Партрэт у клюбным інтэр’еры
6070 / 3
18.12.2013

Партрэт у клюбным інтэр’еры

Журналістка Tuzin.fm Юлія Яшэўская сустрэлася з трыма заўважнымі пэрсонамі на беларускай мэтал-сцэне. Паводле іх адказаў мастак і выкладчык ЭГУ Сяргей Харэўскі намаляваў зборны партрэт тутэйшага мэталіста XXI стагодзьдзя.

У іх сілах прымусіць слэміцца натоўп дарослых людзей. Калі яны выходзяць на сцэну, то памяшканьне напаўняецца неверагоднай энэргетыкай. Мы слухаем іх музыку і тэксты, аднак за імі не заўжды бачым асобу, якая стаіць перад намі. Лідэры гуртоў Znich, Omut і Litvintroll распавядаюць пра сваё надзённае, дзеляцца сакрэтамі натхненьня і ўяўленьнямі пра сабе праз трыццаць гадоў.

Якія заняткі прыносяць вам столькі ж эмоцыяў, колькі музыка, канцэрты і рэпэтыцыі?

Алесь Таболіч, Znich:

Мне падабаецца ўсё, што зьвязана з творчасьцю, але калі ня тычыцца музыкі, то трэба абавязкова згадаць выяўленчае мастацтва. Сёньня мне можа падабацца графіка, а заўтра — жывапіс, таму я не спыняюся на чымсьці адным, а займаюся тым, чаго ў гэты момант патрабуе мая душа.

Андрэй Апановіч, Litvintroll:

Працу люблю. Дакладней, вынiк таго, што атрымалася. Магу гадзiнамi стаяць i глядзець на зробленае.

Алесь Максімовіч, Omut:

Сэкс прыносіць столькі ж эмоцыяў! Але што пра яго распавядаць? Кожны і сам ведае. Калі не закранаць розныя інтымныя тэмы, то трэба пра многае ўзгадаць. Шмат эмоцыяў можа выклікаць кніжка, добрае кіно, прыемная размова зь сябрам, надвор’е… Я той чалавек, якога можа моцна ўразіць усё, што заўгодна, галоўнае каб патрапіла, як кажуць, у самае сэрца.

Як выходзіць паразумецца з усімі астатнімі ўдзельнікамі гурта?

Алесь Таболіч:

Трэба мець асаблівы падыход да кожнага чалавека, слухаць кожнага ўдзельніка гурта. Калі мы ствараем новы музычны твор, то імкнемся да таго, каб ён падабаўся ўсім. Гэта бывае складана, бо мы ўсе розныя людзі, але заўжды магчыма знайсьці паразуменьне.

Андрэй Апановіч:

Усё проста. Трэба прыслухоўвацца да прапановаў калегаў. Калi штосьцi не падабаецца, прапанаваць альтэрнатыву. Сварыцца з-за таго, што ў кагосьцi iншы погляд на рэчы, бессэнсоўна.

Алесь Максімовіч:

Сапраўды сем чалавек — гэта нямала. Але не магу сказаць, што добрыя адносіны — складаная рэч. Так, часам бывае вельмі цяжка паразумецца, нешта кагосьці не задавальняе, здараюцца і брыдкія сытуацыі, але калі не накручваць сябе і астатніх, можна вырашыць любое пытаньне. У большасьці выпадкаў гэтак званымі праблемамі зьяўляюцца нязначныя дробязі, ня вартыя ўвагі. Акрамя таго, мы, за невялікім выключэньнем, знаёмы ўжо вельмі даўно, ведаем, што чакаць адзін ад аднаго, на што зьвярнуць увагу, а што пакінуць па-за ёй.

Ці маеце патрабаваньні да месца выступу?

Алесь Таболіч:

Райдэры ствараюць шматлікія эўрапейскія гурты, якія нікому не патрэбныя. На мой погляд, райдэр — для папсы. Самыя важныя патрабаваньні ў мяне — гэта чалавечыя адносіны. Калі мы выступаем і нас сустракаюць цёпла, то зусім забываеш пра гук і асаблівасьці сцэны. Але добра, канечне, калі арганізатары прыслухоўваюцца да артыстаў і па магчымасці ўлічваюць іх патрабаванні.

