«Цаны няма гэтым песьням». Унікальны запіс забытай беларускай пясьняркі ў !OUT
9247 / 0
01.10.2018

«Цаны няма гэтым песьням». Унікальны запіс забытай беларускай пясьняркі ў !OUT

TuzinFM упершыню публікуе аўдыёзапіс з 12 песень вясковае сьпявачкі й гітарысткі з Быценю Любові Грынчык, які быў зроблены паўстагодзьдзя таму.

Спалучальнікі беларускага фальклёру з уяўным мэдыевалем «Камэлот», «Стары Ольса» ды іншыя каманды 1990—2000-х мелі папярэдніцу. Вяртаем зь небыцьця імя Любові Грынчык (1923—2009), сьпявачкі й гітарысткі з Быценю.

БЫЦЕНЬ ЯК ЦЭНТАР

Расейскі літаратар XIX ст. Фадзей Булгарын (сам з-пад Менску родам) сьведчыў, што амаль кожная бедная шляхцянка на Меншчыне грала на гітары зь сямю жалезнымі струнамі. Любоў Грынчык нарадзілася ў 1923 годзе пры паляках на Берасьцейшчыне. Ейнае роднае мястэчка Быцень (альбо Бытэнь, як кажуць мясцовыя) у часы ВКЛ мела статус уніяцкага цэнтру, а пры Саветах на некаторы час стала райцэнтрам.

Быцень, 1862 год

Маці, бабуля, цётка Любові Грынчык — усе сьпявалі. Родны брат Канстанцін вёў хор, яшчэ два браты гралі на скрыпцы, на мандаліне. Акром таго, Любоў мела 27 стрыечных братоў і сясьцёр. Сама прызнавалася, што здольная граць на ўсім. Ейны бацька Аляксей Макарэвіч служыў праваслаўным сьвятаром. А будучы муж-аднавясковец Мікалай Грынчык вучыўся на ксяндза ў Варшаве. Сьвятарскім плянам перашкодзіла вайна, пасьля якое юнак абраў прафэсію літаратуразнаўцы.

«У 1965 годзе мы пераехалі ў Менск на вуліцу Сурганава. І Быкаў да нас у госьці прыходзіў, і Барадулін, і Караткевіч, і Мальдзіс, і Панізьнік… А Караткевіч прыяжджаў да нас у Быцень, дык пад вокнамі хаты людзі зьбіраліся яго слухаць. Дагэтуль застаўся плот, які яны з маім бацькам рабілі. Шкада разьбіраць. У нас быў такі сапраўдны цэнтар», — распавядае сын Любові Аляксееўны, фізык-вынаходнік Мікалай Грынчык.

Любоў Грынчык з Уладзімерам Караткевічам (першы зьлева), Рыгорам Барадуліным (другі зьлева), Валянцінай Барадулінай (першая справа) на ганку роднай хаты Янкі Купалы ў Вязынцы. 1957 год, фота з асабістага фонду У. Караткевіча ў БДАМЛМ

ПОБАЧ З ДАЎЛАТАВЫМ

Адразу пасьля вайны жыхарка Быценю Любоў Грынчык трапіла пад рэпрэсіі.

«У свае 23 гады маці апынулася ў Комі АССР на лесапавале. За тое, што выкладала ў пачатковай школе падчас акупацыі. Не ўлічылі чамусьці тое, што напачатку вайны яна выратавала савецкіх вайскоўцаў, правёўшы бродам праз Шчару. Непадалёк ад ейнага лягера, дарэчы, служыў Сяргей Даўлатаў, — кажа Мікалай Грынчык. — Яна была ярая нацыяналістка, але своеасаблівая. Магла азлобіцца на тым лесапавале. Але добра выказвалася пра канвой. Тыя раілі, што есьці ад цынгі. Назад з Варкуты да Масквы маці дабіралася на даху вагона. Пазьней яе рэабілітавалі».

Адзінае вядомае на сёньня партрэтнае фота Любоў Грынчык, з архіву Беларускай акадэміі музыкі

Па вяртаньні Любоў Грынчык выступала катэгарычна супраць эміграцыі: «Зямля й мова дадзеныя ад Бога, трэба жыць, там дзе нарадзіўся». Сьпявачка ведала рэцэпт, каб чалавек нікуды ня зьехаў з Радзімы: трэба, каб ён сабраў парэчкі ды зварыў сочыва — любое жаданьне эміграваць адразу адпадзе.

ПЕСЬНІ З-ПАД ШЧАРЫ

Свой рэпэртуар Любоў Грынчык назвала «Песьнямі з-пад Шчары». Усе творы трымала ў памяці. Сярод аўтарскіх рэчаў меўся цэлы шэраг песень Сяргея Новіка-Пяюна. Па сутнасьці, айчыннага протабарда й патрыёта, які прайшоў празь лягеры кожнае прышлае ўлады — польскае, нямецкае ды савецкае.

