Новыя песьні восені-2018. Топ-12 (аўдыё)
6377 / 0
01.11.2018

Новыя песьні восені-2018. Топ-12 (аўдыё)

На TuzinFM агляд самых цікавых беларускамоўных трэкаў, якія былі прэзэнтаваныя ў верасьні-кастрычніку.

Dasha Kola — Капаюць

Дар’я Калейчык прэзэнтавала новы самотнік свайго праекту «Dasha Kola», які робіць разам з саўндпрадусарам Аляксандрам Пазьняком. «Песьня атрымалася мэлянхалічная, восеньская і эмацыйная», — кажа сьпявачка, якая імкнецца рабіць якасную поп-музыку на беларускай мове. Гэта яе трэці трэк — да гэтага былі выйшлі песьні «Прачнуцца» і «Крок». А яшчэ ў Дар’і нядаўна нарадзілася дачка Марыя. Віншуем!

Район 119 — Варвары

Гурт «Район 119», які зьявіўся сёлета ўвесну і адразу ж зьвярнуў на сябе ўвагу, выдаў дэбютны студыйны самотнік — «Варвары». Музыкі кажуць, што некалькі месяцаў шчыльна працавалі над пошукам свайго гучаньня і вось нарэшце вызначыліся ў тэгах — Electrorock/Bluesrock. Лідэр каманды Андрэй Кавецкі называе гэты трэк «медляком для дэкадэнтаў».

Зьміцер Вайцюшкевіч — Паслухайце

Зьміцер Вайцюшкевіч прэээнтаваў сынгл «Паслухайце» з новага альбому «Люблю» на вершы Ўладзімера Маякоўскага. Беларускі пераклад быў зроблены Рыгорам Барадуліным. «Калі выйшаў мой першы альбом на вершы Маякоўскага ў 2005 годзе, Барадулін мяне спытаў, чаму я не скарыстаў нідзе беларускія пераклады. А я проста неяк не падумаў, што яны ёсьць! І вось гэтым разам узгадаў, зрабіў — вельмі такі пранікнёны і сьветлы тэкст, які хацелася дапоўніць адпаведнай музыкай», — кажа Вайцюшкевіч.

ZeNoir — Cтрэлкі

Восеньскі самотнік ад менскага гурта ZeNoir, які арыентуецца на альтэрнатыву і гранж-музыку. У ім музыкі разважаюць пра Час як такі. «Кожны мае свой час. Вымяраецца ён па агульных правілах. Але адчувае яго кожны па-свойму. Ён адбiваецца шнарамi i зморшчвае твары, вымушае iсьцi наперад, як стрэлкi па цыфэрбляце. Цi ёсьць час да нас i пасьля нас? Цi спыняецца Ён, калi мы сыходзiм? А можа мы раскручваем кола сансары i ня можам пазбавiцца Яго цiску?» — такія думкі натхнілі лідэра каманды Аляксандра Давыдоўскага на стварэньне кампазыцыі.

Atesta — Па вадзе

Рок-праект Atesta басіста Аляксея Паўловіча, у якім на вакале ягоная дачка-школьніца Ўльляна, пацьвердзіў сур’ёзнасьць сваіх намераў другім сынглам «Па вадзе», які выйшаў сьледам за дэбютам «Жоўты крышталь». «Калі нашу першую песьню можна было ўспрымаць за несур’ёзныя экспэрымэнты дарослых дзядзяў ды дзяўчынкі, то падчас далейшай працы ўсім стала сапраўды цікава і пачалі прадукавацца новыя ідэі. Таму цяпер дакладна — ніякіх жартаў», — заявіла з нагоды прэм’еры ў камэнтары TuzinFM Ўльляна. У падтрымку песьні рыхтуецца таксама відэа, матэрыялы для якога былі зьнятыя ў Нарвэгіі.

By Cry — Гімн

Гэтай восеньню гурт By Cry прэзэнтаваў самотнік «Гімн». Традыцыйна ў падтрымку новай песьні быў зьняты кліп. Ідэю ягоную аўтарка, вакалістка і рэжысэрка відэа Аляксандра Грахоўская перадае словамі старажытнага філёзафа Гэрмэса Трысмэгіста: «Тое, што ўнізе, аналягічна таму, што ўверсе». Зьнялі ролік на возеры Глухое, што ўваходзіць у склад Блакітных азёраў.

