Жыцьцё, пражытае з годнасьцю. Стыў Крамэр пра Анатоля Мяльгуя
Музыка, кампазытар і саўндпрадусар Стыў Крамэр згадвае пра прэзыдэнта рок-клюбу «Няміга» і журналіста Анатоля Мяльгуя (1957—2017).
Ніколі ня думаў, што мой першы артыкул-успамін аб станаўленьні беларускай рок-музыкі будзе пасьмяротным прысьвячэньнем тым, хто гэтую музыку пачынаў. Хутчэй нават не пачынаў, а аб’яднаў разрозьненыя ручайкі нясьмелых спробаў напісаньня песень на роднай мове, ператварыўшы іх у магутную плынь нацыянальнага року. Тым, хто пераконваў, што няма больш ганаровай місіі, чым стварэньне сучаснай нацыянальнай музычнай культуры, на годным сусьветным узроўні, заснаванай на духоўнасьці, зьвязанай з багатымі традыцыямі нашых продкаў, якую ня сорамна было б выконваць самому, пакінуць пасьля сябе, перадаць сваім дзецям і ўнукам. Вось такія мэты і задачы ставілі перад сабой мае сябры і настаўнікі Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка. Наогул, пісаць пра каго-небудзь зь іх паасобку — цяжкая задача. Таму што ішлі яны па жыцьці разам. Разам пісалі кнігі, разам стваралі першы рок-клюб «Няміга», разам ладзілі першыя беларускія рок-фэсты, разам удзельнічалі ў розных інтэрвію і перадачах, прысьвечаных праблемам і посьпехам сучаснай нацыянальнай культуры, разам імкнуліся зрабіць беларускую музыку лепей. Гэты артыкул будзе пра Анатоля. Калі памёр Вітаўт, Анатоль сказаў апошняе слова пра свайго калегу і сябру. А 22 красавіка 2017 году ён сам пайшоў у іншы сьвет.
Cтыў Крамэр і Анатоль Мяльгуй у Віцебску, 2016 год
Я зусім ня памятаю момант нашага з Анатолем знаёмства. Хутчэй за ўсё, яно адбылося ў адно зь першых пасяджэньняў менскага рок-клюба «Няміга» ў 1986 годзе. Праходзіў сход раньняй вясной у Палацы чыгуначнікаў, па вуліцы Чкалава. На тым паседжаньні я быў прыняты ў гурт «Бонда» ў якасьці гукарэжысэра. Але гэта асобная гісторыя. Тады ж, памятаю, усе сілы былі накіраваны на правядзеньне першага клюбнага фэстывалю «Тры колеры». Анатоль адказваў за ўсе арганізацыйныя моманты. Самым цяжкім было не знайсьці, прывезьці і наладзіць апаратуру, арандаваць залю, даць рэкляму ці сабраць публіку, а ўзгадніць ідэалягічныя пытаньні з райкамамі партыі і камсамолу. Ужо пасьля за гэты фэстываль Анатоля пазбавяць чаргі на кватэру, літаратурнай прэміі і будуць неаднаразова выклікаць у КДБ на «размовы». А пакуль мы зь іншымі музыкамі стаім па-за кулісамі сцэны Палаца чыгуначнікаў, перад выступам «Бонды». Анатоль апрануты ў свой нязьменны шэры касьцюм: пінжак, нагавіцы і белая кашуля (я нават ня ведаю, ці былі ў яго тады джынсы, але ўжо дакладна ня джынсы былі галоўным у Толіным жыцьці!). На плячы ў яго вісіць фірмовы «Ібанэз» Івана Маркава, гітарыста «Бонды», і Толя з вар’яцкай хуткасьцю перабірае пальцамі па грыфе. Ва ўсіх прысутных ад зьдзіўленьня адпадае сківіца: да ўсіх сваіх талентаў наш старшыня рок-клюбу, аказваецца, яшчэ і круцейшы гітарыст?! Заўважыўшы захопленыя погляды, Толя бянтэжыцца і кажа: «Не, хлопцы, я на самой справе наогул на гітары граць ня ўмею. Проста ў войску служыў тэлеграфістам, нас там вучылі хутка пальцамі па клявішах адстукваць — прыём-перадача інфармацыі. Вось, успомніў маладосьць!»