Сяргей Новік-Пяюн, фота 1953 году

Можна меркаваць, што сьпявачка асабіста ведала кампазытара Антона Валынчыка. І той перадаў ёй ноты да песьні на верш Якуба Коласа «Ліпы старыя». На думку этнаграфісткі Тацьцяны Бярковіч, гэты сьпеў мог мець статус пратэстнага, рэвалюцыйнага гімну ў Заходняй Беларусі міжваеннага часу.

Вучнёўскі аркестар Клецкае беларускае гімназіі, кіраўнік Антон Валынчык, фота 1925 году

Літаратар Сяргей Панізьнік памятае вечарыну ў музэі Янкі Купалы, на які Любоў Аляксееўна прыйшла з гітарай, і выконваючы яшчэ адзін заходнебеларускі гімн «Не загаснуць зоркі ў небе» па звычцы ўстала, чым прымусіла падняцца й трохі зьбянтэжаную публіку.

ГУКАСЭСІЯ З ПАНІЗЬНІКАМ

Сяргей Панізьнік аднойчы запісаў сьпевы Любові Грынчык на свой магнітафон «Рамантык». Упершыню ён пачуў сьпявачку з Быценю на кватэры Барадуліных, дзе Любоў Аляксееўна сьпявала разам з маці дзядзькі Рыгора Акулінай Андрэеўнай. Працэс запісу заняў два дні сакавіка 1969 году. Атрымалася зафіксаваць 36 песень — народных, аўтарскіх, акапэльных ды пад гітару, а таксама інструмэнтальныя найгрышы. На TuzinFM упершыню публікуецца значная частка з гэтай гукавой сэсіі — 12 песень.

Вялікую частку запісанага матэрыялу складае комплекс вясельных песень, прымеркаваных да розных этапаў абраду. Сьпявачка распавядала, што ў традыцыйным вясельлі расьпісаная кожная хвіліна. «Цаны няма гэтым даўнейшым песьням», казала яна. А цяпер нікога няма, я адна засталася адна. Каб перадалося гэта ўсё, каб запісалася правільна…»

АЦЭНКІ АДМЫСЛОЎЦАЎ

Этнаграфістка Тацяна Бярковіч: «Любоў Грынчык — гэта ўнікальны выпадак. Яе песьні гучаць вельмі высакародна і вельмі густоўна. Ня ў прыклад многім сучасным спробам апрацоўваць фальклёр. У яе асобе перапляліся натуральны этнаслых і гарадзкая традыцыя камэрнага сямейнага музыкаваньня».

Лютніст Ільля Кубліцкі з гурту «Стары Ольса»: «У гітары Любові Грынчык добры строй. Шкада, што інструмэнт не захаваўся. Сяміструнка — гэта сапраўды эўрапейскі інструмэнт, да таго, як трапіць у Расею, вядомы ў Чэхіі ды Францыі. Відаць, што яна асвойвала інструмэнт самастойна, як ёй было зручна, і такім чынам выпрацавала сваю аўтарскую манеру».

Адзіная навуковая праца, датычная Грынчык, — гэта курсавая Вольгі Раманюк, дзе музыказнаўца абазначыла сьпявачку тэрмінам homo musicus (чалавек музычны).

 АПОШНІ ВЫСТУП

Запісы Любові Грынчык захоўваюцца ў Беларускай акадэміі музыкі ў кабінэце традыцыйных музычных культураў. Іх прэзэнтацыя й перадача ў фонаархіў прайшла ўрачыста ды ў прысутнасьці самой выканаўцы ў 2009 годзе. Любові Аляксееўне тады споўнілася 86 гадоў. На гітары граць было ўжо цяжка, таму яна без суправаджэньня засьпявала велікодную, і заля падхапіла. «Людзі, вось вы ж тут займаецеся гэтым фальклёрам. Народныя песьні — гэта ж нашае. Вы ж слухайце. Вы ж давайце іх у сьвет, каб і новыя пакаленьні вучыліся», — сказала на разьвітаньне пясьнярка з Быценю. Яна пайшла ў іншы сьвет у тым жа 2009-м і знайшла спачын на могілках у роднай вёсцы.

Аўтар дзякуе за дапамогу й прадастаўленыя матэрыялы Сяргею Панізьніку й Тацьцяне Бярковіч.

Падрабязьней пра Любоў Грынчык — у аўдыёпадкасьце Віктара Сямашкі.

Віктар Сямашка, TuzinFM