Leibonik — Гукі

Новая песьня гурта Leibonik паўстала ў выніку творчага экспэрымэнту парталу TuzinFM, які прапанаваў тром розным музыкам зрабіць зь верша паэта Анатоля Сербантовіча песьню за тры гадзіны. Па выніку гурт Сяргея Башлыкевіча трэк дапрацаваў і выдаў сынглам. «Баяўся, ці прыжывецца прышчэпка чужога верша да камля нашага гурта, але же нешта прарасло, зазелянела і стала ўспрымацца як сваё. Гэта быў цікавы досвед, які варта часам паўтараць, каб праверыць, ці не заржавела наша музычная машына», — зазначыў лідэр каманды з нагоды прэм’еры.

Re1ikt — Музыка

А вось так гучыць той жа верш у музычным увасабленьні гурта Re1ikt, які вырашыў ня толькі дапрацаваць песьню ў студыю і выдаць асобным сынглам, а яшчэ і зьняў на яе відэаролік (рэжысэр Арцём Лобач). Рэліз прымеркавалі да Сусьветнага дня музыкі, бо песьня акурат распавядае пра тое, як лірычны герой трапляе ў чароўны сьвет гукаў.

Nizkiz — Люстэрка

У сваім восеньскім самотніку «Люстэрка» магілёўскі гурт працягвае распавядаць гісторыю, якая была закладзеная ў папярэднім рэлізе «Интроверт». «Толькі калі там была гісторыя пра ўцёкі, няхай і не надоўга, у свой утульны сьвет, то тут ужо адбываецца больш глыбокае самапазнаньне. Але не самакапаньне, гэта важна!» — камэнтуе аўтар, лідэр Nizkiz Аляксандар Ільін. Выхад новай песьні гурт суправадзіў відэакліпам, які зьняў рэжысэр Андрэй Грынько.

Ілюжан — Сонца

Песьня, якая дае найлепшае ўяўленьне пра новы альбом каманды, які завецца «Толькі разам». Вакалістка Каця Папова заўважае, што гэтая кампазыцыя «можа выклікаць падвышэньне тэмпэратуры цела за кошт актывацыі падскурных вібрацыяў» і рэкамэндуе для праслухоўваньня «ўсім, хто сумуе па кімсьці добрым, забыўшыся, што ўсе мы — часткі Аднаго».

Аляксандра і Канстанцін — Сарока

Новая песьня, якую музыкі прэзэнтуюць з нагоды 20-годзьдзя творчай дзейнасьці. «Гэта вельмі рамантычны трэк на народныя словы на лёгкую музыку, якая разьнявольвае. На яе напісаньне нас натхнілі ўражаньні ад летніх вандровак, дзівосныя пэйзажы ды цёплыя вятры Міжземнамор’я», — кажуць Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза. Да іх у гэтай кампазыцыі далучыўся клявішнік Ігар Бранкоўскі, а запісаў і зьвёў трэк Генадзь Сыракваш. А юбілей свой «АіК» адзначаць вялікім канцэртам 28 лістапада ў менскім Палацы прафсаюзаў.

«Аркадий Коц» — Пераможам

Расейскі гурт «Аркадий Коц» зрабіў беларускамоўную вэрсію знакамітага чылійскага гімну левых «Venceremos». «У чатыры слупкі мы паспрабавалі ўкласьці ўсю гісторыю савецкага народу, які таму жарсна падтрымліваў змагароў Чылі, Кубы, Нікарагуа ды іншых краінаў ды сьпяваў іх песьні, што адчуваў яўны недахоп дэмакратыі, права голасу ў працоўных ва ўласнай краіне», — заявіў гурт з нагоды прэм’еры. Чаму па-беларуску? Як патлумачыў TuzinFM лідэр каманды Кірыл Мядзьведзеў, гэтая ідэя належала паплечнікам зь беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», пераклад зрабіў Аляксей Кудрыцкі. Сьледам за беларускім сынглам, музыкі зрабілі вэрсію і на сваёй мове.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Яшчэ: Топ-12 песень пачатку восені-2018

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM