Ян Жанчак у #BML. Сьпявак, якому заля пляскала стоячы (поўнае відэа)
У студыі аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live артыст зь яскравым вакалам і захапляльнай біяграфіяй — Ян Жанчак.
Ян на вялікай сцэне — з самага дзяцінства. Ён браў удзел у пастаноўках фольк-тэатру «Госьціца», якім кіравала ягоная маці Ларыса Сімаковіч. З 16 гадоў Ян сьпявае ў складзе самых разнастайных са стылістыкі гуртоў. Юнаком яго запрасіў у «Песьняры» Леанід Барткевіч. «Пагоні» ў ягоным выкананьні заля філярмоніі пляскала стоячы. Музыка мае арт-рокавы гурт In Search For, саліруе ў пастаноўках Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, а цяпер шчыльна заняўся сваім сольным праектам Yann Zhanchak, які прэзэнтуе ў студыі Belsat Music Live. У размове зь вядоўцаю Мірай Шульц музыка патлумачыць чаму адмовіўся ад удзелу ў фінале буйнога расейскага конкурсу, падзеліцца досьведам працы ў Бахрэйне і ўдзелам у конкурсе «Эўравізія».
Песьні, якія гучаць у праграме:
«Вясна»
(музыка і словы народныя)
«Музыка супраць вайны»
(музыка Яна Жанчака, словы Паўла Макеева)
«Дзіўны сон»
(музыка Яна Жанчака, словы народныя)
«Memories»
(музыка Яна Жанчака, словы Юрыя Мантачыка)
«Успаміны»
(музыка Яна Жанчака, словы Барыса Жанчака)
Госьцем наступнага выданьня будзе вядучы джазавы калектыў краіны — Apple Tea. Прэм’ера праграмы адбудзецца ў суботу, 27 красавіка ў 21:15 па беларускім часе на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат Музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё зь мінулых праграмаў можна знайсьці ў афіцыйных суполках праграмы Укантакце/Facebook/Instagram.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