Jazz БССР-1. Верасень 1939-га (+рарытэтныя аўдыё/відэа/фота)
На хвалях «Радыё Рацыя» і на старонках TuzinFM пачынаецца ўнікальны дакумэнтальны сэрыял пра гісторыю беларускага джазу з больш чым сотняй герояў. Першая частка прысьвечаная гукавой палітры Заходняй Беларусі ўвосень 1939-га і першым вядомым на сёньня аўдыёзапісам.
Аўтар цыклю — вядоўца праграмы «Кракатук» на «Радыё Рацыя» і рубрыкі !OUT на TuzinFM Віктар Сямашка вырашыў разьбіць аповед на часавыя адрэзкі, а пачаць перадгісторыяй. Прычым, перадгісторыяй наадварот. Мы штораз будзем адштурхоўвацца ад 1940-га году ў бок пачатку XX стагодзьдзя. У такіх часавых ваганьнях шматкроць абагнём зямную кулю, пагутарым з найстарэйшымі айчыннымі джазмэнамі альбо іх сваякамі, калегамі ці знаёмымі, а таксама з замежнымі дасьледчыкамі, пагартаем пажоўклую прэсу ды біяграфічныя кнігі, раскапаем архіўныя інтэрвію, разьбярэмся, дзе міт, а дзе факт, ды зьдзьмем пыл з грамафонных плытак. Увогуле, у гэтым дакумэнтальным сэрыяле намячаецца пад сотню пэрсанажаў. А, можа, і болей.
Першая сэрыя прысьвечаная гукавой палітры Заходняй Беларусі ўвосень 1939-га. Праграма адкрываецца цытатаю Юльяна Дрэйзіна: «Джаз ёсьць бунт пачуцьцяў супроць душэньня іх». Дэманструюцца самыя першыя запісы Дзяржаўнае джаз-аркестры БССР, песьні да Верасьнёўскае кампаніі ад Джэка Алтаўзэна, выступ Беларускага ансамблю песьні й танца ля драмтэатру ў Беластоку, фрагмэнты гукавых дарожак з даваенных беларускіх фільмаў, кінакронікі ды многае іншае. Расповед суправаджаецца ўспамінамі сьведкаў, камэнтарамі айчынных і замежных дасьледчыкаў і гісторыкаў.
Выкладаем тузін тэзысаў зь першага выпуску.
1. Ненапісаная гісторыя беларускага джазу ўмоўна пачынаецца на сутыку 1939-га і 1940-га, калі ў Беластоку ўзьнікла Дзяржаўная джаз-аркестра БССР — першая афіцыйная й прафэсійная, найбуйнейшая джазавая фармацыя ў Беларусі, якая значнай часткай свайго рэпэртуару адпавядала абранаму музычнаму кірунку. Свой першы запіс Дзяржджаз зрабіў у 1940 годзе падчас здымкаў фільму «Канцэрт-вальс». Гэта складаназлучаная фантазія на тэму «Казак Венскага лесу» Штраўса. У тым жа годзе была зафіксаваная кампазыцыя «Спатканьне».
Дзяржаўная джаз-аркестра БССР падчас здымкаў фільму «Канцэрт-вальс», 1940 год
2. Чаму беларускі джаз узьнік у Беластоку? Роўна 80 гадоў таму 17 верасьня 1939-га Савецкі Саюз далучыўся да падзелу Польшчы згодна з падпісаным наконадні сакрэтным пратаколам зь Нямеччынай. 20 верасьня прадстаўнікі Чырвонае Арміі й Вэрмахту сустрэліся ў палацы Браніцкіх ды ўрачыста паабедалі побач у гатэлі Ritz з нагоды перадачы Беластоку Саветам.
3. У выніку далучэньня Заходняе Беларусі да БССР меркавалася стварыць 6 абласьцей: Беластоцкую, Берасьцейскую, Баранавіцкую, Пінскую, Вялейскую ды Віленскую. Апошняя праіснавала меней за месяц, бо была перадзеная яшчэ незалежнай Летуве. Таму «горад тэкстыльшчыкаў» Беласток вызначылі як палітычны, прамысловы й культурніцкі цэнтар Заходняе Беларусі.
Савецка-нямецкі парад у акупаваным Беластоку, 1939 год
4. Адначасова з канфіскацыяй, нацыяналізацыяй, калектывізацыяй, рэпрэсіямі, арыштамі й вывазам тысячаў мясцовых жыхароў у ГУЛаг (перадусім польскіх афіцэраў, паліцыянтаў ды чыноўнікаў) новая ўлада разгарнула й культработу ў звыклай для сябе манеры. Па-першае, як і колісь у 1920-х гадох у БССР, на тэрыторыі Заходняе Беларусі ўвялі чатырохмоўе: беларуская, расейская, польская, ідыш.
5. Па-другое, Саветы сталі пашыраць у Заходняй Беларусі й клюбную культуру, у пралетарскім сэнсе слова. Да прыкладу, у працоўным клюбе пры шклозаводзе «Нёман» адзін з пакояў абсталявалі для калектыўнага праслухоўваньня радыёперадачаў зь Менску ды Масквы, таксама, як пісала «Советская Белоруссия», «пры клюбе створаныя 2 самадзейныя аркестры, арганізуецца драматычны гурток». На фабрыцы «Ардаль» у Лідзе арганізаваўся гурток духавое музыкі: «Няўпэўнена й пакуль ня ў лад гучыць матыў песьні „Калі заўтра вайна“».
Беласток у верасьні 1939 году. Далучэньне да БССР. Савецкая кінахроніка
6. Па трэцяе, Саветы заняліся тэатрамі. Як піша гісторык польcкае эстрады Дарыюш Міхальскі: «У Беластоку, там, дзе не было прыстойнага тэатру, утварыліся два акторскія калектывы: польскі і габрэйскі». Гарадзенскі тэатар лялек таксама заснавалі акторы-ўцекачы львавянін Уладзіслаў Ярэма і варшавянка Зоф’я Ярэма.
7. Бежанцы пачалі актыўна прыбываць на тэрыторыю Заходняе Беларусі зь верасьня 1939-га й да канца году. У тым ліку музыканты, асабліва тыя, хто засьпеў вайну ў Варшаве (немцы занялі польскую мэтраполію 28 верасьня) і ня меў іншага выйсьця як рухацца на Ўсход. Шлях морам быў заблякаваны. А Варшаву й Беласток, як і цяпер, злучала простая чыгуначная лінія.
Мапа за 26 верасьня 1939 году («Советская Белоруссия», №222)
8. Зразумела, што большасьць з музыкаў былі габрэямі, якія ўжо ведалі, што фашысты гарантавалі ім ліквідацыю. Такім чынам, у Беластоку апынуліся як выканаўцы акадэмічнае музыкі, гэтак і прадстаўнікі эстрады. Прычым, «самая сьмятанка», як кажуць, польскага міжваеннага джазу. І не адныя, а часта зь сем’ямі ды шматлікімі сваякамі. Як піша джазавы дасьледчык Якаў Басін, за кароткі час Беласток стаў перанаселеным. У горадзе зьніклі прадметы першае неабходнасьці.
9. 26 лістапада «Саўбелія» сьведчыла: «У Беластоку, Горадні, Брэст-Літоўску й Пінску выяўлена болей за 500 музычных працаўнікоў — кампазытараў, дырыгентаў, аркестрантаў, салістаў, інструмэнталістаў і вакалістаў. Значная колькасьць музычных працаўнікоў маецца таксама й у астатніх гарадох. У Беластоку, акром сымфанічнае аркестры, створаная духавая аркестра з 36 чалавек, музычная школа, канцэртова-эстрадная група, 5 канцэртова-музычных ансамбляў (для кінатэатраў) ды іншыя».
Дзяржаўная джаз-аркестра БССР, 1944 год (з архіву Л. Халіп)
10. 30 сьнежня 1939 году стала вядома пра стварэньне ў Беластоку Рэспубліканскае джаз-аркестры. 6 студзеня 1940 году «СБ» паведаміла пра зьяўленьне Беластоцкае абласное філярмоніі. У яе склад увайшлі сымфанічная аркестра, хор і джаз-аркестра, ансамбаль беларускае песьні й танцу. Варта заўважыць, што цяперашняя сымфанічная аркестра ў Беластоку вядзе свой адлік толькі з 1954 году, а Падляская опэра й філярмонія ажно з 1974 году. Акром філярмоніі, свае аддзяленьні ў Беластоку ды Баранавічах стварыла Беларускае дзяржаўнае аб’яднаньне эстрады. Пад яе падпарадкаваньнем да 1941 году знаходзілася пара эстрадных аркестраў.
11. Тагачасны кіраўнік Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, на рахунку якога кроў расстраляных літаратараў, лічыўся аматарам джазу ды сабраў разам з рукапісамі сваіх ахвяраў вялікую калекцыю замежных кружэлак. Відавочна, што партыйны кіраўнік хацеў бы мець уласную, дзяржаўную джазавую аркестру. Стымулам стала й тое, што згодна з рашэньнем цэнтральных савецкіх уладаў ад 1936 году ў кожнай рэспубліцы мусіла быць сярод іншага духавая альбо джазавая аркестра зь дзяржаўным статусам. То бок, залічаная ў штат Белдзяржфілярмоніі ды падпарадкаваная ўпраўленьню па справах мастацтваў пры Савеце народных камісараў БССР.
12. Першай у 1938 годзе ў якасьці ўзору паўстала Дзяржаўная джаз-аркестра СССР . Музыку для яе пісаў у тым ліку Дзьмітры Шастаковіч. А як паэт-песеньнік з «Госджазом» супрацоўнічаў Джэк Алтаўзэн, сын ссыльнага зь Віцебшчыны. Высьвятляецца, што першую песьню пра Алесю засьпявалі не «Песьняры», не «Сябры», а менавіта «Госджаз» пад актуальныя падзеі 1939-га.
Наступны выпуск распавядзе пра эстрадных музыкаў-літвакоў у міжваенным Бэрліне.
На загалоўным фота: здымак з газэты «Советская Белоруссия» (№265 за 1939 год) з такім подпісам на мове арыгіналу: «На уроке белорусского языка в школе гор. Дисна, Западная Белоруссия. Фота Ханина (Фотохроника БЕЛТА)».
Праграма «Кракатук» выходзіць на «Беларускім Радыё Рацыя» (98.1 FM — Беласток, Горадня, 99.2 FM — Берасьце, on-line трансьляцыя — racyja.com). Прэм’ера выпуску штосераду ў 20:05 паводле менскага часу, паўтор штонядзелю ў 23:00. Падкасты праграмы разьмяшчаюцца на сэрвісах Mixcloud, Podfm і Racyja.com. За анонсамі можна сачыць у суполках у «Фэйсбуку» і «Ўкантакце».
Віктар Сямашка, TuzinFM
Выдатны матэрыял
Віктар зрабіў неймаверна складаную працу. Першую частку праслухаў не адрываючыся. Брава!
Нізкі паклон Вам, Зьміцер.
КАМЕНТАВАЦЬ