Dzieciuki: «Крытыкі пройдуцца па нашым альбоме наждаком»
Напярэдадні выхаду дэбютнага альбому «Гарадзенскі гармідар» і вялікага канцэрту ў Re:Public гурт Dzieciuki даў інтэрвію парталу Tuzin.fm.
Яшчэ падчас іх першага вялікага канцэрту стала зразумела, што на беларускай незалежнай сцэне зьявіўся супэргурт. У гэтай камандзе пад агульнай ідэяй і канцэпцыяй аб’ядналіся музыкі з розных знакавых гарадзенскіх гуртоў. Іх першыя песьні з сынглу «Гарадзенскі гармідар» імгненна разьляцеліся па сеціве і сталі гітамі. Музыкі вырашылі ня быць арыгінальнымі ды назвалі свой дэбютны альбом гэтак жа, як сынгл. Вось як гэта тлумачаць самі «Дзецюкі» — вакалісты гурта Алесь Дзянісаў і Павал Трублін ды аўтар песень Дзяніс Жыгавец.
Алесь Дзянісаў: «Эпішка нічым прынцыпова не адрозьніваецца ад альбому, яна была проста папярэдніцай. Усе чатыры песьні, якія былі на ёй прэзэнтаваныя, увайшлі ў альбом. Таму і назву не было сэнсу зьмяняць».
Павал Трублін: «Адразу было вырашана, што альбом будзе мець назву „Гарадзенскі гармідар“, а „эпішка“ з самага пачатку не плянавалася. Так атрымалася, што мы яе запісалі і выкінулі ў сеціва».
Дзяніс Жыгавец: «EP меў на мэце пазнаёміць з зусім новым гуртом. Назва была прыдумана выпадкова, але для альбому яна падыходзіць найлепей. Канцэптуальнай працы не атрымалася, як плянавалася. Мы творчыя людзі, таму ў які бок пёрла — тое і рабілі. Тут вам і гісторыя, і алькаголь са спортам, гастарбайтары і панкі на танках — сапраўдны гармідар!»
Сапраўды, каманда пазыцыянавала сябе ад пачатку, як асьветніцкая фольк-панк брыгада, якая гатовая езьдзіць хоць на край зямлі, каб распавесьці пра невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Але паступова ў рэпэртуары сталі зьяўляцца песьні на іншую тэматыку, а таксама вольныя пераасэнсаваньні некаторых вядомых песень. Іх таксама ўключылі ў альбом. Але ці ёсьць кампазыцыя на дыску, якая б адлюстроўвала яго агульную ідэю ды настрой?
Дзяніс Жыгавец: «Песьні сапраўды розныя. Але я б вылучыў „Мужыцкую праўду“. Усё ж год, у які ішла праца над альбомам — юбілейны, у сэнсе паўстаньня — 150 гадоў. Ды і назва „Дзецюкі“ падвязана да гэтага тэмату».
Алесь Дзянісаў: «Суворыя крытыкі, напэўна, пройдуцца па альбоме наждаком: маўляў, мог бы быць цалкам канцэптуальным, толькі з гістарычнай тэматыкай… А нам ён падабаецца якраз такім, якім атрымаўся!»
Частка музыкаў з складу гурта паралельна занятая ў іншым гарадзенскім праекце — «Людзі на балоце». Бывае нават так, што «ЛнБ» выконваюць на сваіх канцэртах песьні «Дзецюкоў» і наадварот. Калі слухачы вельмі папросяць. Таму часам «Дзецюкоў» называюць электрычным варыянтам «Людзей…». Самі музыкі аспрэчваюць гэтае меркаваньне.
Дзяніс Жыгавец: «Вядома, частка нашага складу лабае і там, і там. Нават на напісаньне некаторых нашых тэкстаў паўплывала натхненьне, што зьявілася пасьля песен «ЛнБ». Але думаю, што пасьля прэзэнтацыі новых праграм абодвух гуртоў — пытаньні будуць зьняты».
Алесь Дзянісаў: «Мне асабіста не зусім падабаюцца ўсе гэтыя параўнаньні і паралелі з існуючымі гуртамі. Зразумела, што новае выдумаць цяпер вельмі складана, але кожны гурт — гэта новы шлях, новае жыцьцё. І хоць частка „дзецюкоў“ грае ў гурце „Людзі на балоце“, але ў музычным пляне мы зусім непадобныя. Тым больш, што „ЛнБ“ зараз рыхтуюць кардынальна іншую праграму. Параўноўваць нашую музыку можна хутчэй зь менскімі гуртамі „Тлушч“ ды „Бостонское чаепитие“ альбо з замежнымі камандамі кшталту The Real McKenzies ці The Rumjacks. Калі казаць пра гістарычную тэматыку, то „ЛнБ“ у гэтым сэнсе яўна ня першыя ў Беларусі. Тады давайце назавем гурт Dzieciuki, напрыклад, панковым варыянтам „Старога Ольсы“? А чаму не? Беларуская гістарычная тэматыка плюс дуда! Логіка для мяне сьмешная, але… Колькі людзей — столькі меркаваньняў!» (сьмяецца)
У альбом «Гарадзенскі гармідар» увайшоў практычна ўвесь матэрыял, які мелі Dzieciuki на момант пачатку працы. Гэта 11 кампазыцыяў. Але два гатовыя творы, якія стала прысутнічалі ў канцэртным трэк-лісьце на дыск ня трапілі. Інструмэнтальную кампазыцыю гурта «Operation Ivy» гарадзенцы не плянавалі зусім уключаць у альбом, а кавэр на песьню Ежы Філаса «Чорны хлеб і гарбата» вырашылі перакінуць на наступны рэліз. Гурт ужо мае матэрыял для новай праграмы, але праца над ім вядзецца марудна. «Ужо хутка год, як мы бадзяемся валацугамі, бо ня маем сталай рэпэтыцыйнай кропкі», — кажа Алесь Дзянісаў.
Зрэшты, на жывых выступах адсутнасьць сталай базы не адбіваецца. Dzieciuki найперш канцэртны гурт, зь неперадавальнай жывой энэргетыкай. Цяпер музыкі рыхтуюцца да свайго вялікага канцэрту-прэзэнтацыі альбому «Гарадзенскі гармідар», які пройдзе ў менскім клюбе Re:Public 22 лютага ў межах праекту «Жывы Тузін», які ладзіць партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі».
22.02.2014. Прэзэнтацыя альбому гурта Dzieciuki «Гарадзенскі гармідар». Пры ўдзеле гуртоў «Тлушч» і Pomidor/off.
Re:Public, Менск, вул. Прытыцкага, 62 (ст. м. Кунцаўшчына). 19:00
Квіткі — 50 000 (танцпляц, папярэдне да 3.02), 70 000 (танцпляц, 3.02—21.02), 90 000 (у дзень), столікі — 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень)
Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY
Шыкоўны канцэрт мае быць!
КАМЕНТАВАЦЬ