Міла Ражкова. Зачараваная Беларусьсю (аўдыё)
Пераможца фэсту «World Folk — 2016» і былая ўдзельніца расейскага поп-гурту «Божья коровка» Міла Ражкова распавяла TuzinFM, чаму яна вырашыла вывучыць беларускую мову і запісаць «Беларускі альбом».
Людміла (Міла) Ражкова з Расеі — прафэсійная выканаўца, скончыла кансэрваторыю ў Ніжнім Ноўгарадзе, яна выступае на сцэне больш за 30 гадоў. Пэўны час паралельна з сольнай творчасьцю сьпявачка ўдзельнічала ў гурце «Божья коровка», вядомым з гіта «Гранитный камушек». У самой Людмілы рэпэртуар больш сур’ёзны і ўдумлівы. Яна сьпявае аўтарскі рэпэртуар ды народныя творы, а таксама піша песьні на вершы расейскіх, грузінскіх, баўгарскіх паэтаў. Мае багата перамогаў на фэстывалях аўтарскай і фолькавай музыкі. Першая перамога была яшчэ ў 1987 годзе — на конкурсе аўтарскай песьні ў горадзе Горкі (цяпер — Ніжні Ноўгарад). З апошніх ганаровых узнагародаў — званьне чэмпіёна сьвету ў катэгорыі індывідуальных выканаўцаў у шостым сусьветным чэмпіянаце па фальклёры «World Folk — 2016» і шэраг узнагародаў на фэсьце «Euro Folk — 2016», які праводзіцца ў Баўгарыі.
Мілу Ражкову ўзнагароджваюць на фэсьце «World Folk — 2016»
Летась у Людмілы зьявілася першая песьня на беларускай мове — «Зачаравана хмары плывуць», якую пераклала гарадзенская паэтка Альжбэта Кеда.
«Я ўпершыню наведала Беларусь у 2015 годзе, калі мы з мужам прыехалі ў госьці да яго школьнага сябры ў Горадню. І я зачаравалася вашай краінаю, яе казачнай прыродаю, утульным горадам ды яе жыхарамі, — распавядае Міла. — Беларускую мову я ня часта чула ў вас, але калі гэта здарылася, мяне ўразіла яе неверагодная сьпеўнасьць. І мне вельмі захацелася засьпяваць па-беларуску. Так зьявілася ідэя перакласьці мае песьні».
У 2016 годзе Міла зноў прыехала ў Горадню, гэтым разам на першыя Геніюшаўскія чытаньні, дзе пазнаёмілася з Альжбэтай Кедай. Іх супраца дала плён — песень набралася на цэлы альбом зь перакладаў на беларускую мову песень на словы самой Мілы, ніжагародзкіх паэтаў Марыны Марэнінай і Аляксея Філонава, літоўскай паэткі Лены Элтанг. Вырашана было запісаць песьні і так назваць рэліз — «Беларускі альбом». Сёлета ўвосень ён зьявіўся на шэрагу інтэрнэт-пляцовак: Microsoft Store/Google Play/iTunes/Spotify.
Міла Ражкова дае канцэрт у залі гарадзенскага Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабору, 3 жніўня 2017 году, фота «Радыё Рацыя»
Падчас працы над «Беларускім альбомам» зь Мілаю працавала выкладчыца беларускай мовы Таіса Мухіна. Фактычна яна стала лінгвістычнай рэдактаркай альбому і паставіла сьпявачцы беларускае вымаўленьне. У 2017 годзе Міла зьезьдзіла ў Горадню ажно чатыры разы з канцэртамі. Кажа, што прымалі яе проста выдатна. Супрацу з Альжбэтай Кедай Міла зьбірацца працягваць, так што чакаюцца новыя песьні і канцэрты ў Беларусі.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