!OUT: Camerata паміж небам і зямлёй (відэа)
6057 / 0
09.01.2014

!OUT: Camerata паміж небам і зямлёй (відэа)

Агляд фантастычнага альбому Camerata ад Віктара Сямашкі. Вакальны сэптэт прапанаваў захапляльнае падарожжа па Эўропе, на Блізкі Ўсход і Афрыку, але Беларусь — перадусім.

«Увага: у працэсе запісу не ужываліся музычныя інструмэнты!» — такая пазнака стаіць на новым альбоме Camerata «Паміж небам і зямлёй». Выдадзены ён быў амаль год таму, але застаўся не заўважаным прэсай. Зрэшты, і буйных прэзэнтацыяў кружэлкі ня ладзілася. Нават у крамах гэты альбом не набудзеш. Тое магчыма толькі на канцэртах групы альбо на Amazon.

ГОЛЫ ГОЛАС

Гэтым разам вакальны сэптэт прапанаваў захапляльнае падарожжа па Эўропе, на Блізкі Ўсход і Афрыку, але Беларусь — перадусім. Большая частка кампазыцыяў натхнёная нашым фальклёрам. Вакалісты Camerata могуць ня толькі замяняць сабой любыя музычныя інструмэнты, але і прайграваць галасамі розныя мовы і мэтэазьявы. Бываюць канцэрты, дзе Camerata ўвогуле не выкарыстоўвае ніякае апаратуры і гучыць пры тым ня менш пераканаўча. Гэта чысты імпрэсіянізм, музыка ўражаньняў. Цягам 27 гадоў існаваньня чальцы гурту захавалі дзіцячае ўспрыйманьне сьвету. Яны нібыта азіраюцца навокал з шырока расплюшчанымі вачыма.   

АД АЎТАРА

Практычна ўвесь матэрыял, прадстаўлены на дыску, створаны адной з вакалістак Camerata Вольгай Вераб’ёвай. На яе думку, «гэты альбом адрозьніваецца ад ранейшых тым, што ён стаіць бліжэй да world-music». «Усё, што мы недзе чулі, бачылі, адразу трапляе ў партытуру. Цікава рабіць нешта сваё, тое што ніхто ня вынайшаў у жанры a capella. Пры гэтым беларуская аўтэнтыка застаеца для нас вельмі багатай крыніцай. Тым больш, што я сама беларуска да мозгу касьцей. Мы ўсе любім Беларусь, таму хочацца пісаць для яе і пра яе», — прызнаецца Вольга.

ТРЭК-ЛІСТ

На новай кружэлцы Camerata ўсяго 6 трэкаў. Але кожны зь іх — асобная драматургічная п’еса. «Дударыкі»: калядная тэма з элемэнтамі лаціны. «Сьпёка»: вынік падарожжа ў Іран. Жаночая частка Camerata выступала ў Тэгеране ў хіджабах, адмыслова набытых амбасадай Беларусі. Кожны канцэрт перапыняўся на малітву. У творы можна пачуць цэлы арсэнал арабскіх інструмэнтаў — ударных, струнных і духавых, натуральна імітаваных галасамі. «Паміж небам і зямлёй»: у цэнтры альбома — міталягічна-касмаганічная тэма. Раней яна было запісаная з «чароўным трусікам» Юрам Дземідовічам. У п’есе выразна гучыць нібыта велікодны сьпеў, хаця вядома, што Camerata ніколі не выкарыстоўвае прамых цытатаў з фальклёру. «Вышэй золата»: гэтым нумарам, даволі хуліганскім для філярманічнага калектыву, Camerata любіць завяршаць свае канцэрты. Песьня зробленая ў духу амэрыканскага стадыённага року 1980-х. «Казка»: зусім новы твор, патэнцыйны шлягер, які на канцэртах яшчэ мала хто чуў. «Афра»: як лічыць аўтар Аляксандар Доўнар, на зьмену арыентальнаму ў сучасную музыку прыйшоў афрыканскі трэнд. Кампазыцыя вельмі спадабалася расейскаму вальтарністу Аркадыю Шыльклёпэру — яго асабліва зацікавіў тэкст (на псэўдаафрыканскай мове). Між іншым, Camerata мусіла сёлета гастраляваць па Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Але тур адмяніўся з-за афіцыйнага візыту Пуціна ў гэтую краіну. 

РУХ БЯЗЬ МЕЖАЎ

Camerata цягам свайго існаваньня пастаянна вандруе «паміж небам і зямлёй», а таксама паміж беларускай глыбінкай і краінамі сьвету, і паўсюль іх прымаюць аднолькава — на ўра. Яшчэ напрыканцы 80-х група мела гастролі ў Злучаных Штатах. Іх творы пастаянна ўдасканальваюцца. Не забывайма, што на сцэне кожная кампазыцыя набывае яшчэ і плястычнае вырашэньне — вакалісты Camerata ў літаральным сэнсе ніколі не стаяць на месцы. Партытурамі Вараб’ёвай і Доўнара рэгулярна цікавяцца замежнікі. Іх беларускамоўныя кампазыцыі выконваюць хоры з Масквы і Нямеччыны. Уражвае, што ніхто з удзельнікаў Camerata ня мае ня тое, што кампазытарскае, але нават вакальнае адукацыі. Праўда, у некаторых маецца харавая.

ВОКА БОГА

Заўважым, што вокладку альбома «Паміж небам і зямлёй» аздабляе здымак, зроблены тэлескопам НАСА — ён зафіксаваў так званую Туманнасьць Смаўжа ў сузор’і Вадалея, больш вядомую як Вока Бога. Тая Туманнасьць напраўду нагадвае вялізнае вока і цалкам пасуе да зьместу альбома, дзе космас можна адшукаць у самым дробным элемэнце.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Тэгi: