Стракатая васьмёрка: названыя ўдзельнікі «Адборышча-2018» (аўдыё)
6030 / 0
02.04.2018

Стракатая васьмёрка: названыя ўдзельнікі «Адборышча-2018» (аўдыё)

Экспэртная рада назвала паўфіналістаў Конкурсу маладых гуртоў у межах фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2018».

Паўфіналістамі сталі электронны гурт SnopSnoŭ, індзі-фолькавая каманда Helious, пост-панкавы праект Nürnberg, гітарны дуэт «MorkvoЦвет», поп-гурт D.Jaza, індзі-фольк каманда «Колір», электронны праект K3tyvana ды cьвежасьпечаны дуэт ад Эрыка Арлова-Шымкуса і Ўладзя Лянкевіча Eryk i Ja.

Усе выканаўцы нажыва прэзэнтуюць конкурсную праграму на канцэртным праслухоўваньні, якое пройдзе 11 траўня ў Менску. Клюб і імя вядомага беларускага музыкі, пры падтрымцы якога пройдзе «Адборышча», арганізатары абяцаюць назваць неўзабаве.

Сёлета ў журы ўвайшлі прадстаўнікі арганізатараў фэсту зь «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў», партнэры фэстывалю, журналісты і музычныя экспэрты Мікалай Янкойць, Іло Карпюк, Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей, Вольга Малюшыцкая, Віталь Зыблюк і Анджэй Байгуз.

«Адкрываць новыя імёны — важная задача фэсту „Басовішча“, таму цешыць, што сёлета мы мелі багаты выбар сярод рознастылёвых гуртоў. Як заўжды, абіраць было няпроста, а сьпіс паўфіналістаў апынуўся досыць стракатым. Ужо зразумела, што канкурэнцыя на „Адборышчы“ будзе сур’ёзная, а інтрыга наконт пераможцы застанецца да самага фіналу», — камэнтуе каардынатарка конкурсу Лідзія Пякарская.

Па выніках канцэртнага праслухоўваньня будуць названыя чацьвёра фіналістаў, якія атрымаюць магчымасьць пазмагацца за галоўны прыз на сцэне «Басовішча-2018» 20 ліпеня.

TuzinFM