!OUT: iDAiNET — падваеньне асобы па-віцебску (+прэзэнтацыя самотніка)
3218 / 0
04.09.2015

!OUT: iDAiNET — падваеньне асобы па-віцебску (+прэзэнтацыя самотніка)

Гурт-самародак зь Віцебску iDAiNET прэзэнтуе на Tuzin.fm свой першы трэк на роднай мове «Цішыня». Адначасова гэта, можна сказаць, разьвітальная песьня.

Але квінтэт не распадаецца — проста музыкі зьбіраюцца зьяжджаць за мяжу. Пра гэта распавёў у інтэрвію Tuzin.fm франтмэн і асноўны аўтар iDAiNET Андрэй Дакутовіч.

ТГ: Хто ці што паўплывала на тое, што вы нарэшце запісалі беларускамоўны твор? Раней жа сьпявалі выключна на другой дзяржаўнай.

Песьню на беларускай мове хацелася напісаць ужо даўно. Няўдалыя спробы на пэўны час адбілі такое жаданьне. Але гэта да лепшага, што атрымалася толькі цяпер. Я, напрыклад, люблю складанаструктураваную музыку з полірытміяй, зьменлівым мэтрам, мадуляцыямі. Гэта ўсё можна знайсьці ў мат-коры ды джазе. Хочацца чуць нейкую дзіўную незвычайную музыку, і каб тэкст быў на роднай мове. Таму будзьма намагацца, каб рабіць падобнае самім.

ТГ: Дарэчы, а хто Вам даспадобы з айчынных і з замежных калектываў?

iDAiNET, Tera Melos, «Мои Ракеты Вверх», Tequilajazzz (family), SunSay, Red Hot Chili Pepers, John Scofield, Jimi Hendrix, Marcus Miller.

ТГ: Мяркуючы па сацсетках, у iDAiNET даволі багатая й разнастайная дыскаграфія. Але на афіцыйным сайце вісіць толькі адзін, апошні альбом?

Раней гэта проста былі дэма-запісы для сябе й сяброў. Для азнаямленьня. Амаль ўсе тыя песьні мы выкарыстоўваем цяпер і некаторыя зь іх у будучыні будзем перааранжыроўваць і запісваць.

ТГ: Падобна, што зусім пазбавіліся джазавых адценьняў, і мат-коравых эфэктаў стала менш.

Так, бо мы вярнуліся да больш раньняга матэрыялу. Потым гэтую «фішку» вернем на месца. Зрэшты, як паказала канцэртная практыка, мала хто ў гэтым цяміць. Варта прывучаць!

ТГ: А дзе выступалі па-за Віцебскам?

Акром Віцебску, здаецца, толькі ў Менску ды Воршы. Не заўжды мелі поўнавартасны жывы склад, бо кожны з нас шмат часу бавіў у іншых праектах і кавэр-бэндах.

ТГ: Ці чакаць на новы альбом сёлета?

У гэтым годзе больш нічога новага не плянуем. Спатрэбіцца часу болей за год. Увосень мы пераяжджаем у Санкт-Пецярбург.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm