкі ад клянавых разборак гэтай часткі супольнасьці. Альбом атрымаўся ў роўнай ступені для хатняга праслухоўваньня і для жывога. Нам утульна быць на сцэне ў такім суіснаваньні, калі і музыка і тэкст і відэа працуюць на роўных, але людзі пэрыядычна просяць больш выразнай прысутнасьці слова. Крыху гэты фармат для нашых шыротаў нязвыклы. Цяпер думаем запісаць EP, блізкі стылістычна да скві. У ім, відаць, якраз будзе болей шырокая паэтычная частка. Апапсеем на замову, можна сказаць».
Авангардны праект дае жывыя выступы ня часта, але не адмаўляецца ад іх. Сёлета музыкі выступілі з прэзэнтацыяй праекту «Танцы з Бубнам» у адным з сталічных клюбаў пры ўдзеле Вольгі Гапеевай і Ярылы Пшанічнага. Пазьней ужо дуэтам наведалі Гомель зь вялікай аўдыёвізуальнай праграмай, дзе акрамя вершаў Байсана Ўладам Бубнам была агучаная аўтарская (з адноўленымі часткамі, што былі згубленыя раней) вэрсія культавага фільму «Насфэрату».
Альбом «Iamb’n’Bass» ужо цяпер даступны для азнаямленьня на рэсурсе Amazon.com. А з 29 лістапада да 12 сьнежня адбудзецца яго рэліз у 240 краінах праз 102 інтэрнэт-крамы. Сярод іх найбуйнейшыя рэсурсы — iTunes, Google Play, Deezer, Spotify ды іншыя. Такі цуд адбыўся дзякуючы кантракту, які мае Ўлад Бубен з карпарацыяй Believe digital.
«Прыемна, што замежнаму мэнэджмэнту цікавы такі праект і што ён атрымлівае шырокую дыстрыбуцыю — можа нехта прачытае слова „Беларусь“ у тэгах і прыплыве сюды як Рагвалод і навядзе парадак», — заяўляюць стваральнікі праекту.
Трэк-ліст альбому «Iamb’n’Bass»:
01 — Zvany
02 — Muza
03 — Breathe
04 — MA of MDMA
05 — m.n.s.k.
06 — I&I
07 — Misantrophy@PEN
08 — F5
09 — Troitsa (Trinity)
10 — 11 days
11 — #freedom2
12 — El globus d'aire es va convertir en vidre
13 — Kalykhanka (Lullaby)
14 — sex drugs to be continued
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