Апошні сапраўдны бард зачараванай краіны (аўдыё)
4841 / 0
23.01.2016

Апошні сапраўдны бард зачараванай краіны (аўдыё)

Нямецкі часопіс Folker напісаў пра Віктара Шалкевіча. На Tuzin.fm поўны пераклад артыкула Дытэра Калькі.

Беларусь роўная па тэрыторыі палове Нямеччыны. Гэта зачараваная краіна за межамі Эўразьвязу сьпіць разам са сваімі дзесяцьцю мільёнамі жыхароў, што б там ні здаралася, бо былы старшыня калгасу моцна трымае краіну ў жалезных дыктатарскіх кіпцюрах. Што можна сьпяваць у атачэньні трох спэцслужбаў, дзе цэнтралізм быў перагнаны, дайшоў да кандыцыі і патыхае ўжо галоўпаштамтам з паліклінікай? Што можна сьпяваць там, дзе бронзавая статуя галоўнага чэкіста Дзяржынскага, здаецца, штодня павялічваецца ў памерах нейкім таямнічым чынам?

Так, Шалкевіч сьпявае. Усё яшчэ. І гэта само па сабе цуд. Ня высланы ў Сыбір, не выкінуты з краіны, ні разу не затрыманы сярод ночы. Хапіла б толькі аднаго: што яго голас усё яшчэ прысутны. Між тым, ён стаў культавым у краіне. Верагодна, апошні сапраўдны бард, які спраўляецца з напалову наладжанай гітарай, сваімі грымасамі і няспыннай плыньню жартаў стварае людзям добры настрой і між іншым сьпявае свае зьедліва-сумныя балады. «Паручнік быў, на жаль, жыдом і камсамольцам!» (радок зь песьні «Патрыятычнае танга „Цнота“»заўвага ТГ). Зьмястоўна выказана, з высока ўзьнятымі брывамі.

Віктар Шалкевіч з малаком маці ўвабраў у сябе культурную ідэнтычнасьць расейска-польска-габрэйска-беларускай сумесі народаў сваёй радзімы: неабсяжныя абшары краіны, гордая польская патрыятычная літаратура, ад якой ён ахвотна адштурхоўваецца, беларуская сьціпласьць і габрэйскі гумар. За гадзіну Шалкевіч распавядае сорак жартаў. Песьні пра каханьне чаргуюцца зь «беларускім блюзам» (маецца на ўвазе песьня Шалкевіча «Смутны беларускі блюз»ТГ). У песьні «Яна праваслаўная, я — каталік» ён выказвае наіўнае жаданне гармоніі і прымірэньня супрацьлегласьцяў. Калі Шалкевіч шукае мацнейшую форму выказваньня, ён дасьціпна і з шармам выкарыстоўвае танга, часам дзеля таго, каб празь перабольшаньне з халодным цынізмам падкрэсьліць страту ўсялякіх надзеяў на спраўджаньне свайго імкненьня. Ён рэгулярна зьвяртаецца да габрэйскай тэматыкі — так, як у песьні пра «Касю на Брукліне», што забылася на сваіх габрэйскіх сяброў, або ў «Добрай раніцы», загалоўнай песьні чацьвертага альбому «Добрай раніцы, жлобская нацыя!». Альбо ў «Juden Tango» ён просіць жыдоў не ўцякаць так проста.

Шалкевіч, нягледзячы на сур’ёзны падтэкст, сярод бязрадаснасьці, верагодна, найбяднейшай краіны Эўропы, зьяўляецца гарантам прынамсі адной гадзіны асалоды. Ён бачыць будучыню, у якой няма страху і ёсьць дэмакратыя, дух якой вітаў у Беларусі ў 1991—1994 гадах, пакуль Аляксандар Лукашэнка ня зьнішчыў усялякую надзею. У славянамоўным краі ад Польшчы да Расеі Шалкевіч — у дарозе, і там ён, сапраўды, мае патрэбу толькі ў самім сабе і сваёй гітары. Дагэтуль ён выдаў шэсьць альбомаў: гэта сола або запісы ўжывую зь невялікім ансамблем, але адзін зь іх — студыйны запіс з выбранымі песьнямі, які мае назву «Добрай раніцы. Выбранае» (BMA Group, 2002). Гэта вельмі складаныя ў музычным пляне творы, разнастайныя стылістычна (ад року да «рускіх народных»), з выкарыстаньнем акардэона, электрычных гітарных рыфаў, фагота ды іранічна ўстаўленай балалайкай. Але становіцца чутно: карані яго музыкі ляжаць глыбока ў яго беларускай радзіме і ня маюць нічога супольнага з усялякага кшталту капіяванай амэрыканскай лухтой.

З улікам умоваў яго працы Шалкевіч заслугоўвае ўзнагароды за настойлівасьць. Але што такая ўзнагарода ў параўнаньні з Ордэнам Усьмешкі — ганаровай міжнароднай узнагародай, ляўрэатам якой Шалкевіч зьяўляецца, і, дзякуючы гэтаму, знаходзіцца ў славутай кампаніі разам са Стывэнам Сьпілбэргам, чатырнаццатым Далай-ламам, папам рымскім Янам Паўлам II, Астрыд Ліндгрэн і маці Тэрэзай.

Шалкевіч выступаў у Нямеччыне ўжо ў канцы дзевяностых у Вальдэку. Тыя, хто хоча запрасіць вельмі занятага музыку ізноў, мусяць загадзя паклапаціцца пра візавыя фармальнасьці і замовіць адразу цэлы гурт. Гэта таго варта.

Дытэр Калька, folker.de

Пераклад для Tuzin.fm зрабіла Тацяна Фадзеева

Віктар Шалкевіч выступіць з канцэртам у Менску 14 лютага. Падрабязнасьці ў нашай афішы.