“Баяцца няма сэнсу”. Клуб “Берлін” ладзіць канцэрты ў падтрымку рэпрэсаваных
1304 / 0
30.10.2020

“Баяцца няма сэнсу”. Клуб “Берлін” ладзіць канцэрты ў падтрымку рэпрэсаваных

Клуб “Берлін” і музыка Аляксандр Памідораў запусцілі праект “Дзікае паляванне”: па пятніцах тут адбываюцца канцэрты, сабраныя срокі з якіх накіроўваюцца рэпрэсаваным беларусам.

30 кастрычніка, у “Берліне” пройдзе канцэрт “Gaudeamus” у падтрымку студэнтаў, адлічаных за палітычныя погляды. Праз тыдзень плануецца вечар “Дарога лютасці” для руху “Аўто 97%” – кіроўцаў, якія падтрымліваюць пратэсты.

Падрабязна пра “Дзікае паляванне” распавёў Павел Юрцэвіч, уладальнік клуба і адзін са стваральнікаў праекта.
 

Пра грошы

Мы адпачатку шукаем пацярпелага, адрасна дастаўляем сродкі. Гэта прасцей тэхнічна, але зусім не проста ў тым сэнсе, што людзі асцярожна ставяцца нават да дапамогі. Гадаюць, ці не засланы ты казачок. Спачатку трэба звязацца з чалавекам, якому “адрасат” давярае.  
 
Першы канцэрт з удзелам Алега Хаменкі, гуртоў “Пьяные Гости”, “Относительности” і “COLDЗИМА” прайшоў 16 кастрычніка пад назвай “23.34”. Гэта нумар артыкула КоАП – самага папулярнага цяпер у Беларусі, па ім прайшлі тысячы людзей. Тады пэўнага адрасата нашай дапамогі яшчэ не было. Ужо ў працэсе падрыхтоўкі мы звязаліся з
валанцёрамі з Жодзіна, яны падказалі: сядзіць зараз на сутках сірата, у яго папросту няма чалавека, які можа зрабіць перадачу. На сабраныя грошы купілі патрэбнае і праз
валанцёраў перадалі.
 
Павел Юрцэвіч і Аляксандр Памідораў з валанцёрамі ў Жодзіна
 
Павел Юрцэвіч і Аляксандр Памідораў з валанцёрамі ў Жодзіна
 
 
Другі дабрачынны канцэрт прайшоў у падтрымку купалаўцаў (гралі РСП, Света Бень, Сяргей Пукст і Арцём Залескі, Міхей Насарогаў – Тузін). Прыйшло чалавек дзвесце самі купалаўцы выступілі. Сабралі 900 рублёў.
 
Мы ніколі не ведаем, колькі людзі заданацяць. Бывае, адкрываеш скрыню – а там ляжыць жалезная дробязь. А бывае, паперка ў сто рублёў. Пры гэтым удаецца нейкі ганарар
заплаціць музыкам. Многія адмаўляюцца, бяруць грошы толькі на таксі – адвезці апаратуру. Але ў мяне такое правіла: любая праца мусіць быць аплочаная. Дабрачыннасць
– гэта калі прыбытак ідзе на дабрачынныя патрэбы. А аплата працы не з’яўляецца прыбыткам, яна ўключаецца ў сабекошт прадукцыі.
 

Пра назву

Спачатку быў варыянт “Вечар у хату”. У прынцыпе, назва добрая, мы доўга за яе трымаліся. А потым слова за слова, давайце пройдземся па класіцы, што-небудзь з
Караткевіча, з “Дзікага палявання”… А потым я падумаў, што, уласна, “Дзікае паляванне” – і ёсць яно. І на нас ідзе дзікае паляванне прывідаў з мінулага, і нам “дико охота”
дапамагчы людзям.
 
