Верш — гэта песьня. Прыйшоў час стварыць яе (відэа)
Адзін маленькі і шэсць дарослых паэтаў запрасілі маладых музыкаў засьпяваць па-беларуску ў відэароліку, прысьвечаным конкурсу «Засьпявай.BY».
Літаратары Андрэй Адамовіч, Вольга Гапеева, Уладзь Лянкевіч, Віталь Рыжкоў, Вера Бурлак ды Віктар Жыбуль з сынам Кастусём узялі ўдзел у роліку «Верш — гэта песьня». Ён быў зьняты ў падтрымку конкурсу «Засьпявай.BY», што ладзяць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы TUT.BY. Героі роліку заклікаюць маладых музыкаў стварыць песьню на верш сучаснага беларускага паэта.
Ролік мае на мэце паказаць шматграннасьць сучаснай беларускай паэзіі, дзе верш параўноўваецца з вытанчаным танцам, напружаным баксэрскім паядынкам і зь першабытнай зачараванасьцю агнём.
«Мы хочам, каб моладзь прасякалася і натхнялася добрай беларускай паэзіяй. Каб маладыя людзі адкрылі для сябе беларускі космас ды падзяліліся сваім адкрыцьцём з усімі», — заяўляюць пра свае мэты арганізатары конкурсу «Засьпявай.BY».
У якасьці галоўнага прызу за перамогу на конкурсе абяцаецца аранжыроўка, запіс і зьвядзеньне песьні разам з украінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі»).
У лягічны працяг роліку чакаецца зьяўленьне шэрагу відэакамэнтароў ад паэтаў з развагамі на тэму сучаснай паэзіі, якія будуць паступова публікавацца цягам найбліжэйшых тыдняў.
Падрабязнасьці пра ўмовы конкурсу — тут
Tuzin.fm, відэа: Яўген Шапчыц, Хрысьціна Дарапей, Андрэй Фінік, музыка гурта Clover Club
Часта пытаюць дзе знайсьці вершы сучасных беларускіх паэтаў. Вось некаторыя сайты: http://litradio.by/, http://budzma.by/category/chorna-byelyya-vyershy, http://vershy.ru/, http://kamunikat.org/ , http://lit-bel.org/
КАМЕНТАВАЦЬ