«Закон Гука» перамог у Мэгатуры зь песьняй на словы Вацлава Ластоўскага
З вынікам у 1121 голас пераможцам мэгатуру на TuzinFM cтаў гурт «Закон Гука» зь песьняй «Пішы» на словы Вацлава Ластоўскага.
Песьня «Пішы» была створаная музыкамі ў якасьці бонусу да праекту «(Не)расстраляная паэзія». Менскія рокеры абралі верш Вацлава Ластоўскага, паэта, гісторыка і навукоўца, першага прэм’ер-міністра БНР. Гэты твор перамог у вясновым туры аўдыёчарту, трапіў у рэжысэрскі рэйтынг удзельнікаў мэгатуру ды перамог у змаганьні за першае месца.
«Для нас стаў прыемнай нечаканасьцю сам факт трапляньня ў мэгатур, — зазначае лідэр каманды Лёкса Кузьмін. — Мы нават і ня думалі пра тое, каб перамагчы ў чарце, дзе ўдзельнічаюць Лявон Вольскi, Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute ды іншыя. Аднак, штодня аптымізму станавілася ўсё больш і больш, бо наш трэк заўсёды знаходзіўся ў лідэрах. Безумоўна мы ўвесь час сачылі за ходам галасаваньня, хваляваліся і ўдзельнічалі ў ім таксама. Мы заўсёды адказна ставімся да ўсяго, за што бярэмся». Лідэр «Закону Гука» зазначае, што для яго з паплечнікамі вялікі гонар стаць пераможцам мэгатуру, на TuzinFM. «Гэта чарговая прыступка ўверх, на якую мы змаглі ўзьняцца, дзякуючы нашым слухачам. Мы вельмі шмат працуем і над сабой і над сваім матэрыялам, таму лічым перамогу заслужанай».
Самі аўтары найлепшага гіта сэзону 2017/2018 на TuzinFM вылучаюць з удзельнікаў мэгатуру песьні Лявона Вольскага «Ты помніш» і Vuraj «Настроі», якія таксама былі запісаныя для праекту «(Не)расстраляная паэзія». Таксама свае галасы яны аддавалі за кліп Кацярыны Ваданосавай «Я іду да цябе».
На восень «Закон Гука» рыхтуе прэм’еру некалькіх новых трэкаў і зьбіраецца на адзін зь іх зьняць кліп. Галоўныя гіты і прэм’еры каманды можна будзе пачаць у іх жывым выступе на «Радыё Сталіца» 22 жніўня ў 21:00. А на зіму музыкі зьбіраюцца праехаць з канцэртамі па Беларусі. Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