Скандал! Tonqixod адмовіўся ад кліпа на «Насыпаць горы» (відэа)
У выніку творчага непаразуменьня, гурт Tonqixod адмовіўся ад удзелу ва ўжо адзьнятым відэа на песьню «Насыпаць горы». Тым ня менш, ролік быў прэзэнтаваны ў сеціве. Tuzin.fm выслухаў меркаваньні бакоў.
Ролік на песьню «Насыпаць горы» быў прэзэнтаваны ў сеціве 1 красавіка. Да яго была зьмешчаная такая анатацыя: «Што патрэбна беларусам, каб адчуваць сябе сапраўднымі? Чаго нам не хапае? Ці можа гор?)». З уліку таго, што ў кліпе задзейнічаны ўдзельнікі Tonqixod, то цалкам лягічна было б лічыць яго першым афіцыйным кліпам адной з самых пэрспэктыўных камандаў на беларускай сцэне. Аднак, лідэр гурта Ўладзь Лянкевіч заявіў, што гурт наогул бы не хацеў распаўсюджваць гэтае відэа.
На просьбу Tuzin.fm Уладь патлумачыў сваю пазыцыю: «Задумваўся ролік разам з намі, але ўжо на першых стадыях прадумкі сцэнару, а потым і падчас здымак мы (гурт TonqiXod) і рэжысэрка пачалі рэзка разыходзіцца ў меркаваньнях. Пабачыўшы, што ўсё ідзе ня ў тым кірунку, мы спрабавалі неяк паўплываць на працэс, але, на жаль, выніку гэта не дало. Далей на стадыі мантажу мы таксама ўносілі прапановы, і зноў безвынікова. Аўтарам роліку не ставала часу і матывацыі на пераробку і гэтак далей».
Рэжысэрам відэа была Ўладлена Сянькова. На пытаньне ў чым была задума роліка Ўлада зазначыла: «Складана казаць пра тое, якая была задума. Я сьвята веру, што фільмы „чытаюць“ нас і ня бачу сэнсу рабіць гэта наадварот. Пры стварэньні гэтага кліпа мы перадусім кіраваліся ідэямі антыўтопіі і намагаліся стварыць свой „2984“. Наконт разыходжаньняў мне не хацелася б казаць, бо мне здаецца, што закадравы працэс мусіць заставацца за кадрам».
Сама Ўлада не распаўсюджвала відэа «праз павагу да музыкаў». Тым ня менш, яно зьявілася ў сеціве. Рашэньне прымаў прадусар роліка Леанід Каліценя: «У нас сапраўды былі разыходжаньні з мастацкага пункту гледжаньня. І мы вырышылі разыйсьціся на ўмовах, што ня будзем прадстаўляць гэта, як кліп гурта Tonqixod. Таму відэа распаўсюджваецца, як ролік кампаніі „Грамадзянскасьць.BY“. Няможна класьці ў шуфляду добрую, як на мой погляд, працу».
TonqiXod да гэтага роліка ставіцца так: «Цяпер у інтэрнэце ёсьць аўтарскае відэа, дзе скарыстана нашая музыка. Так мы гэта для сябе вызначаем. Шкада толькі, што ў некаторых героях відэа чытаюцца нашы рысы твару», — кажа Ўладзь Лянкевіч.
Тым, каму цікавы ўласна погляд гурта TonqiXod на магчымы відэашэраг для песьні «Насыпаць горы», музыкі прапануюць паглядзець іншы ролік, змантаваны з фрагмэнтаў экспэрымэнтальнага фільму «Навесьні» рэжысэра Міхаіла Каўфмана (1929). Менавіта гэты шэраг суправаджае кампазыцыю на жывых выступах каманды.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
Годны мог быць кліп! Вельмі шкада, што выдатную задуму не ўвасобілі да канца.
КАМЕНТАВАЦЬ