Андрэй Апановіч:

Райдэр выключна тэхнічны.

Алесь Максімовіч:

Райдэр нібыта і ёсьць, але зь іншага боку асабіста мяне мала цікавіць само месца выступленьня. Галоўнае, каб слухачы былі зацікаўленыя ў нашым выступе, а ўжо непасрэдна дзеля іх хочацца, каб і тэхнічны складнік быў на ўзроўні, каб нічога не хрыпела і не выключалася. Я ў гэтым сэнсе амаль поўны прафан, перад выступам мая галава занята іншым: што казаць са сцэны, як зацікавіць слухачоў зь першых хвілін, усё астатняе — гэта справа хлапцоў. Яны гэта няблага робяць, за што ім ад мяне вялікі дзякуй.

Дзе маеце загатоўкі новых песен: у галаве, на лістах ці ў кампутары?

Алесь Таболіч:

Я ўжо напісаў столькі розных песень на розныя тэмы: і пра соцыюм, і пра гісторыю, і пра палітыку, што ўжо проста ня ведаю, што яшчэ можна прыдумаць і таму амаль не пішу. Сёньня ў мяне іншы шлях: я бяру за асновы тэксты клясыкаў, якімі можна зацікавіць людзей, напрыклад, вершы Максіма Багдановіча. Таксама мы ўспамінаем народные песьні — для таго, каб і сёньня яны жылі.

Андрэй Апановіч:

Паўсюль, дзе атрымлiваецца занатаваць.

Алесь Максімовіч:

У мяне па-рознаму: у галаве, амаль заўсёды на лістах і зрэдку на кампутары. Кожная ідэя, як правіла, нараджаецца тады, калі не чакаеш. Напрыклад па дарозе на працу. Канечне, запісаць яе магчымасьці няма. Пакуль патрапіш дахаты, ідэі ня вартыя ўвагі самі сабою зьнікаюць з памяці. Адбываецца своеасаблівы натуральны адбор. Увогуле, люблю пісаць, мне падабаецца сам працэс зьяўленьня літар, словаў, тэкстаў на паперы, таму звычайна не карыстаюся кампутарам.

Якая фонавая музыка гучыць дома? Што цяпер у плэере?

Алесь Таболіч:

Фонавая музыка на працы — мая машынка для татуіровак. Яна гучыць кожны дзень. А наогул у салёне часьцей за ўсё грае клясыка рок-н-ролу. Аднак я лічу, што кожны музыкант стамляецца ад таго, што ён выконвае і што слухае, таму наступае такі момант, калі проста хочацца паслухаць цішыню.

Андрэй Апановіч:

Дома музыку амаль ня слухаю. У плэеры — гурты 70-х цi 80-х, трэш, дум, стоўнэр. На працы — Радыё Менск.

Алесь Максімовіч:

Слухаю я шмат чаго, але апошнім часам аддаю перавагу прог, псыхадэлік, арт-року 60—70-х гадоў: Camel, Eloy, Jethro Tull, King Crimson, Strawbs і шмат іншых. Цяпер у плэй-лісьце амаль заўсёды прысутнічаюць Mastodon, Gojira, Neurosis, Psychotic Waltz і інш. Усіх, як бы не хацелася, не пералічыш.

Што прымушае адчуваць вас жывым?

Алесь Таболіч:

Напрыклад, вы. Калі адчуваеш, што ты камусьці патрэбен, калі хтосьці цікавіцца табой, калі ведаеш, што тое, што ты робіш — неабыякава для людзей. Таксама мне вельмі прыемна, калі людзі прыходзяць рабіць татуіроўку, ведаючы, што яны ідуць ня толькі да майстара, але і да музыкі.

Андрэй Апановіч:

Жывым? Я даўно памёр.

Алесь Максімовіч:

Для мяне гэта вельмі складанае і філязофскае пытаньне. Першае, што прыходзіць да галавы: боль, пачуцьці і здольнасць мысьліць.

Ці змаглі б вы стаць сябрам самому сабе?

