Змушаны тузін Стася Карпава (аўдыё)
Блогер, паэт і дызайнэр Стась Карпаў паслухаў усе песьні сэзону на «Тузіне» ды падзяліўся сваімі ўражаньнямі.
Прашу рабіць зьніжку. Я чалавек немузычны. І рэдка апошнім часам слухаю музыку.
Блогер — гэта чалавек, які піша пра тое, у чым не разьбіраецца, але ў адрозьненьне ад іншых людзей, маральна гатовы спрачацца, калі яму на гэта ўкажуць.
Чалавекі, бывае, крута пяюць у баракамэры. Але я б такое ня слухаў. Тэкст нагадвае рыбу. Калі чалавек пяе словы, каб пасьля напісаць тэкст. Але напэўна быў дэдлайн і час тэксту так і не настаў.
«Я ў віры тваіх вачэй», угу. «Усё маё каханьне ляціць ад мяне да цябе». Прыкмета фальклёру заключаецца ў тэкставых і архітыповых штампах. Ну лічыце, што гэта такая новая беларуская «Цячэ вада ў ярок». Навошта гэта пець і траціць час — я ня ведаю.
Ну нічога так. Ня ведаю. Таленавітасьць заўсёды вылучаецца нейкай большай канкрэтнасьцю выказваньня. Тут канкрэтнасьці і ўпэўненасьці болей. То бок, людзі больш-менш знаходзяцца ў прытомнасьці, калі пяюць. Але музычка не мая па-шчырасьці.
Калі Ўолт Дыснэй будзе здымаць плаксівы мульцік пра Рагнеду, ці там пра Ефрасіньню, ці там пра Эмілію Плятэр — вось ім гатовы саундтрэк.
Чалавек чота пяе ў баракамеры. Піша дэмку, пасьля займае чаргу да аранжыроўшчыка сьледам за Maximalism. Плаціць болей, вынік цікавей. Усё ок — гэта рынак.
Ну, падкупае жаданьнем быць няпатасным. Засмучае неадпаведнасьць тэксту і музычнай формы. Бачна, што з чалавека рвецца вонкі Віктар Цой, які хоча пець пра перамены і ня хоча пра заяўленыя напачатку сонечныя зайчыкі. А мне вось хацелася б болей пра зайчыкаў і меней Віктара Цоя. Дайце чалавеку спакойна пакурыць.
Мэлёдыя пройгрышу «дзеда барадзеда» на пачатку проста зфальшыўлена. А там ня так шмат месца, каб падабасрацца. Далей ідзе сумесь недаробленага «КальЯна» з Горадні і раньняга Міхалка.
У новым альбоме Вольскага ёсьць, напрыклад, піз…ацейшая, неверагодная песьня «Хай». Яе я слухаў разоў 100. Гэтую не пераслухоўваю, бо 15 гадоў таму я ўжо слухаў песьню «Джала» ягонага ж гурта Zet.
Калі Ўолт Дыснэй здыме саплівы фільм пра валявую перамогу зборнай Беларусі па футбіку над зборнай Люксэмбургу — то вось яму яшчэ адзін гатовы саўндтрэк.
«Горкі парк» і да. Я наогул не зразумеў, пра што песьня.
Разьбітае сэрца пацана — Мая мінуўшчына
Падазраецца, што ў гэтага гурта я нешта такое падобнае чуў. Але мэлёдыя мне спадабалася. Па тэксьце я лепей разумею, калі хлопцы пяюць пра гапарэй і калдырэй:)
Малады і пэрспэктыўны гурт запісаў чарговую песьню ў сваім пазнавальным стылі, да якога я раўнадушны. Але ну норм.
Znich & Rutvica — Ой, над ракою
У народных песьнях я нічога не разумею і палюбіць іх ня надта магу. Піліць над вухам бабкі-плакальшчыцы буйнарабрыстым напільнікам і дубасіць у вядро — штука няновая. Сказаць, што гэта кепска — ня кепска. Проста міма мяне.
Павал Козіч і Ціхан Букраба — Трамвай
Песьні на гатовыя тэксты заўсёды імкнуцца быць джазамі. Ну, таму што можна чота там адной рукой клявісіраваць, другой вадзіць смыком, трэцяй чарнобыльскай рукой расьцягваць струну басовую. Ротам пець нешта чацьвертае. А джаз жа ён такі — ніхто ў ім ніхера не разумее.
Цмокі — Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
І таму гэтая песьня — не выключэньне. Рэдка здараюцца «Як сканаю — душа застанецца» на словы Караткевіча. Часьцей здараецца інакш, вось на словы Багдановіча.
Калі б я быў абазнаны ў музыцы чалавек, падазраю, што мне б не спадабалася. А так проста ніякіх эмоцыяў.
Akute як Akute. Нармальная музыка, якую я ніколі не ўзгадаю, пасьля таго як адзін раз паслухаю.
Я разумею, што усім хочацца мець уласны стыль, уласны голас. А гуртоў жа ў сьвеце тышчы і тышчы і ўсе галасы занятыя, засталіся галасы з дэфэктамі дыкцыі. У прынцыпе — няма нічога ганебнага ў стылістыцы пасьляінсультнай расьпеўкі. Але я б пашукаў яшчэ. Музыка неблагая па-мойму, хоць і нуднавата крыху. Мне не хапае нейкага акцэнту.
