Mihal Music Live. Аўдыёрэліз памяці Міхала Анемпадыстава
3945 / 0
23.01.2019

Mihal Music Live. Аўдыёрэліз памяці Міхала Анемпадыстава

На гадавіну сьмерці рок-паэта Міхала Анемпадыстава на TuzinFM прэзэнтуецца аўдыёрэліз, у які ўвайшлі песьні на ягоныя словы ў выкананьні Лявона Вольскага, Касі Камоцкай і Зьмітра Вайцюшкевіча.

Гэты запіс рабіўся ў абставінах вялікага шоку. На чацьверты дзень, калі Міхал Анемпадыстаў пайшоў у іншы сьвет. І мы не маглі не адгукнуцца на ягоны сыход. Быў дадатковы, трэці запар здымачны дзень на пляцоўцы Belsat Music Live. Вядома ж, не заплянаваны загадзя. Падавалася, што ўся каманда мелася быць змучанай дарэшты. Але нейкая незвычайная энэргетыка адчувалася ў гэты дзень. Як сказаў нехта з нашае каманды, было такое адчуваньне, што Міхал недзе тут побач, назірае за працэсам, па-свойму ўсьміхаецца і надае нам сілы. Кожны з удзельнікаў здымак тады зрабіў проста неверагоднае, каб запіс адбыўся на належным узроўні і своечасова пабачыў сьвет.

За сем гадзінаў у студыі тады былі запісаныя ўжывую 7 песень. Частка зь іх яшчэ не гучала ў электрычнасьці ў гэтым стагодзьдзі. Вялікую ролю сыграў прафэсіяналізм музыкаў гурта Лявона Вольскага — Алеся-Францішка Мышкевіча і Паўла Трыпуця, да іх далучыліся Міхаіл Пенда і Канстанцін Гарачы. Літаральна за двое сутак яны развучылі ўвесь матэрыял, так што кожная песьня прагучала ў поўным гуку. Выдатна спрацавалі, нягледзячы на абставіны і сумную нагоду, і самі выканаўцы. Запіс і зьвядзеньне зрабіў Андрэй Акатаў.

Гэты запіс прысьвячаецца памяці выдатнага чалавека і таленавітага творцы. Вечная памяць.

Відэавэрсія Mihal Music Live

Cяргей Будкін, TuzinFM