Re1ikt выступіць на «Траўні» з духавымі (аўдыё, відэа)
3608 / 0
07.04.2014

Re1ikt выступіць на «Траўні» з духавымі (аўдыё, відэа)

Найлепшы беларускі гурт 2013 году па вэрсіі Tuzin.fm стане адным з гасьцей першага акустычнага фэстывалю «Травень». Музыкі прадэманструюць сваё абноўленае гучаньне з духавымі інструмэнтамі.

Re1ikt цяпер цалкам пагружаны ў запіс новага альбому, які плянуецца прэзэнтаваць увосень. Падрабязнасьцяў пра будучы рэліз пакуль не раскрываецца. Вядома толькі што ён будзе аб’яднаны адзінай канцэпцыяй лекавых траваў. Магчыма зусім новыя песьні будуць уключаныя ў сэт на фэсьце «Травень», які адбудзецца 18 траўня ў клюбе «Мулен Руж». Свае вядомыя ўжо творы гурт пакажа ў адрозных аранжыроўках. Музыкі вырашылі далучыць да складу духавыя інструмэнты, так што некаторыя іх кампазыцыі загучалі зусім інакш.

Аўдыё: адзін з галоўных гітоў Re1ikt «Брудная дзяўчына» ў акустычным увабленьні. Гэта першая беларускамоўная кампазыцыя гурта, зь якой ён дэбютаваў у чарце на «Тузіне Гітоў» у сэзоне 2008/2009.

Re1ikt у акустыку і Re1ikt электрычны можна прыняць за зусім розныя каманды. У каманды ёсьць прыхільнікі, якія прымаюць гурт выключна ў поўным гуку, а ёсць тыя, хто больш паважае камэрнае ўвасабленьне песень. Самі музыкі на гэты конт кажуць так: «Лічым дыскусійным пытаньне як круцей гучыць наш гурт у акустыку ці ў электрычнасьці, бо гэта часта залежыць ад густа слухача. Але тыя, хто любіць музыку і атрымліваць асалоду ад кожнай ноты, насамрэч больш прыязна ставіцца да акустыкі, бо ў ёй нашая музыка грае рознымі фарбамі і болей, калі так можна сказаць, празрыстая», — заўважае ўдзельнік каманды Зьміцер Наркевіч.

Увесну і летам Re1ikt вяртаецца да актыўнай канцэртнай дзейнасьці. Акрамя «Траўня» беларускія музыкі заяўлены ў якасьці хэдлайнэраў новага польскага фэсту WakeUp Białystok, у траўні дадуць канцэрт у Горадні, некалькі выступаў заплянавана таксама ў Польшчы.

Відэа: Гурт Re1ikt на канцэрце з сэрыі «Жывы Тузін», клюб Loft, 24.03.2014

Фэстываль «Травень» пройдзе на сцэне клюбу «Мулен Руж» 18 траўня. Яго ўдзельнікі будуць прадстаўляцца паступова на сайтах заснавальнікаў фэсту Tuzin.fm, Budzma.by і Graffiti.by.

Ужо заяўленыя ў якасьці выступоўцаў Re1ikt , «Людзі на балоце», Тацяна Беланогая

7 красавіка — апошні дзень распродажу першай партыі квіткоў. Кошты — па 90 000 (танцпляц, у клюбе «Графіці»), 100 000 (на сайце Kvitki.by) і 120 000 (столік, у клюбе «Графіці»).

З 8 да 18 красавіка квіткі на фэст можна набыць па 110 000 (танцпляц, у клюбе «Графіці»), 120 000 (танцпляц, на сайце Kvitki.by) і 140 000 (столік, набыць можна толькі ў клюбе «Графіці»). Пасьля квіткі будуць каштаваць даражэй.

Інфалінія фэсту «Травень»: 638-44-44 (мтс, velcom, life).

Tuzin.fm