Неблагая папса, хаця і архаічная, як па мне. Калі б пелася па-расейску, магла б заняць сваё пачэснае месца на танцпляцоўках найлепшых піянэрскіх лягераў. Але за мову, натуральна, рэспэкт усім. Ахвярнасьць — гэта ўсё, што мы можам.
«скора надыдуць ліхія гады іх будзе пяцьдзесят два»
«там сьвятаў няма і праўды няма».
Карацей, «работы нету, денег нету»
Сумесь «Дай дарогу» і БГ. Прыкольна, але непрыкольна.
Вось так выглядае шлягер. Так пішацца і пяецца шлягер. Калі хто не ведаў — ведайце. «Славянскі базар», закрыцьцё, усе трымаюцца за рукі, мужыкі на першых шэрагах расшпільваюць гузікі на сынтэтычных кашулях і засоўваюць у кішэні гальштукі. Іх дамы прытопваюць. У праходы цягнуцца дзяўчынкі з кветкамі.
Слухаю песьні адну за адной. Сілы на ісходе. Кгаваточат ганы. Наперадзе яшчэ 23 песьні. Больш нічога сказаць не магу.
Спадзяваўся. Верыў. Але, ну… Ну такі музычны сэанс самаматывацыі. Э-ге-гей! Нешта ў гэтым ёсьць, нечага няма.
Калі б знакаміты японскі пісьменьнік Харугвы Збуракамі пеў бы па-беларуску, але так жа любіў бы дэманстраваць сваю незвычайнасьць і ўсебаковую дасьведчанасьць — ён бы мог бы сьпець бы нешта бы такое:). У цэлым — бадзёранька. Кафель-фалафель. Авантура-арматура.
Алег Хаменка («Палац») & Apple Tea — Кола грукатала
Сам па сабе хаменкаўскі гіт (праўда гіт) гучыць крута, але ў гэтым тандэме падобны да мэтахондрыі, якую парабаціла клетка, каб атрымаць болей энергіі.
Уладзімер Пугач (J:Морс) & Apple Tea — Маё сонца
Плюс адна пагоршаная песьня. Ідзем далей.
І яшчэ адна.
Naviband & Apple Tea — Гісторыя майго жыцьця
Мяне хапіла на 19 сэкундаў.
Паша Трабл (Dzieciuki) & Apple Tea — Частуханы
Песьню выратаваў унутраны чмель Рымскага-Корсакава.
«Разьбітае сэрца пацана» & Apple Tea — Культавы
Не было каму выратаваць песьню, ну вось і.
Таму я прапусціў усё да песьні нумар 34.
Энэргія і патас. Я ў дзясятай клясе сам такім быў.
Да тонкага ходу ў мяне ёсьць маленькі сэнтымэнт. Як чалавек музычна непісьменны, я разумею, што мне гэты гурт падабаецца, але я ня ведаю, чаму.
Маргарыта Ляўчук — Гісторыя каханьня
Гэта такі гішпанскі раманс, пад які без бухла я б афігенна спаў бы ў лесе каля вогнішча. А з бухлом бы, напрыклад, шэптам казаў які-небудзь тост.
Музыка, напэўна, неблагая? На 37-м трэку я проста страціў арыенціры і таму хутчэй пытаю, чым сьцьвярджаю. Але як чалавек, які любіць словы, я адкалупваю крывавую корку з вушэй і пераходжу да наступнага трэку.
Лайк за іранічнасьць.
Дубравушка. Дубравушка. Бум-бум. Дубравушку можна слухаць. Чым яна адрозьніваецца ад іншых дубравушак? Ну, тым жа, чым расейская бярозушка ад іншых бярозушак.
Усю гэтую песьню можна адгадаць з трох нот, ні разу дагэтуль не чуўшы. У сэнсе, слухаеш тры ноты, а далей ты пяеш усю песьню.І ня бачыш вашых рук.
Падкупіла назва гурта. Чакаў песьні пра сківіцу гітлера. Пачуў пра тое, што:
«расплываецца па венам
Як кроў
Мая любоў»
і
«вечарам я паслухаю
Голас твой у галаве. Э-э-э-э»
Можна сказаць — не расчараваўся.
Да бардаўскай музыкі свой падыход. Але, напрыклад, «праплывае месяц май» — гэта не алё, бо ясна, што праплывае ня Май Вольфавіч Данцыг. Шалкевіч, натуральна, харызматычны і ўсё такое, але мне песьня не спадабалася.
Camerata — Паміж небам і зямлёй
Што я думаю? Я думаю, уііі, няняня, омммном, трумтам, пом-тэм-тун, няняня, уы,уы, уя!!!
Нармальная музыка для модных салёнаў модных беларускіх брэндаў.
Нядаўна паслухаў цэлы альбом Пукста. Пукст — гэта чалавек, які таксама пяе ў баракамэры, але ён пасьля не вязе дэмку ў аранжыроўку. Ён не зьбіраецца выходзіць з баракамэры. Ён пяе для баракамэры і пра баракамэру. Ён наогул ня ведае, што за сьценкамі ягонай баракамэры існуе жыцьцё. Ён прыўкрасны.
Ствараю свой рэйтынг проста таму, што мне так загадалі. А так — я б ня стаў.
Стась Карпаў, для TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