Выступ гурту «Бонда». 1986 год
Потым была паездка з «Бондай» у Вільню, на музычны фэстываль «Літуаніка-86». У тыя часы па эмацыйным стане трапіць на такі фэст было параўнальна з прысутнасьцю на амэрыканскім Вудстоку. Яшчэ б! Гунар Грапс, «Аквариум», «Браво», «Ария», усе тагачасныя кіты савецкага андэграўнду! Але, як ні дзіўна, Анатоля больш цікавілі малавядомыя гурты, якія выконваюць песьні на родных мовах, такія як літоўскія Foje і Antis зь Вільні, Plentas з Рыгі.
— Убачыш, Сева, будзе цяжкі і цярністы шлях гуртоў, якія выконваюць песьні на нацыянальных мовах. Сьпяваеш на расейскай — ты малайчына і ляўрэат. Сьпяваеш па-беларуску ці па-літоўску, ніхто цябе не заўважае, як нашу «Бонду» ці той жа Antis. А чым яны горш за астатніх? У пляне тэхнікі выкананьня можа нават і лепш. Узяць, напрыклад, нашага Івана Маркава, на мой погляд (я быў цалкам з Толем згодны — С.К.), ён грае на гітары нават лепей, чым Аляксандар Ляпін з «Акварыуму», які атрымаў прыз найлепшага гітарыста фэстывалю. Ня кажучы ўжо пра нацыянальны калярыт, пра які ў першую чаргу сьведчыць мова песень. У чым адрозьненьне тых жа «Сіппалі» з Рыгі або «Студыі» зь Вільні, якія сьпяваюць па-расейску, ад расейскай «003»? Калі б вядучы не абвясьціў, што адна з Латвіі, іншая зь Літвы, а трэцяя з Калінінграду, так я і розніцы б не заўважыў, — разважаў Анатоль і працягваў, — Ты думаеш няма розьніцы ў фармулёўцы «латыская група» ці «група з Латвіі». Але на самой справе розьніца тут проста вялізная. Ты і сам гэта бачыш і чуеш. Галоўнай рысай сьвядомай нацыянальнай групы заўсёды была і будзе менавіта родная мова. Памятай пра гэта заўжды.
Афіша фэстывалю «Літуаніка-1986» з аўтографамі ўдзельнікаў. З асабістага архіву Стыва Крамэра
Яшчэ ў тыя часы мы рэгулярна зьбіраліся з Анатолем на маленькай куханьцы ў кватэры маіх бацькоў. Мы называлі яе «нашым салёнам», мабыць, па матывах раманаў Пруста і Музіля. Насмажыўшы бульбы, загадзя купіўшы ў агародніннай салёных агуркоў з бочкі, а ў хлебнай краме бохан духмянага чорнага хлеба, мы елі нашу няхітрую закуску і размаўлялі пра ўсё: пра музыку, пра гісторыю, палітыку, філязофію. Менавіта Анатоль першым стаў знаёміць мяне з творамі Мантэня, Ніцшэ, Кампанэлы, Джэймза Джойса. І гэта Толя адкрыў для мяне букіністычныя крамы, дзе часам можна было адшукаць працы гэтых вялікіх мысьляроў. Я сумленна траціў грошы, купляў іх тоўстыя разумныя кнігі. Але больш за ўступленьне, максымум дзясятак старонак, так і не адужваў. Аднак у кампаніі, асабліва жаночай, не ўпускаў магчымасьці праявіць свае філязофскія «веды». Ну хоць бы самімі імёнамі тытанаў эўрапейскай думкі. І якое гэта рабіла ўражаньне!
Дарэчы, пра жаночую кампанію. Неяк перад 8 сакавіка, мы з Толем сабраліся на чарговыя кухонныя (прабачце, салённыя!) музычна-філязофскія вячоркі. І так добра, прыемна і душэўна нам было мець зносіны пад смажаную бульбу, апошні альбом Карласа Сантаны і «Замак» Кафкі, што мы выпілі ўсё шампанскае, з такой цяжкасьцю здабытае (хто ведае тыя савецкія часы, той зразумее), бутэлькі чатыры, мусіць. Таму ніякага жаночага сьвята ў нас не атрымалася. Замест гэтага мы з Толем пайшлі ў госьці да Вітаўта Мартыненкі, які ў той сьвяточны дзень быў дзяжурным у рэдакцыі «Чырвонай зьмены».
