![Культурны супраціў. Галоўнае за тыдзень](/images/4571_news_240x240.jpg)
Культурны супраціў. Галоўнае за тыдзень
Дзеячы і дзяячкі культуры і мастацтва працягваюць падпісваць адкрыты ліст, у якім яны асуджаюць факты парушэння законаў Рэспублікі Беларусь, гвалт над мірнымі грамадзянамі з боку сілавых структур і фальсіфікацыю вынікаў выбараў і патрабуюць спыніць рэпрэсіі, якія ахапілі ўсю краіну, у тым ліку сферу культуры.
На сёння яго падпісала больш за 1500 чалавек, ліст адкрыты да падпісання.
Поўны тэкст ліста і спіс падпісантаў.
Адкрытая заява Беларускага фонда культурнай салідарнасці ў сувязі з запланаванымі канцэртамі ансамбля "Харошкі" на сцэне Купалаўскага тэатра
Мы вельмі заклапочаныя сітуацыяй вакол паважанага і вядомага на ўвесь свет ансамбля "Харошкі", які пагадзіўся выступаць на сцэне Купалаўскага тэатра 15 і 16 кастрычніка. Мы заклікаем удзельнікаў "Харошак" і асабіста Народную артыстку Беларусі Валянціну Гаявую адмовіцца ад гэтага выступу і такім чынам праявіць салідарнасць з купалаўцамі, звольненым дырыжорам свайго калектыву і ўсімі дзеячамі культуры, пацярпелымі з-за сваіх перакананняў.
Затрыманні і суды, дыскрымінацыя, звальненне за погляды
13 кастрычніка , пасля сядзячага пратэсту супрацоўнікаў Акадэміі навук супраць гвалтоўнага разгону акцый пратэсту напярэдадні, затрымалі антраполага Уладзіміра Шыпілу. Ён атрымаў сем сутак арышту.
Паводле словаў супрацоўніка Інстытута гісторыі, кіраўніцтва інстытута і Акадэміі навук не задаволенае акцыямі пратэсту. Навукоўцам пагражаюць, што не працягнуць кантракты.
13 кастрычніка быў затрыманы Раман Абрамчук – гід-перакладчык, пісьменнік і публіцыст, лідэр гурта «Гарадзкі вал». 15 кастрычніка суд прысудзіў Раману 10 сутак.
Жонка Рамана, Лізавета Строцава, распавяла пра ўмовы, у якіх утрымліваецца Раман.
“З ночы аўторка Рома знаходзіцца ў карцары. Карцар аднамесны, зняволеных у ім трое. Без ежы і амаль без вады. У туалеце таксама няма вады. Яны вымушаныя былі спаць на бетоннай падлозе”. У камеры бракуе паветра, праз што Раман страчваў прытомнасць. Ад блізкіх не прынялі перадачу з неабходнымі рэчамі, лінзамі і растворам для іх, хаця ў прысутнасці фельчара кіраўнік ЦІП Акрэсціна даў на гэта дазвол. Пасля затрымання Рамана збівалі: па галаве, па носе. На руках засталіся раны ад будаўнічых сцяжкаў.
Данііл Арыянаў, паэт і літаратурны крытык, 13 кастрычніка ішоў на працу з бел-чырвона-белым сцягам. Як толькі ён зайшоў у рэдакцыю, з боку вуліцы Захарава ў Мінску за ім ўварваліся два чалавекі ў зялёным і затрымалі. 14 кастрычніка суд прызначыў Даніілу 15 сутак арышту.
15 кастрычніка гомельская мастачка Марыя Тульжанкова, якая за тыдзень да гэтага вярнулася пасля навучання ў Польшчы, была пакараная 15 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Спачатку Марыі пагражала крымінальная справа за “масавыя беспарадкі”. Верагодна, яе арышт звязаны з плакатам “Сашы больш не наліваць”, з якім яна выйшла на пратэст.
Шоўмэна і тэлевядоўцу Дзмітрыя Кахно зноў судзілі. За «непадпарадкаванне службовай асобе», якое ён нібыта здзейнісніў 11 верасня, суд даў яму штраф у 675 беларускіх рублёў.
Аляксея Бацюкова, дырэктара машілёўскага Музея гісторыі і найвядомейшага ў Магілёве гісторыка, 16 кастрычніка судзілі за ўдзел у мірных мітынгах і шэсцях у Магілёве за жнівень і верасень. Раніцай суд Ленінскага раёна прысудзіў яму штраф 10 базавых (270 рублёў), а ўвечары суд Кастрычніцкага раёна дадаў яшчэ адзін штраф памерам 13 базавых (351 рубель).
16-гадовую Лізавету Вішняк выклікаюць у Цэнтральны РУУС Менску па адміністратыўнай справе паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Дзяўчына хадзіла на нядзельныя акцыі пратэсту разам з сям’ёй, але позву атрымала толькі яна. Бацькі не выключаюць, што дачка прыцягнула ўвагу міліцыі праз сваю песню, прысвечаную апошнім падзеям у Беларусі.
