Топ-12 навінак восені/зімы-2017. Indie/pop/songwriter
Лёгкая беларуская музыка на роднай мове ў аглядзе прэм’ераў на TuzinFM. У трэк-лісьце гучаць D.Jaza, Pauline, Dasha Kola, ili-ili, Mipband, «Без билета», Kawa, Leibonik, Delta Waves, «Харлі», Дзьмітры Нікановіч і Вольга Сацюк, Марыя Гаўрыленка і Паліна Рэспубліка.
Песьня «Спытай» стала загалоўнай на дэбютным рэлізе праекту D.Jaza на чале са сьпявачкай Дар’яй Ксенафонтавай. У камэнтары для TuzinFM яна заявіла, што хоча разьбіць стэрыятып пра тое, што якасная музыка можа быць толькі ў Амэрыцы і толькі па-ангельску. Над гэтай кампазыцыяй праца вялася цэлы год. Задача стаяла зрабіць сапраўды цікавую песьню на беларускай мове з сучасным саўндам. Сама Дар’я паходзіць з Расеі, скончыла ў Менску дзяржаўны каледж мастацтваў па спэцыяльнасьці «мастацтва эстрады». Працуе ў стылях electronic, chill out, soul, pop. Цалкам EP можна паслухаць у афіцыйнай суполцы праекту.
Гурт Leibonik, адкрыцьцё году на прэміі «Героі году — 2014» і пераможца «Засьпявай 3.0», адзначыў прыход зімы-2017 новай песьняю — «Сьнежань». Сяргей Башлыкевіч напісаў яе ў час вандроўкі па Паўднёвай Азіі. Лідэр каманды змагаецца з асабістым пэсымізмам, прыгадваючы ў прыпевах уласны пераклад песьні Джо Кокера «N'oubliez Jamais», а ў канцы згадвае пра «Все буде добре» Сьвятаслава Вакарчука. У гэтай песеньцы ёсьць усё — і каханьне, і алькаголь, і па-дзіцячаму шчырае чаканьне Калядаў з падарункамі. У запісе ўзяў удзел баяніст гурту BosaeSonca Алесь Ясінскі. Болей навінаў ад Сяргея Башлыкевіча і Leibonik — у афіцыйнай суполцы.
Зімовыя сьвяты натхнілі гурт «Без билета» на напісаньне беларускамоўнай песьні, другой у гісторыі каманды пасьля незабыўнага гіта «Мая краіна Беларусь». Аўтары кампазыцыі Віталік Артыст і Тацяна Кушнер кажуць, што ім захацелася паспрабаваць сябе ў жанры каляднага поп-гіта, бо бракуе ў беларускай музыцы падобных песень. Кажуць, што праверка на сябрах дала плён — песьня запамінаецца і стварае адпаведны настрой. Больш навінаў ад каманды — у афіцыйнай суполцы.
Гурт ili-ili павіншаваў зь зімовымі сьвятамі песьняю «Мабыць». Летась на Новы год была запісана дэма-вэрсія, а апэратар Аляксандар Алейнікаў зьняў імправізацыйнае відэа на яе. Сёлета гурт прапануе паслухаць гэтую песьню ў абноўленым гучаньні. Удзельнік каманды Міхась Зуй кажа, што музыкам надта карціць падзяліцца сьвяточным бітам ды навагоднім настроем ды жадае ад імя гурта ўсім зьдзейсьніць у наступным годзе нешта такое стваральнае, чаго яшчэ не было. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Адкрыцьцё 2015 году па вэрсіі TuzinFM і пераможца конкурсу «Засьпявай 3.0» — гурт Pauline прэзэнтаваў у сьнежні новы сынгл «Ціха», які ўяўляе мікс з року, deep і электрамузыкі. Сьпявачка Паўліна кажа, што напісала яе яшчэ на пачатку лета, але вырашыла нікому не паказваць і вярнуцца да яе па восені, калі яна будзе выклікаць тыя ж станоўчыя эмоцыі. Кампазыцыя стваралася ў супрацоўніцтве з Уладзем Пашкевічам і Андрэем Кацікавым (студыя ToneTwins). Зь песьняй «Ціха» сьпявачка плянуе выступіць на адборы на «Эўравізію-2018». За далейшымі посьпехамі сьпявачкі можна сачыць тут.
