Прайшла адукацыйная сэсія і жывое праслухоўваньне «Засьпявай-5» (22 відэа)
2554 / 0
19.12.2018

Прайшла адукацыйная сэсія і жывое праслухоўваньне «Засьпявай-5» (22 відэа)

Лекцыі, майстар-клясы, трэнінгі і жывыя выступы перад журы. Прайшоў другі этап конкурсу «Засьпявай-5», які ладзяць партал TuzinFM разам з фондам «Вяртаньне».

Арганізатары «Засьпявай» распрацавалі для сёлетніх канкурсантаў унікальны інтэнсіўны курс. Трохдзённая адукацыйная праграма ўключыла ў сябе 14 лекцыяў і заняткаў. З маладымі музыкамі працавалі: Ірэна Катвіцкая, якая распавяла пра вакальныя тэхнікі і дыхальныя практыкі; дызайнэрка і мастачка Наста Шастак пра сродкі візуальнай самаідэнтыфікацыі, Алег Хаменка пра маркетынгавыя тэхналёгіі ў музыцы. Шэраг лекцыяў былі прысьвечаныя розным этапам стварэньня і прасоўваньня. Алесь-Францішак Мышкевіч распавёў як стварыць годную песьню, саўндпрадусар Андрэй Акатаў казаў пра тонкасьці студыйнае працы, кіраўнік лэйблу «Ezhevika» Дзьмітры Літвіновіч распавёў як можна прадаць сваю музыку, журналіст Аляксандар Чарнуха — як трапіць у СМІ, прамоўтэр Уладзімер Плавінскі пра тое, як зладзіць канцэрты і трапіць на фэстывалі. Асобная ўвага была прысьвечаная гісторыі беларускай музыкі і паэзіі. У межах сэсіі Андрэй Хадановіч распавёў пра сучасную беларускую паэзію ў кантэксьце сусьветнай, а Віктар Сямашка сучасную беларускую музыку ў кантэксьце сусьветнай.

Адукацыйная сэсія скончылася жывым праслухоўваньнем удзельнікаў конкурсу. У ім узялі ўдзел 22 выканаўцы, якія былі абраныя журы па выніках праслухоўваньня дэма-запісаў. Тры выканаўцы ня здолелі ўзяць удзел, але запісалі відэа жывога выкананьня, якія таксама разгледзела журы. Яшчэ тры выканаўцы дабраахвотна сышлі з дыстанцыі.

Па выніках жывога праслухоўваньня журы назаве тройку фіналістаў. Вынікі будуць абвешчаныя цягам наступнага тыдня на партале TuzinFM.

Са студзеня 2019 году пачынаецца трэці этап конкурсу. З кожным зь фіналістаў «Засьпявай» будзе праведзеная індывідуальная праца. Ірэна Катвіцкая правядзе індывідуальныя заняткі па вакале, Наста Шастак дапаможа ў распрацоўцы візуальнай канцэпцыі, а Андрэй Акатаў папрацуе ў студыі разам з выканаўцамі над іх конкурснымі песьнямі. Увесну плянуюцца канцэрты кожнага зь фіналістаў «Засьпявай-5» пры падтрымцы вядомых выканаўцаў і гала-канцэрт, на якім будзе абвешчаны пераможца конкурсу. Ён атрымае 1500 BYN на рэалізацыю сваіх творчых задумаў.

TuzinFM, відэа Аляксея Сіпачова