“Мне вельмі шкада свой народ: колькі нас прыгняталі, колькі забівалі, колькі людзей аддалі сваё жыццё, каб мы проста маглі размаўляць на роднай мове. І вось цяпер адбываюцца такія жахлівыя падзеі толькі таму, што адзін чалавек ухапіўся за ўладу. Я проста не магла заставацца абыякавай і напісала песню. Я ганаруся тым, што раблю”, – распавяла Лізавета belsat.eu.
Дырыжор ансамбля "Харошкі" Іван Ерамеевіч, які падпісаўся пад адкрытым лістом дзеячаў культуры супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў і запісаў відэазварот беларускіх музыкаў, 15 кастрычніка быў звольнены са сваёй пасады. Раней аркестр ансамбля адмовіўся граць на выступах у Купалаўскім тэатры, запланаваных на 15 і 16 кастрычніка.
“Вашае ідэалагічнае меркаванне не супадае з дзяржаўным”, – так Івану Ерамеевічу патлумачылі прычыну звальнення.
Выкладчык Універсітэта культуры Дзмітрый Матуйза, якога звальняюць праз яго грамадзянскую пазіцыю, запісаў відэазварот для студэнтаў.
Да 30 кастрычніка Дзмітрый яшчэ працуе выкладчыкам. Ён ініцыяваў збор подпсіаў пад петыцыяй да кіраўніцтва ўніверсітэта з просьбай працягнуць яму кантракт.
Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арлы, акторы і заснавальнікі гомельскага “Team Theatre”, з 16 кастрычніка звольненыя з Палаца культуры “Беліцкі”, на базе якога працаваў тэатр. Прычына – пасты ў сацыяльных сетках “ТІМ-тэатра”. Андрэй і Алеся займаліся сацыяльнымі праектамі, ставілі інклюзіўныя спектаклі, працавалі з невідушчымі людзьмі, інвалідамі па слыху, людзьмі з ДЦП, стварылі фонд “Разам Тут”. У 2016 годзе у Андрэя і Алесі ўжо быў канфлікт з гомельскімі ідыёлагамі.
“Мы прайшлі ўсё гэта чатыры гады таму і ведаем, чым усё скончыцца. Мы будзем спадзявацца толькі на людзей, якія нас ведаюць, якія за чатыры гады зразумелі, чым мы займаемся і дзеля чаго працуем. Толькі на людзей. На дзяржаву няма ніякага спадзеву. Лапкі складаць не збіраемся,” – кажа Андрэй.
Галасы асобаў
Выпускніца мастацкай вучэльні Вікторыя Багдановіч, якая атрымала 15 сутак за ўдзел у адным з жаночых маршаў, намалявала дэталі побыту ў Баранавіцкім ізалятары №6.
Усе малюнкі з каментарамі мастачкі – у матэрыяле Нашай Нівы.
Шоўмен і вядоўца Дзмітрый Шэпелеў, які цяпер жыве ў Расіі, сябра збітага Максіма Харошына, упершыню выказаўся наконт падзей у Беларусі.
“Два месяцы мае сябры, іх жонкі і дзеці жывуць, азіраючыся па баках, ці не за імі прыйшлі супрацоўнікі ў цывільным. Хаваюцца па падворках, ратуючыся ад пераследу. Хаваюцца ад святла-шумавых гранат. Вызваляюць таварышаў з турмаў. Яны плацяць гэтую цану за новае жыццё ў новай краіне, у Беларусі, якую яны заслугоўваюць, вольную ад страху і дыктатуры”, – напісаў Дзмітрый у сваім Instagram.
Творчы супраціў
У панядзелак 12 кастрычніка музыкі правялі канцэрт у падтрымку незалежных СМІ. На мерапрыемстве выступілі: J: Морс, Паліна Рэспубліка, INTELLIGENCY, Павел Аракялян, Nizkiz.
Штодзённыя дваравыя канцэрты ў падтрымку мікрараёнаў
Салідарнасць міжнароднай супольнасці
Сёлета многія замежныя музыкі стварылі кампазіцыі ў падтрымку беларускага народу, некаторыя з іх сабраныя па спасылцы.
14 кастрычніка Святлана Алексіевіч сустрэлася з Федэральным Прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. У верасні пісьменніца, Нобелеўская лаўрэатка, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра і сябра Каардынацыйнай Рады, выехала ў Германію. Яна прызналася, што не адчувае сябе ў бяспецы дома, але не плануе заставацца ў эміграцыі.
16 кастрычніка Міністр замежных справаў Германіі Гайка Маас сустрэўся са спадарыняй Алексіевіч. Сярод іншага, яны таксама абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы Беларускім ПЭН-цэнтрам
і Беларускім фондам культурнай салідарнасці.
Інфармацыйны партнёр - партал TuzinFM.by
КАМЕНТАВАЦЬ