«Гэта неверагоднае адчуваньне!». Беларускі баяніст выправіўся ў «Касьмічнае падарожжа» (відэа)
6730 / 0
28.09.2018

«Гэта неверагоднае адчуваньне!». Беларускі баяніст выправіўся ў «Касьмічнае падарожжа» (відэа)

Кампазытар і музыка Аляксандар Ясінскі прэзэнтаваў мультымэдыйны музычны праект, у якім задзейнічаныя вядомая польская сьпявачка, культавы швэдзкі гітарыст, беларускі мультыплікатар, чэскі актор і цэлы сымфанічны аркестар Праскай кансэрваторыі.

Аляксандр Ясінскі, вядомы беларускаму слухачу з гуртоў BosaeSonca, The Unlimited Trio, Fratrez і Vuraj, прэзэнтаваў 24-хвіліннае відэа «Касьмічнае падарожжа». Кампазыцыя напісаная для баяна і сымфанічнага аркестра. Яна ўяўляе зь сябе канцэптуальны мультымэдыйны праект, у якім разам з жывой музыкай выкарыстоўваецца падрыхтаваны гуказапіс з удзелам польскай сьпявачкі Натальлі Гросяк з гурта Mikromusic ды швэдзкага гітарыста і кампазытара Ройнэ Столта (The Flower Kings, Transatlantic, Agents of Mercy, The Sea Within, Kaipa).

«Гэта неверагоднае адчуваньне, калі музыкі, якіх ты слухаеш, пагаджаюцца паўдзельнічаць у тваім праекце! — кажа Аляксандар. — Я вырас на музыцы Ройнэ Столта і яшчэ гадоў дзесяць таму, не паверыў бы, што калісьці мы будзем супрацоўнічаць».

Акрамя гуказапісу ў творы выкарыстоўваецца анімацыя беларускага мультыплікатара Рамана Бумакова, адмыслова створаная для гэтага праекту. Таксама задзейнічаны чэскі актор Іржы Гэйбал, які грае ролю касманаўта.

«Твор складаецца з трох частак, празь якія адлюстроўваецца храналягічная зьмена музычных стыляў і эпох. У першай частцы я стараўся адлюстраваць разьвіцьцё чалавецтва ад першабытных часоў да сучаснасьці. Другая частка распавядае пра знаходжаньне чалавека ў космасе, дзе ён мусіць сутыкнуцца зь вельмі небясьпечнымі акалічнасьцямі. Трэцяя — паказвае сустрэчу чалавека з іншаплянэтнай цывілізацыяй», — распавёў парталу TuzinFM Алесь пра сваё «Касьмічнае падарожжа».

«Касьмічнае падарожжа» было выкананае сымфанічным аркестрам Праскай кансэрваторыі, дырыжор — Мірыям Нямцова, партыю баяна сыграў сам аўтар, партыю бубнаў — Матаўш Грабэк. Гук Аляксандр запісваў і зводзіў сам. Відэа здымаў і мантаваў Алесь Кот-Зайцаў, даўні сябра Аляксандра Ясінскага, лідэр гурта BosaeSonca.

TuzinFM, загалоўнае фота Віктара Лома