Cяргей Будкін у інтэрвію TUT.BY: «Мы маем усё, што трэба, толькі пра гэта ня ведаем»
2695 / 0
14.08.2019

Cяргей Будкін у інтэрвію TUT.BY: «Мы маем усё, што трэба, толькі пра гэта ня ведаем»

Кіраўнік TuzinFM у вялікім інтэрвію парталу Tut.by паразважаў пра стан і пэрспэктывы беларускай музыкі. Галоўныя тэзісы і развагі, якія не ўвайшлі ў асноўны тэкст.

Пра стан беларускай музыкі

У нас багата выдатнай музыкі на любы густ, толькі пра гэта мала хто ведае. Праблема ў тым, што наша публіка ў асноўным знаходзіцца ва ўплыве расейскага інфармацыйнага поля, таму калі да яе і даходзіць беларуская музыка, то толькі пасьля таго, як яна прабілася на Ўсходзе. Паколькі вялікай колькасьці беларускіх артыстаў няма чаго рабіць у Расеі з розных прычынаў, то яны і застаюцца невядомымі для большай часткі беларусаў. Цікава пры гэтым, што посьпех на Захадзе роўным лікам нічога ня значыць і часта гэта аніяк не канвэртуецца тут ў сабраныя залі і, тым больш, у продажы трэкаў і альбомаў.

На жаль, айчынныя сайты нячаста пішуць пра беларускую музыку. Бо пішуць пра тых, пра каго чытаюць. А чытаюць пра тых, пра каго ведаюць. А ведаюць пра тых, хто актыўна прысутнічае ў расейскім інфармацыйным полі. Кола замыкаецца.

Таму беларуская музыка існуе ня дзякуючы, а насуперак. І можна толькі ўявіць якога маштабу патэнцыял яна мае, калі прабіваецца праз асфальт ды разьвіваецца нават у такіх неспрыяльных умовах.

Надзея Кучар перамагла ў конкурсе BBC Cardiff Singer of the World, фактычна яе прызналі найлепшай опернай спявачкай у сьвеце.

Пра апошнія тэндэнцыі

Цана музыкі, сыгранай ужывую, імкнецца да нуля — бо гэта складана і дорага. Лягчэй — авалодаць некалькімі праграмамі на кампутары, спампаваць дармовы біт, начытаць у падабенства мікрафона, адцюніць пасьля голас ды заліць у сацсеткі. Галоўнае — каб было што начытваць-напяваць.

І тут ёсьць праблема — нізкай якасьці аўтарскія тэксты, на ўзроўні проста пісьменнасьці нават, ня кажучы ўжо пра аднамернасьць. У сытуацыі зь беларускай мовай наогул усё трагічна, бо калі тэксты і пішуцца, то яны на вельмі прымітыўным узроўні, з масай сэнсавых і стылістычных памылак, набраныя як правіла расейскай раскладкай. У маладых выканаўцаў не хапае беларускай лексыкі, каб выказаць думку.

Менскі гурт «Молчат дома» стаў зьяваю ў сусветным пост-панку, іх альбом увайшоў у 15-ку найлепшых дыскаў свайго стылю ў свеце на post-punk.com, яны пасьпяхова выступаюць з канцэртамі ў Эўропе

Пра айчынны музычны рынак

Беларускі музычны рынак мае патэнцыял. Адзінае што трэба — разумна ім распарадзіцца. Каб усё запрацавала патрэбны комплекс розных мераў. Мусяць быць праграмы па падтрымцы маладых музыкаў, гукарэжысэраў, прамоўтэраў, падаткавыя палёгкі для тых, хто рухае сваю культуру, бонусы і заманухі, для тых, хто хоча ў гэтай сфэры працаваць. Як тое зрабіць можна паглядзець на прыкладзе Ўкраіны і балтыйскіх краінаў. Першы крок відавочны — пазбаўленьне ад расейскага інфармацыйнага ўплыву і падтрымка сваіх культурных герояў. І — што вельмі істотна — гэтым працэсам мусяць кіраваць і рэалізоўваць яго людзі новага пакаленьня, цалкам свабодныя. І такія людзі ёсьць, але дзяржава іх трактуе як чужых.

Фэнтазі-фольк-гурт Irdorath знайшоў сябе ў Эўропе, актыўна прасоўваецца, у прыватнасьці, у Нямеччыне, дзе выдае альбомы ды выступае на буйных фэстах

Пра посьпех беларусаў у сусьветным шоў-бізе

Паколькі беларускага музычнага рынку, як стройна адбудаванай сыстэмы, якая бы інтэгравалася ў сусьветны шоў-біз, няма, то няма і прыгожа спакаваных на продаж прадусарскіх праектаў і таленавітых артыстаў, у раскрутку якіх бы ўкладаліся прыстойныя грошы. Затое ёсьць самабытны творчы прадукт, які даходзіць да замежнага слухача зноў жа — ня дзякуючы, а насуперак. З расейскім рынкам усё проста — расейскамоўныя выканаўцы зь Беларусі зь цікавай творчай прапановай проста прысмактваюцца да яго і існуюць фактычна як гастэрбайтэры, якія ўкладаюцца свае глузды і сілы ў чужое дабро. У сытуацыі з Захадам больш складана, бо канкурэнтназдольны прадукт на ангельскай мове «для мас» беларусы з розных прычынаў прапанаваць ня могуць, затое ім ёсьць што сказаць у асобных стылях і гэтае выказваньне для замежнага слухача гучыць сьвежа, цікава і арыгінальна. Пасьпяховыя канцэрты па Эўропе даюць «Молчат дома», Dzieciuki, Irdorath, Ягор Забелаў, геаграфія выступаў Mustelide, этна-трыё «Троіца», «Старога Ольсы», Nuteki наогул уражвае, «Дай дарогу», Nizkiz і Міхалок з сваімі праектамі ў хэдлайнэрах найбуйнейшых украінскіх фэстаў. Здараюцца і прарывы глябальнага маштабу з удзелам беларусаў, як намінацыя на «Грэмі» Антона Мацулевіча, прарыў на сусьветную EDM-сцэну ды-джэя Arston’а, перамога Надзеі Кучар на «BBC Cardiff Singer of the World»…