Афіша фэстывалю «Тры колеры — 1986», які зладзіў Анатоль Мяльгуй. З асабістага архіву Стыва Крамэра
Аднойчы Анатоль пазваў мяне сустрэцца каля філярмоніі, дзе паказаў афішу, на якой значылася, што раз на тыдзень, на працягу трох ці чатырох месяцаў гітарысты, савецкія і замежныя, будуць выконваць старадаўнія творы народнай музыкі, а таксама сачыненьні вялікіх майстроў у перакладаньні для клясычнай гітары: Баха, Паганіні, Сэговіі, Радрыга, Джуліяні. Толя прапанаваў набыць абанэмэнт, матывуючы тым, што сучасным рокерам для павышэньня духоўнага і інтэлектуальнага ўзроўню не перашкодзіць ведаць старадаўнюю народную музыку, а таксама творы клясыкі. Калі даведаўся, што грошай у мяне няма (калі шчыра, то хутчэй у мяне не было вялікага жаданьня чатыры месяцы слухаць «сумную клясыку») на свае грошы набыў мне абанэмэнт. Але пасьля пары канцэртаў я настолькі ўцягнуўся ў чароўную атмасфэру, якая панавала ў залі філярмоніі, што зь нецярпеньнем чакаў выступ наступнага майстра клясічнай гітары. Тым больш, што прыемным дадаткам да ўсяго было тое, што мы з Толем прасьветленыя музыкай і атмасфэрай, пасьля кожнага канцэрту ішлі ў «Сталічны», бралі пару бутэлек піва, і павольна расьпіваючы іх у сквэрыку за філярмоніяй, вялі шчырыя гутаркі, абмяркоўваючы толькі што ўбачанае і пачутае.
— Было б у мяне грошай болей, — казаў Толя, — я б кожнаму музыканту з нашага рок-клюбу на такія канцэрты абанэмэнт купіў. Бо на вас, музыках, ляжыць адказная задача: Бог даў вам талент, каб вы гралі сваю музыку і ваша душа і сьвет вакол вас станавіліся лепш. Каб наша сучасная беларуская музыка была сапраўды на сусьветным узроўні выкананьня і зьместу, знаходзіла водгук у сэрцах людзей ня толькі ў нас, але і за мяжой, услаўляючы наш этнас, нараджаючы гонар у сэрцах уласнага народу. Каб яна на стагодзьдзі заставалася актуальнай і прыгожай, як тыя старадаўнія ангельскія баляды, якія ты толькі што чуў. Складалі іх, я ўпэўнены, годныя музыканты, разумныя і сьветлыя асобы. А такія канцэрты, сам можаш гэта ацаніць, узвышаюць дух і прасьвятляюць душу, натхняюць на напісаньне падобнага.
Пасьведчаньне №1 прэзыдэнта менскага рок-клюбу
Неяк пайшлі мы з Толем у лес па грыбы. А пачуваўся я ня надта. Толькі памятаю, што ідзем мы, і я, прабачце, увесь час плюю сабе пад ногі. Толя маўчаў, хмурыўся, доўга зьбіраючыся нешта сказаць. Потым ня вытрымаў:
— Сева, што ты ўсё на зямлю плюеш? У цябе што, насоўкі няма? Зямля, яна нам маці родная! Ты ж на маму сваю не плюеш!
Пасьля той заўвагі я ані разу на зямлю ня плюнуў…
Анатоль Мяльгуй. 1989 год
У эміграцыю я зьехаў у самым канцы 1989 году. Але колькі ўсяго адбылося і здарылася за гэтыя тры гады з моманту таго, першага для мяне паседжаньня рок-клюбу «Няміга», і знаёмства зь яго першым старшынём Анатолем Мельгуём. Вядома ж, мы перапісваліся ўсе 17 гадоў, якія я жыў за мяжой, часта размаўлялі больш за дзесяць гадоў пасьля майго вяртаньня. Разам зьбіраліся напісаць гісторыю стварэньня «Нямігі». Але гэта тэма ўжо для асобнага артыкула: памяняліся мы, зьмяніўся час, музыка, людзі. Ужо даўно няма рок-клюбу, памёр наш сябар і паплечнік Вітаўт Мартыненка… Але тыя першыя тры гады нашага знаёмства, сяброўства і зносін з Анатолем застануцца ў маёй памяці вельмі яркімі, насычанымі ўражаньнямі, сустрэчамі, падзеямі. Многаму тады навучыў мяне Анатоль. Шмат даў жыцьцёвых арыентыраў, асабліва ў музыцы, якія і па гэты дзень застаюцца актуальнымі. Ва ўсялякім разе для мяне. Сьветлая яму памяць.
Cтыў Крамэр (Усевалад Крамушчанка), для TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