 

Пра каманду

Аляксандр Памідораў – твар праекта. Ён, дзякаваць Богу, свой гонар беражэ, і ні ў кога не ўзнікае пытанняў, куды сабраныя грошы пойдуць. Гэта па-першае. Па-другое, ён светлая галава, прыдумаў шмат цікавых штук, якія мы рэалізуем у праекце, і ён, урэшце рэшт, файны вядоўца.
 
Памідораў прывёў у праект СММ-шчыка – свайго былога сукамерніка. Таксама ў праекце мой даўні партнёр Яўген Бялоў. Сяргей Скрыпнічэнка працаваў над візуальнай абгорткай праекта. Такая вось калабарацыя неабыякавых людзей.
 

Пра рэпрэсіі

Баяцца няма сэнсу. Калі ў краіне ўсё будзе кепска, нам усё адно тут не жыць. Клуб закрыюць – нагода знойдзецца. Дык, можа, зрабіць неяк так, каб стала добра?..
 
Я асабіста з рэпрэсіямі не сутыкаўся, але гэта значэння не мае. Я эмпат, калі бачу ролікі пра тое, што адбываецца, гэта, лічы, як бы са мной адбылося. Мне гэтак жа балюча і
кепска.
 
Памідораў у верасні адседзеў суткі. Ён персона медыйная, і яго змясцілі ў камеру, якую па АНТ паказавалі. Прапанавалі поўны спектр паслугаў, так бы мовіць. Відаць, у надзеі, што выйдзе і пакіне добры водгук, не ведаю...
 
Штату нашага клуба троху перапала: сядзелі і былі збітыя двое бармэнаў, тэхнік – яшчэ 9-12 жніўня.
 
Спынімся мы толькі тады, калі ўсё скончыцца. Альбо нас закрыюць – альбо мы даб’емся, чаго хочам. Хаця насамрэч праект можа быць вельмі працяглы: дапамога нам усім яшчэ спатрэбіцца.
 
 
Чыноўнікі ў клубе “Берлін”
(яны ж - купалаўцы Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч) 
 

Аляксандр Памідораў: “Людзі падтрымліваюць адно аднаго, гэта неверагодна”

З аб’ектыўных прычын Аляксандр не змог узяць удзел у размове, але даў каментар:
 
“Неяк у клубе прайшла дабрачынная вечарына, я прымаў удзел у ёй. Узнікла ідэя рабіць нешта падобнае самім. (У верасні былі першыя спробы дабрачанных канцэртаў,
арганізаваныя іншымі людзьмі – TuzinFM.by) Ну а калі я выйшаў з сутак, мы даволі хутка выпрацавалі канцэпцыю. Часам можам і палаяцца, але ўсё ідзе толькі на карысць справе.
 
Людзі падтрымліваюць адно аднаго, і гэта неверагодна. Пакуль праект мае дабрачынна-дапаможную функцыю, і тут поле дзейнасці досыць шырокае. Ён можа ператварыцца ў
нешта яшчэ, мы не абмежаваныя фарматамі і стылямі.
 
А пра рэпрэсіі... Я ўваходзіў у спіс першых забароненых артыстаў, разам з “Крыві”,Зміцерам Вайцюшкевічам, гуртамі Zet, НРМ, “Палац”, Neuro Dubel, Indigo, Drum Ecstasy і, чамусьці, “Крамай”. За ўдзел у дазволеным канцэрце на Бангалоры ў ліпені 2004-га, у дзень сканчэння афіцыйных двух прэзідэнцкіх тэрмінаў (паводле канстытуцыі 1994 года). “Крама” ня ўдзельнічала – яны ўвогуле былі ў іншым горадзе. Indigo таксама не ўдзельнічалі, але іх прыгадаў уласна вусаты. Я і Хаменка страцілі працу, DE былі пазбаўленыя прэсы і супрацоўніцтва на праекце з АНТ. А ў верасні спіс пашырыўся”.
 

Праект у сацыяльных сетках: facebook.com  ці vk.com

 
Размаўляла Наста Грышчук для TuzinFM.by