Ягор Забелаў — зорка акардэонных фэстываляў у Эўропе, ён выступае з сольнымі канцэртамі ў Нямеччыне, Польшчы, Швэцыі і іншых краінах. Таксама ўдзельнічае ў праекце Bobo und Herzfeld бэк-вакалісткі Rammstein Bobo

Чаму N.R.M. ня стаў такім жа папулярным як «Океан Ельзи»

Вольскі, як і Вакарчук — выдатны гітмэйкер і мэлядыст. Толькі Вакарчуку палкі ў колы не ўстаўлялі, ад першай хвалі папулярнасьці яго прымалі на ўсіх узроўнях як нацыяльнага героя. А вось з Вольскім было інакш, ягоны рух істотна запаволілі забаронамі і ігнорам. Ці Вайцюшкевіч і Кульлінковіч, у якіх праз гісторыі з забаронамі рэальна адабралі гадоў 10 творчага жыцьця, а разам з тым нэрваў і грошай. Абставіны моцна ўплываюць на творчасьць і на творцаў, таму ў нас ані гурты, ані іх удзельнікі доўга не жывуць.

Belsat Music Live памяці Аляксандра Кульлінковіча

Ці спрыяе беларуская мова раскрутцы артыста

Безумоўна. Іншая справа, што празь недальнабачную палітыку дзяржавы, у Беларусі так і не нарадзілася пакаленьне, якое б думала і размаўляла па-беларуску. Таму абсалютная большасьць беларускіх музычных праектаў робіцца на расейскай мове. Але падставы для аптымізму ёсьць, бо выканаўцы зь цікавасьцю адгукаюцца на прапанову запісаць трэк па-беларуску.

Беларускамоўны дэбют гурта Nuteki

Чаму ў Беларусі закрываюцца спэцыялізаваныя музычныя выданьні

Таму што беларусы не цікавыя самі сабе. Паколькі няма запыту на сваё, то і спэцыялізаваныя рэсурсы, якія меліся б гэты попыт забясьпечваць, проста захлынаюцца.

Глядзім прыклад Украіны і Літвы. Там любоў да сябе і свайго культурнага прадукту прывіваецца ў рэжыме нон-стоп ад нараджэньня. Таму там у прайм-тайм на ТВ гучаць песьні сваіх выканаўцаў на сваёй мове, іх жа твары на бігбордах і афішах, на вокладках часопісаў, яны ёсьць лідэрамі меркаваньняў. А цяпер уключым беларускае ТВ, зірнем на тумбу з афішамі і паглядзім на вокладкі часопісаў у шапіках…

Этна-трыё «Троіца» - адзіны беларускі гурт, які выступіў на сусьветна вядомым фэсьце Womad

Ці ўплывае «Эўравізія» на беларускую музыку

Для тых, хто цікавіцца музыкай сыстэмна і глыбока, гэты конкурс ня мае аніякай вагі і значнасьці. І ўплыў ягоны на беларускую музыку нулявы. Гэта проста відовішча, калі кожны за чыпсамі і півам можа адчуць сябе экспэртам, зрабіць стаўку і пазаўзець за абранага ўлюбёнца, — як правіла «нашага» (часта «наш» — гэта прадстаўнік Расеі, бо беларусы рэдка там даходзяць да фіналу).

Naviband — адзіныя прадстаўнікі Беларусі на «Эўравізіі», якія сьпявалі па-беларуску

Што рабіць

Глядзець, чытаць, слухаць, купляць і распаўсюджваць сваё.

Наведвайце cайт TuzinFM.by і ягоныя старонкі ў сацсетках (facebook/укантакце). 16 гадоў мы знаёмім слухачоў з навінкамі беларускай музыкі.

Нашыя мэдыйныя праекты «100 найвялікшых беларускіх песень» і «60 найлепшых беларускамоўных песень» могуць стаць пунктам уваходу ў сьвет беларускай музыкі.

Каманда TuzinFM удзельнічае ў рэалізацыі праектаў, якія пакліканыя зьмяніць цяперашнюю сытуацыю да лепшага. Сярод іх:

Тэлепраект Belsat Music Live, які паказвае ўсё багацьце беларускай музычнай сцэны — ад опэры да панку. Падпісвайцеся на Youtube-канал, глядзіце і камэнтуйце.

Конкурс «Засьпявай» прапануе маладым выканаўцам паўдзельнічаць у бясплатнай адукацыйнай сэсіі, стварыць песьні на вершы сучасных беларускіх паэтаў і атрымаць грашовы прыз на рэалізацыю далейшых творчых ідэяў. Хутка стартуе шосты сэзон.

Чытаць інтэрвію Сяргея Будкіна на TUT.BY

TuzinFM