
!OUT: Рок-легенда Рэчыцы 70-х — Victoria (фота, аўдыё)
Віктар Сямашка пра герояў беларускага андэграўнду гурт Victoria з Рэчыцы. На іх канцэрты публіка выломвала дзьверы, а апошні канцэрт быў спынены міліцыяй.
Гісторыя рок-н-ролу ў Беларусі застаецца маладасьледаванай і несыстэматызаванай. А што тычыцца тэрыторыі па-за Менскай кальцавой — тым больш. Хаця ў 1970-х гадох у правінцыі рок-жыцьцё віравала яшчэ як! Асабліва ў забясьпечаных гарадох, дзе меліся буйныя прадпрыемствы. За заводамі і камбінатамі замацоўваліся Дамы культуры і профільныя вучэльні, на базах якіх і канцэнтраваліся маладыя музыканты.
Напрыклад, Рэчыца. У 70-х мясцовых ВІА можна было налічыць болей за дзесятак. Зь іх каманды рок-н-рольнае скіраванасьці, канечне, складалі меншасьць. Іншыя гралі савецкую эстраду. Акром школьных і ДКшных заляў, зь вясны да восені тутэйшыя гурты выступалі на дзьвюх танцпляцоўках: на старой (над Дняпром) і новай (у парку Перамогі). Апошнюю на доўгі час аблюбаваў неафіцыйны ансамбль №1 «Вікторыя».
HANG-GENERATOR І ШУМАВЫЯ ЭФЭКТЫ
Гурт «Вікторыя» ўтварыўся ў 1971 годзе пры клюбе Заводу мэталічных вырабаў. Дарэчы, арганізатар і лідэр «Вікторыі» Юры Арэшка вучыўся ў той жа музычнай роце ва Ўруччы пад Менскам, што і заснавальнікі «Песьняроў», праўда, трохі пазьней. У склад калектыву ўвайшло 7 маладзёнаў, усім каля 20 гадоў, акром зусім непаўналетняга Юрася Вялічкі.
«Віктарыянцы» самі выраблялі лямпавыя ўзмацняльнікі, удасканальвалі электрагітары, выдумлялі галасавыя і гітарныя эфэкты. Музыкі нават вынайшлі свой ўласны hang-generator — прыбор у выглядзе даўгога грыфу, які выводзіў гукі накшталт сынтэзатара Minimoog і часам разьдзіраў музыкам пальцы ў кроў. Як кажуць сьведкі, на штогадовым фэстывалі «Рэчыцкая лірычная» «Вікторыя» сваім «генэратарам» прымусіла гледачоў уціснуцца ў фатэлі. Акром таго, падчас канцэртаў у некаторых уласных кампазыцыях (як «Трактар») «Вікторыя» выкарыстоўвала загадзя запісаныя шумы: роў рухавіка, шоргат паперы, пераліваньне вады ў шклянку… У патрэбных момантах іх запускаў з пульта гукаапэратар.
Склад «Вікторыі»:
Юры Арэшка — лідэр, вакал;
Уладзімер Картаўцаў — клявішы, труба;
Алік Жалезьнякоў — гітара;
Аляксандар Гаралёў — гітара;
Юры «Малы» Вялічка — бас;
Міхал Рамашкевіч — бубны;
Мікалай Ліпскі — гукаапэратар.
На фота: «Вікторыя» разам з «хэнг-генэратарам»
АД ГЕНСБУРА ДА URIAH HEEP
Рок-н-рольная інфармацыя з замежжа трапляла ў Рэчыцу, як і ў Менск: праз замежныя радыёстанцыі, рэдкія арыгінальныя плыткі і падпольны распаўсюд запісаў на бабінах і флюараграфічных здымках (то бок, «касьцях»). Саматужныя запісы самой «Вікторыі» таксама хадзілі па рукох. Але зробленыя яны былі ня столькі дзеля фіксацыі матэрыялу, колькі як пабочны прадукт рэвэрбэрацыі: эфэкт рэха на выступах здабываўся толькі праз адначасовы запіс граньня.
«Вікторыя» спэцыялізавалася пераважна на замежным рок-н-роле — ня толькі ангельскім ды амэрыканскім, але і вугорскім (Illés, Hungária). Ансамбль рэгулярна выконваў забароненую ў шэрагу эўрапейскіх краінаў «Je T’Aime…» Генсбура, інструмэнтальныя фрагмэнты з рок-опэры Вэбэра «Jesus Christ Superstar», найлепшыя творы Creedence Clearwater Revival і Uriah Heep ва ўласных адаптацыях. Зрэшты, рэпэртуар «Вікторыі» для танцаў і для афіцыйных конкурсаў моцна розьніўся. У парку Перамогі гурт пазьбягаў песьняў з савецкае эстрады, хаця знаходзіўся пад пільным кантролем аддзелу культуры. Часта замежныя рок-гіты прадстаўляліся як песьні савецкіх кампазытараў. Аднойчы музыкаў прымусілі замаляваць на сцэне імя ансамблю, напісанае лацінкай, — Victoria.