Яшчэ адны пераможцы конкурсу «Засьпявай 3.0» у намінацыі «Кавэр» — Дзьмітры Нікановіч і Вольга Сацюк стрымалі сваё абяцаньне. Падчас удзелу ў конкурсе яны вырашылі, што калі перамогуць у ім, абавязкова запішуць сваю ўласную песьню. Увосень выканаўцы прэзэнтавалі песьню аўтарства Мікіты Найдзёнава «Абяцаю». Аранжыроўку зрабіў Раман Волазьнеў. Вольга кажа, што ўлюбілася ў гэты твор зь першай ноты. А Дзьмітры цешыцца, што ў гэтым сьпеве аб’ядноўваецца любоў да музыкі і любоў да беларускай мовы.
Гурт «Харлі» аднавіў сваю дзейнасьць і рыхтуе трэці студыйны альбом пад працоўнай назвай «Цуда-сонца», які будзе складацца з зусім новых песень на беларускай і расейскай мовах. Лідэр «Харлі» Яўген Чалышаў тлумачыць адсутнасьць каманды ў музычнай прасторы ў апошнія некалькі гадоў тым, што ён быў у дэкрэце па даглядзе за дзіцёнкам. Новую песьню «Дзякуй» Яўген напісаў на словы паэта Міхаіла Южыка. У суаўтарстве зь ім мяркуецца стварыць яшчэ некалькі кампазыцыяў. Ідэя будучага рэлізу ад «Харлі» — хваласьпеў сонцу — зорцы, якая падаравала жыцьцё ўсім нам.
Новы музычны праект Dasha Kola заснавала Дар’я Ярмолік. Яна вядомая мадэлька, летась была названая «Міс бікіні» на конкурсе «Міс Эўразія» ў Турэччыне і атрымала карону віцэ-міс на конкурсе «Міс турызм» у Кітаі. Сваю першую песьню «Прачнуцца» яна запісала на словы і музыку прадусара Аляксандра Пазьняка. Зьбіраецца і надалей ствараць песьні па-беларуску. У адным з інтэрвію сьпявачка прызналася, што любіць глядзець праграму «Belsat Music Live» і асабліва ўразілася песьняй Лявона Вольскага «Чужы». Болей пра творчасьць праекту Дар’і можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы.
Сумесны сынгл «Дай волю мне» на TuzinFM прэзэнтавалі Марыя Гаўрыленка і Паліна Рэспубліка. Ініцыятарам ягонага выхаду, аўтарам і прадусарам стаў Станіслаў Раманчук. Песьня пра тое, што ня трэба абмяжоўваць саміх сябе і даваць волю пачуцьцям ды натхненьню. На ягоную задуму, вакалістка гурту «Helious», якая сама ў дадзены момант бы тое птушаня, што выпырхвае з гнязда, увасабляе чыстыя сьветлыя эмоцыі. А Паліна ўвасабляе як раз наступны этап — калі натхненьне ўжо ўзьняло талент да вышыняў. Паміж вакалісткамі ёсьць адначасова і кантраст, і ўзаемадапаўненьне, як між гітараю Паўла Рыжкова (MorkvoЦвет) і акардэонам Аліны Казачэнкі (« Helious »), якія ўзялі ўдзел у запісе.
Гурт Kawa прэзэнтаваў самотнік «Патанцуем разам». Вакалістка каманды Таісія Серыкава кажа, што гэты твор, як зрэшты і ўвесь астатні рэпэртуар, прасякнутая радасьцю і любоўю да жыцьця. А прыгажосьць, мэлядычнасьць і сваеасаблівая энэргетыка беларускай мовы надаюць песьні непаўторны смак і настрой. Гурт паходзіць з Гомелю, працуе з лютага 2016 году і мае намер надалей сьпяваць па-беларуску.
Гурт Mipband прэзэнтуе свой другі самотнік «Нібы сон». Музыкі лічаць гэтую песьню адной з самых глыбокіх і жадаюць слухачам таксама рабіць выбар сэрцам ва ўсім. Адметнасьць рэлізу яшчэ ў тым, што вокладка да яго зробленая маладой мастачкай Ганнай пад уплывам музыкі Mipband. У афіцыйнай суполцы можна пачуць іншыя песьні гэтай каманды.
Гурт DeltaWaves, які запомніўся з удзелу ў «Засьпявай 3.0», запісаў міні-альбом, куды ўвайшлі іх тры галоўныя песьні і той самы беларускі кавэр на ізраільскі гурт HaBanot Nechama. Альбом вырашана назваць «Стрэмкі». Музыкі прапануюць лічыць кожны іх твор з рэлізу акурат маленькаю стрэмкаю і спадзяюцца, што іх музыка ды гісторыі пакінуць свой сьлед. Адкрывае альбом песьня «Абрастаем» — пэўна, галоўны гіт каманды на сёньня.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — http://www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
КАМЕНТАВАЦЬ