Апошняя перамога гурта, якога няма (аўдыё/відэа)
Неіснуючы ўжо гурт TonqiXod атрымаў перамогу ў зімовым туры альбомнага чарту на TuzinFM.
Альбом «Колер якога няма» набраў цягам галасаваньня 1228 галасоў і стаў пераможцам другога туру ў сэзоне 2017/2018. Вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч зазначае з гэтай нагоды: «Натуральна, мы неабыякавыя да факту перамогі, тым болей, што гэта нашая, хутчэй за ўсё, апошняя сумесная праца. Хочацца, каб яна дайшла да слухача і не загубілася канчаткова ў інфармацыйным віры, а такія, хай сабе ўмоўныя спаборніцтвы так ці іначай прывабліваюць увагу». Другі ўдзельнік каманды Максім Субач дадае: «Прыйшоў час праўды: мы за сябе галасавалі, бывала, што актыўна. Што ж тут зробіш. Танны самапіяр мае быць: калі сам сябе не пахваліш, то і ніхто не пахваліць».
«Колер якога няма» — другі студыйны альбом TonqiXod. Неўзабаве пасьля ягонай жывой прэзэнтацыі, якая прайшла ў тэатры імя Янкі Купалы, музыкі нечакана для сваіх прыхільнікаў заявілі пра прыпыненьне дзейнасьці. На прэміі «Героі году — 2017» яны былі прызнаныя найлепшым беларускім гуртом. Апошні выступ каманды адбыўся ў студыі Belsat Music Live.
На сёньня пра аднаўленьне дзейнасьці каманды не вядзецца. Вакаліст і гітарыст Уладзь Лянкевіч музычную дзейнасьць пакуль прыпыніў, кажа, што «сышоў з музычных франтоў у глыбокае падпольле». Бубнач Андрэй Аляксеенка цяпер пасьпяхова гастралюе па Нямеччыне ў складзе гурта Irdorath. Клявішнік Максім Субач працуе над першым сынглам свайго інструмэнтальнага праекту. Прэм’ера адбудзецца цягам гэтай вясны.
TuzinFM, фота з афіцыйнай суполкі гурта
КАМЕНТАВАЦЬ