На фота: «Вікторыя» ў парку Перамогі, Рэчыца. На пярэднім пляне — А. Гаралёў.
АКУСТЫЧНЫ КАЗЫРОК І «ГОМЕЛЬ ТВ»
Ня дзіва, што паслухаць «Вікторыю» па вечарох у парку Перамогі зьбіралася ці не палова Рэчыцы, а таксама зьяжджаліся аматары зь іншых месцаў. Прыходзіла моладзь, прынамсі, зьнешне падобная да гіпі. Тыя, хто ня мог патрапіць на паркавую танцпляцоўку, назіралі за канцэртам праз мэталічную сетку, што была нацягнутая вакол. Потым, праўда, улады абнесьлі танцпляцоўку вялікімі шчытамі. Але чуваць рок-н-ролы ў выкананьні «Вікторыі» ўсё роўна было далёка ў прыватным сэктары Рэчыцы — адмысловы акустычны казырок па-над сцэнай даваў накіраваны гук. Аднойчы на канцэрце «Вікторыі» быў заўважаны і прадстаўнік менскага андэграўнду Яўген Канавалаў.
У разнастайных конкурсах самадзейнасьці «Вікторыя» ўдзельнічала не па сваёй волі. Тым ня менш, калектыў не аднойчы станавіўся пераможцам. Пасьля аднаго з такіх спаборніцтваў «Вікторыя» трапіла на гомельскую тэлевізію. Запіс трансьляваўся ў этэры, але ў архівах не захаваўся. Візыт на ТВ быў асаблівы і тым, што «Вікторыя» тады выканала свае цалкам аўтарскія песьні, якіх было ня так шмат.
ПРАЗ ВУГОРШЧЫНУ Ў БАНГЛЯДЭШ
Затым «Вікторыя» шмат паезьдзіла з канцэртамі па Беларусі. А ў 1974-м камсамольскія дзеячы Рэчыцы паведамілі музыкантам пра гастролі па Вугоршчыне. У гэтай сувязі ім загадалі пастрыгчыся й апрануць новыя строі. Перад ад’ездам за мяжу ансамбаль зладзіў канцэрт у Доме культуры. Квіткоў не хапіла на ўсіх, таму публіка выламала дзьверы і цалкам акупавала залю.
У Вугоршчыне «Вікторыя» выступала ў некалькіх гарадох. Прычым, у кожным абавязкова наведвала кінатэатар і глядзела адзін і той жа фільм — «Concert for Bangladesh…» Джорджа Гарысана. Рэчычане ўпершыню пабачылі — хай сабе і на экране — сапраўдны рок-канцэрт. Натуральна, што некалькі твораў Гарысана перакачавалі ў іх рэпэртуар.
На фота: «Вікторыя» ў Вугоршчыне. А. Жалезьнякоў, Ю. Арэшка, Ул. Картаўцаў, М. Рамашкевіч, А. Гаралёў
«ДА ЗДРАВСТВУЕТ СОВЕТСКАЯ МИЛИЦИЯ!»
Пасьля візыту ў Вугоршчыну «Вікторыя» праіснавала яшчэ прыкладна два гады. Прычынаў для распаду было шмат: арганізацыйныя складанасьці, сямейныя абставіны, камусьці папросту надакучыла і г. д. Адметна, што апошняя песьня з апошняга канцэрту «Вікторыі» («July Morning» Uriah Heep) была недайграная да канца з-за ўмяшаньня міліцыі. Калі моладзь у знак пашаны стала перад сцэнай на калені, да музыкаў выбег цэлы натоўп міліцыянтаў, якія выдралі ўсе правады і прымусілі «Вікторыю» сысьці, нягледзячы на абурэньне людзей. Мікрафоны, тым ня менш, хутка ўключыліся і зафіксавалі, што адбывалася навокал. Пакуль міліцыя падганяла музыкаў, каб яны хутчэй зьбіраліся, моладзь крычала шчырае «Виктория, не уходи!» ды зьдзеклівае «Да здравствует советская милиция!»
На тытульным фота на галоўнай старонцы зь левага на правы бок: А. Гаралёў, Ю. Арэшка, Ул. Картаўцаў, А. Жалезьнякоў, Л. Цяплушэнка (часова замяняў М. Рамашкевіча), Юры Вялічка.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з архіву Аляксандра Гаралёва
Запісы з канцэртаў «Вікторыі» 1971—1976 гадоў.
КАМЕНТАВАЦЬ