Пераможцу Tuzin.fm Дзьмітрыя Нікановіча ўпадабаў Канстанцін Мэладзэ
Кампазыцыя «Ніколі» ў выкананьні Дзьмітрыя Нікановіча, якая перамагла ў 17-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm, прыйшлася даспадобы заснавальніку «ВИА Гры». Больш за тое — беларускі выканаўца ўвайшоў у лік прэтэндэнтаў на адбор у новы бойз-бэнд, які цяпер стварае Мэладзэ.
Ад першага дня ўдзелу ў чарце на Tuzin.fm Дзьмітры Нікановіч зь песьняй «Ніколі» меў усе шанцы на перамогу. У мінулым туры 21-гадовы сьпявак усяго на 9 галасоў саступіў «Песьнярам», але ў гэтым узяў сваё. Дзіма кажа, што пільна сачыў за галасаваньнем: «Для мяне вельмі важна, як ацэньвае публіка маю першую „ластаўку“, да таго ж беларускамоўную. Рэакцыя была розная, як я і меркаваў, але вынік чарту пераканаў мяне ў слушнасьці абранага шляху. Вельмі прыемна, калі тваю працу высока ацэньваюць ня толькі прафэсіяналы, але ў першую чаргу слухачы».
Сам пераможца таксама ўдзельнічаў у галасаваньні, свае «падабайкі», як ён кажа, аддаваў гурту Hurma: «Па-першае, песьня „Птушка“ мне сапраўды падабаецца, а па-другое, Мікіта — мой сябра і аўтар маёй песьні, таму тут няма нічога дзіўнага. Атрымаў задавальненьне і ад песьні „Гуантанама“ гурта Nizkiz. Мой бацька называе іх „беларускай Нірванай“, я ў чымсьці зь ім згодны. Нягледзячы на тое, што працую ў кардынальна іншым стылі, цікаўлюся беларускім рокам».
Песьню «Ніколі» належным чынам ацаніў і Канстанцін Мэладзэ, да якога Дзьмітры Нікановіч завітаў на менскі кастынг. Украінскі прадусар і кампазытар цяпер набірае ўдзельнікаў новага бойз-бэнду. Папярэдні адбор прайшлі каля сотні чалавек, у ліку якіх апынуўся і Дзьмітры. Цяпер прэтэндэнтаў чакае кастынг у Маскве. «Я пайшоў на кастынг да Мэладзэ, каб, па-першае, упэўніцца, што у мяне ёсьць „музычная будучыня“. Прафэсійнага погляду з боку хранічна не стае, таму шукаю яго на кастынгах. Па-другое, гэта вялікі вопыт, як выканальніцкі, так і псыхалягічны. Па-трэцяе, хацеў паказаць сваю першую песьню „Ніколі“ ўкраінскім рэдактарам, а магчыма і самому Мэладзэ. Усё атрымалася і мяне папярэдзілі, што ёсьць вялікі шанец паехаць у Маскву на тэлекастынг. Сапраўды прайшоў, набыў ужо квіткі да Масквы… Такі праект — гэта міжнародны ўзровень. Няхай мне ня хочацца сьпяваць у бойз-бэндзе тыпу мужчынскай „Виа ГРЫ“, але мне трэба паказвацца, самасьцьвярджацца. А раптам мне дадуць слушную параду, як рухацца далей? Больш за тое, я нікога не падманваю, бо шчыра напісаў у анкеце, што мару пра сольную кар’еру».
Дзьмітры зьбіраецца і надалей працягваць беларускамоўную лінію ў сваёй творчасьці: «Думаю, што калі я пачаў адмыслова зь беларускамоўнай песьні, то бяз новых трэкаў па-беларуску не абыйсьціся. Але, канечне, калі ў мае рукі трапяць цудоўныя творы на расейскай ці ангельскай мове, не адмоўлюся іх выконваць».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