15 сакавіка — вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава (аўдыё+відэа)
7319 / 0
20.02.2018

15 сакавіка — вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава (аўдыё+відэа)

Музыкі розных пакаленьняў выканаюць песьні на вершы беларускага паэта, які сёлета заўчасна пайшоў у іншы сьвет. У канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Ракавец з IQ48, гурты «MorkvoЦвет» і Harotnica.

Вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава пройдзе ў менскім клюбе «Брюгге» 15 сакавіка. Тыя, хто любіў і шанаваў паэта, адмыслова рыхтуюцца да гэтай падзеі. Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучаньні са сцэны будуць зайграныя даўнія гіты гуртоў «Новае Неба», N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна сьвежыя песьні на ягоныя вершы ў выкананьні IQ48 і Зьмітра Вайцюшкевіча, а таксама зусім новыя творы ад гуртоў «MorkvoЦвет» і Harotnica.  Да згаданых выканаўцаў далучыцца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча, віялянчэлістка Юлія Глушыцкая, а весьці імпрэзу будзе Аляксандар Памідораў. Ладзіць канцэрт партал TuzinFM.byАфішу мерапрыемства зрабіла жонка паэта Алена Дашкевіч.

«Нягледзячы на такую сумную нагоду, хочацца зрабіць ня траўрнае мерапрыемства, а добры рокавы канцэрт. Такі, які б яму самому спадабаўся», — кажа кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін.

Грошы з квіткоў будуць пералічаныя сям’і Міхала Анемпадыстава на будучы помнік творцы… Канцэрт у «Брюгге» пройдзе напярэдадні ягонага дня народзінаў. Сёлета Міхалу споўнілася б 54 гады. Ён пайшоў у іншы сьвет 23 студзеня 2018 году.

Набыць квіткі

15.03. Клюб «Брюгге» (прасп. Партызанскі, 6а). 19:00. Канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава з удзелам Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Касі Камоцкай, Зьмітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Ракаўца, Аляксандра Памідорава, гуртоў «MorkvoЦвет» і Harotnica. Даведкі: +375 29 687-20-93.  Квіткі (папярэдне) — 20 руб. на Bezkassira.by.

TuzinFM