Алесь Таболіч:

Творчы чалавек сам па сабе вельмі эгаістычны. І калі сустракаеш таго, хто зьяўляецца твёй копіяй, то ты імкнешся знаходзіцца ад яго як мага далей. Усе гурты, маладыя ці больш сталыя, знаходзяцца ў адным асяродку, аднак кожны калектыў імкнецца быць па-за гэтай тусоўкай, каб выдзеліцца, каб быць лепш за кагосьці. Добра, калі ёсьць падобныя рысы, аднак я ўпэўнены ў тым, што творчы чалавек дакладна не хацеў бы блізка сябраваць з такім ж, як ён сам.

Андрэй Апановіч:

Наўрад цi. Я сябе вельмі добра ведаю.

Алесь Максімовіч:

Ня ведаю. Хутчэй за ўсё не. Я зануда.

З чаго павінна пачынацца раніца, каб увесь дзень быў добрым?

Алесь Таболіч:

Самая лепшая раніца, калі высыпаесься. Добра, канечне, пасьпець да працы глытнуць кавы, прыйсьці ў сябе і настроіцца на добрае. Бо настрой залежыць у большасьці ад таго, якую ўстаноўку ты даш самому сабе. Канечне, сапсаваць добры настрой, асабліва творчаму чалавеку, вельмі лёгка. Аднак трэба памятаць, што калі ты працуеш зь людзьмі — як у музычным пляне, так і ў выяўленчым — то ты проста ня маеш права быць не пазытыўным. Бо калі няма гэтага пазытыўнага запалу, то людзі проста ня будуць верыць табе.

Андрэй Апановіч:

З добрага настрою.

Алесь Максімовіч:

З пацалунка і ўсьмешкі маёй жонкі. Няблага, калі гэты дзень яшчэ і выходны і да таго ж усе справы, якія ты павінен быў зрабіць учора, ты зрабіў учора!

Ці магчыма сяброўства паміж мужчынам і жанчынай?

Алесь Таболіч:

Мужчына і жанчына — два розныя палюсы. І сяброўскія адносіны паміж імі я б назваў ані сяброўствам, ані павагай адно да другога. Калі можна сярод ночы патэлефанаваць і расказаць сваю праблему, калі цябе выслухаюць і нават змогуць даць параду ці падкінуць ідэю — гэта сяброўства. Аднак паміж мужчынам і жанчынай такого сяброўства, як паміж мужчынамі быць ня можа, бо яно з часам перарасьце ці ў каханьне, ці ў нянавісьць.

Андрэй Апановіч:

Магчыма.

Алесь Максімовіч:

У кожнага свой асабісты прыватны сэнс сяброўства, таму ўсё залежыць ад канкрэтнага чалавека.

Якім вы бачыце сябе праз трыццаць гадоў?

Алесь Таболіч:

Праз трыццаць гадоў я лічу, што буду нагадваць свайго любімага героя з «Калыханкі» Дзеда-Барадзеда. Лічу, што гэты вобраз мне вельмі дарэчы.

Андрэй Апановіч:

«Помним, любим, скорбим».

Алесь Максімовіч:

Старэйшым на трыццаць гадоў, крыху сівым, можа, трошкі разумнейшым.

Адмыслова да гэтага матэрыялу, мы папрасілі мастака і культуроляга Сяргея Харэўскага намаляваць зборны партрэт тутэйшага сучаснага мэталіста на падставе фота трох удзельнікаў інтэрвію. І вось які малюнак атрымаўся. Мастак кажа: «Хлопцы прыгожыя, здаровыя духам і целам. Я зьдзівіўся, што ва ўсіх траіх вельмі валявыя рысы твараў: падбародзьдзі, лініі вуснаў, ілбы…»

Юлія Яшэўская, Tuzin.fm

малюнак — Сяргей Харэўскі, для Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Загорскі / адказаць
    20.12.2013 / 01:47

    Калі не памыляюся - Omut таксама лацінкай падаецца...

  • vshender / адказаць
    20.12.2013 / 03:54

    Так i ёсць: лацiнкай i толькi так. Дзякуем за заўвагу i спадзяемся, что ў тэксце выправяць на Omut.

  • RWD / адказаць
    20.12.2013 / 14:12

    Выправілі. Дзякуй!

  • КАМЕНТАВАЦЬ