Андрусь Такінданг: «Крута мець супольнасьць зь беларускімі музыкамі!»
Кліп гурту Recha на песьню «Горад» другі раз запар прызнаны наведнікамі Tuzin.fm відэа месяца. У Андруся Такінданга гэты факт выклікаў юначую радасьць.
У сакавіку навічок відэачарту «Горад» апярэдзіў на колькі галасоў «Бегчы» гурту Akute, у красавіку выйшаў пераможцам у двубоі з кліпам «Месяц» гурту «Ляпіс Трубяцкі». Лідэр Recha і разам з тым рэжысэр роліку Андрусь Такінданг кажа, што ўсе ўдзельнікі каманды шчыра радуюцца з нагоды перамогі. «Я сам зьяўляюся сталым слухачом беларускай музыкі, таму нават проста знаходжаньне нашага кліпа ў гіт-парадзе выклікае ў мяне юначую радасьць! Крута мець супольнасць з рознымі беларускімі музыкамі!!! Нам трэба зарабляць грошы, пісаць добрыя песьні, здымаць дарагія кліпы, нам трэба ствараць сучасную айчынную культуру! Дзякуй людзі, дзякуй „Тузін“, дзякуй калегі! Жыве Беларусь!»
Андрусь кажа, што кожны з удзельнікаў чарту варты асаблівай падтрымкі. Што да сваіх упадабаньняў, то музыка аддаў свае галасы за «Бегчы» і «Веру, Надзею, Любоў».
Цяпер Recha працуе над сваім студыйным альбомам ды плянуе ўзяцца за здымкі чарговага свайго кліпа. Праўда песьня пакуль не абраная. «Вядуцца творчыя спрэчкі з гэтай нагоды», — тлумачыць лідэр гурту.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