
Belsat Music Live распачынае трэці сэзон (відэа)
Пасьля летняга перапынку праграма Belsat Music Live вяртаецца ў этэр. 8 верасьня выйдзе першае выданьне ў сэзоне і 62-е па ліку. А 1 верасьня аўтар праграмы Сяргей Будкін і вядоўца Міра Шульц сустрэнуцца з гледачамі ў культцэнтры «Корпус».
Новы сезон Belsat Music Live распачынае адмысловая праграма, складзеная з тых песень, якія дагэтуль яшчэ не былі паказаныя ў мінулых выданьнях. Аўтар праграмы Сяргей Будкін адкрывае новыя імёны на беларускай музычнай сцэне і запрашае ў студыю ўжо знаных выканаўцаў. Гледачоў чакаюць прэм’еры ад «Разьбітага сэрца пацана», рэпэра Какоры, праекту Warsoba, гіты ад Bez.Not, Iluzhan, Zolki Band і ансамблю «Песьняры».
1 верасьня ў межах «Пікніка з Белсатам», які пройдзе ў культцэнтры «Корпус», стваральнікі адной з самых папулярных праграмаў на тэлеканале выйдуць на публіку. Аўтар праграмы Сяргей Будкін і вядоўца Міра Шульц распавядуць, як робіцца шоў, пакажуць бэкстэйдж здымкаў ды адкажуць на пытаньні гледачоў. Найбольш актыўныя атрымаюць падарункі. А пасьля размовы пройдзе дзьвюхгадзінны канцэрт, на якім выступяць Palina (цяпер так завецца праект Паліны Рэспублікі) і гурт Harotnica Mix. Пачатак у 18:30. Уваход вольны.
З 8 верасьня праграму Belsat Music Live можна пабачыць штосуботу на тэлеканале «Белсат» у 21:15 па беларускім часе, адразу пасьля выданьня навінаў «Аб’ектыў». Новыя выданьні выкладаюцца на youtube-канале «Белсат музыка». Таксама пэрыядычна папаўняецца плэй-ліст «BML. Толькі песьні». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё герояў мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.
TuzinFM
На жаль, сустрэча і канцэрт 1 верасьня не адбудуцца. "Пікнік зь Белсатам" забаронены.
КАМЕНТАВАЦЬ